Выбрать главу

Ваш адданы калега

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Таварышу

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

12 лютага 1980

Дарагі таварыш Байфус!

Пасля азнаямлення з Тваёй карэспандэнцыяй з праф. Лёйхтэнтрагерам з Яўрэйскага ўніверсітэта ў Ерусаліме мы даручаем Табе працягваць перапіску. Пры гэтым належыць паказаць вялікую прынцыповую цвёрдасць і паслядоўна прадстаўляць нашыя навукова распрацаваныя і правераныя жыццём пазіцыі. Там, дзе прадстаўляецца магчымасць, трэба таксама адзначаць ролю дзяржавы Ізраіль як фарпосту імперыялізму супроць нашых арабскіх сяброў, якія змагаюцца за сваю свабоду.

З кампетэнтнымі органамі ўзгоднена.

З сацыялістычным прывітаннем

Вюрцнер

кіраўнік галоўнага аддзела,

Міністэрства вышэйшай і прафесійнай школьнай адукацыі

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew University

Jerusalem

Israel

14 лютага 1980

Дарагі, паважаны гер калега!

Ваша сяброўскае пісьмо ад 31 студзеня разам з дадаткам я атрымаў і, з прычыны ўсеагульнай цікавасці да яго зместу, гэтым разам таксама правёў узгадненне з маім калектывам.

Вы пытаецеся, і гэта ўяўляецца мне цэнтральным пунктам Вашага пісьма, чаму я, г. зн. мы тут у нашым інстытуце, ніяк не можам пагадзіцца з думкай пра рэальна існуючага Агасфера, і вы спрабуеце нават, каб запабегчы нашым цяжкасцям, заакцэнтаваць гэтую думку, дадаючы, што вера ў існаванне Вечнага Жыда не азначае веры ў якія-небудзь цуды.

Я хацеў бы прынцыпова запэўніць Вас, што мы ў ГДР наогул не верым у цуды, гэтаксама як і ў духаў, зданяў, анёлаў альбо чарцей. Прызнаць незвычайную доўгажыццёвасць гера Агасфера за факт, азначала б паверыць не толькі ў гэты цуд, але і ў Ісуса, які нібыта наканаваў яўрэю заставацца ў жыцці і вандраваць, не маючы спачыну, пакуль ён, Сын Бога, не вернецца і не ўчыніць суд. Як навуковец, вельмі паважаны гер калега, Вы не можаце не згадзіцца з намі, што падобная тэза беспадстаўная.

Што да Вашага доказнага матэрыялу, які Вы, за што мы Вам шчыра ўдзячныя, прадставілі нам. Тры фота, гэта Вы прызнаяце, даказваюць сама большае тое, што ў Вас ёсць альбо быў чалавек, знешнасць якога аналагічная знешнасці асобы, якая дазволіла зафіксаваць сябе на фоне шавецкай майстэрні.

Медыцынскія заключэнні, якія я дадаткова прад'явіў калектыву ўрачоў Charite, мясцовай універсітэцкай клінікі, гэта што заўгодна толькі не доказ вялікага ўзросту Вашага Агасфера; Вашыя ўласныя, ізраільскія ўрачы даюць яму, як Вы кажаце, не больш за сорак гадоў. Толькі аналіз крыві, лічаць у Charite, гаворыць на карысць Вашага сцверджання, калі не, на што звярнуў маю ўвагу гематолаг прафесар Леапольд Зёнляйн, на карысць толькі магчымасці, бадай, нават верагоднасці таго, што расцэненыя Вамі як важнае сведчанне сляды элементаў у крыві абследаванага маглі быць занесеныя ў арганізм з нейкімі расліннымі рэчывамі і шлюзаваныя праз страўнікава-кішэчны тракт у кроў.

Я пішу Вам пра ўсё гэта не з якогась недаверу да Вашага сябра Агасфера альбо ўвогуле да Вас, дарагі гер калега; маім супрацоўнікам і мне больш важная навуковая доказная сіла Вашых дадзеных, якая ў выпадку з трыма фотаздымкамі і ўрачэбнымі заключэннямі роўная нулю. Вы апынуліся ў становішчы, аналагічным таму, у якім сваім часам апынуўся папа Пій ХІІ, які ў сваёй энцыкліцы «Доказы боскасці ў святле найноўшай прыродазнаўчай навукі» з факту так званага зруху чырвонага колеру ў спектры пазагалактычнай зорнай сістэмы зрабіў выснову аб пра-выбуху, а з гэтага — пра акт тварэння, а пасля і пра самога творцу. Пры гэтым зрух чырвонага колеру не абавязкова павінен азначаць бег зорнай сістэмы ад цэнтра, гэты ўцечны рух, як лічыць прафесар Фройндліх, можа грунтавацца і на страце энергіі. Справа тут, такім чынам, якраз як і ў выпадку са слядамі элементаў у крыві гера Агасфера, у неасветленасці навуковай праблемы, якая, калі б яна ў выніку аказалася важнай, несумненна будзе вырашана чалавекам. Але дыялектычны матэрыялізм адхіляе любыя спробы грунтаваць філасофскія высновы на пакуль што цалкам навукова-спрэчных гіпотэзах.

Зусім іншае, калі гаварыць пра Ваша паведамленне з архіва Высокай Порты, якое я прыняў да ведама з вялікай удзячнасцю. Шкада толькі, што нельга атрымаць фотакопіі рукапісу, бо, як нам вядома, гэты архіў, падобна ватыканскаму, дазваляе рабіць фотакопіі толькі ў выключных выпадках. Быў, значыцца, нехта Агасфер, які быў дарадцам імператара Юліяна Апастаты; у князёў заўсёды было пра што параіцца з разумнымі яўрэямі, як і яўрэяў заўсёды цягнула да князёў. Але ці павінен Агасфер, які ў 364 годзе быў чвартаваны, абавязкова быць ідэнтычны нашаму шаўцу-гандляру з Дарогі Смутку — Віа Далароза?