Тут, вядома ж, самае натуральнае, што герства з рады й герства ад курфюрства ківаюць і мармычуць, і шмат у каго зь іх прыкметнае адчуваньне, што прыстаўлены да іх з вышніх сфэраў ахавальнік-анёл стаіць за сьпінай, заглядвае праз плячо й кажа, кажучы: Тут я, тут, гер Першы Сакратарыус.
Пры такім узьдзеяньні яго слоў ня дзіва, што кандыдат Айцэн ўсё больш і больш натхняецца й апісвае, як добрыя анёлы дакладаюцца дапамогай і ў гасадарцы, падтрымліваючы гешэфты пабожнікаў, і вядуць да добрых удачаў, і ў сем'ях, абараняючы іх і падтрымліваючы ў іх парадак, бо сям'я ж у малым тое самае, што дзяржава ў вялікім. Аднак in summa ўсё гэта, заяўляе ён, толькі ргаерaratio для іх задач на Страшны суд, дзе добрыя анёлы маюць падрыхтаваць судовы вырак Хрыста, служачы там у якасьці асэсараў і аддзяляючы пабожных ад бязбожных, пабожных на правы бок на іх будучае месца праваруч Хрыста, а бязбожнікаў страмотыч уніз у пекла. Таму належыць кожнаму, каб мы ўсхвалялі анёлаў і любілі й асьцерагаліся сустракацца зь імі пры іх благаслаўнай дзейнасьці; пасылаць малітвы да іх — нягожа.
У Айцэна дрыжаць калені. І хоць пры гаварэньні чалавек карыстаецца толькі губамі й языком і горлам і часам рукамі, тым ня меней яму патрэбна вялікая сіла асабліва тады, калі ён хоча, каб яго прамова была адухоўленая; і як што словы кандыдата напоўнены духам пабожнасьці, у гэтым герства экзаменатары й на чале іх доктар Лютэр і магістр Мэланхтон, і ўся астатняя набрыдзь у зале перакананыя, дык Айцэн лічыць, што ўжо ён падвёў іх да добрай кандыцыі, сказаўшы пра Страшны суд і пашанаваньне анёлаў, але як што ў сьвеце ніякае Так ня бывае бязь Не, ніякае Дабро без Благога, дык ён выдае яшчэ сaput, у якім гаворка ідзе пра ліхіх анёлаў, ня так дзеля вучонага герства, якому цалкам удастаткавалася ўжо пачутага, а таму, што ён адчувае, як яно быць павінна. Але калі ён падымае вочы для інсьпірацыі, каб натхніцца, Лёйхтэнтрагера ўжо няма; у полі свайго зроку ён знаходзіць толькі доктара Марцінуса й свайго настаўніка Мэланхтона, абодва поўныя чаканьня, і нікога больш паміж дзьвюх галоў, і яму робіцца страшна й ня ведае, што сказаць, ён ведае толькі, што, хто гаворыць ад чорта, таго чорт і пад'юджвае.
Але тады раптам адчувае, што гэны як рыхтык тут каля яго, гэта ягонае дыханьне, ня больш, і ён бачыць, як збоку на яго глядзіць Лёйхтэнтрагер, якраз як мінулай ночы, калі той на поўны язык заявіў, што ўся тэалёгія — гэта толькі пустая слоўная малатарня. «Angeli mali sunt, — гучыць з Айцэнавых вуснаў, — qui in concreata sapientia et justitia non perseverarunt», і ён ня ведае, ці сапраўды кажа гэта альбо празь яго маўляе нехта іншы, і зьдзіўляецца, што ніхто з герства экзаменатараў не пратэстуе супроць прысутнасьці кагосьці іншага на баку кандыдата, бо такое, увогуле, не практыкуецца, калі не забаронена зусім. Але гаворыць далей пра ліхіх анёлаў, якія не застаюцца ў дадзенай ім мудрасьці й справядлівасьці, а па сваёй волі зьвіхнуліся і ўхіліліся ад Бога й шляхоў праведнасьці й гэтым самым зрабілі сябе закончанымі ворагамі Бога й людзей.
Так шырока, так добра, і доктар Лютэр задаволена пашкрэбвае пашчанку; у яго свой вопыт з усялякімі адпадлымі анёламі, у аднаго зь іх ён папусьціў чарніліцай з атрамантам, але не пацэліў — міма. А ў юнага Айцэна словы так і ніжуцца з вуснаў, гэта як усё адно нейкая апантанасьць, адно за адным пералічвае ён паскудзтвы, якія чыніць ліхі анёл пабожным людцам, як насылае на іх хваробы й паслабляе іх моц і ўводзіць іх у спакусы й пнецца адвярнуць іх ад Бога і ўшчапляе ў іхні розум фальшывыя спадзяваньні; і далей, як ён абыходзіцца з бязбожнікамі, апаноўвае іхнімі целамі й іхнімі душамі й яшчэ пры жыцьці ўсяляк скубе й шчэміць; асабліва кладуць ліхія анёлы вока на сьвятарства, дапускаючы затручвацца ерасьсю і падбухторваючы пабожных клірыкаў да непаслушэнства і ўхіляючы розум мольбітаў у кірсе ад пропаведзі, карацей, перасьледуючы тых, што спрамагаюцца целам і духам дзеля царства Хрыстовага.
Кандыдата Айцэна трасе сьмех, гэты сьмех можа быць ягоны, а можа, і не, бо ён заўважае, як прысутныя герства прапаведнікі й пастары зьлізваюць словы, якімі ён кажа, быццам гэта былі самыя лепшыя прысмакі. У галаву тут жа прыходзяць і іншыя падобныя да герства з гарадзкое рады й з курфюрставай управы, бо што аднаму ў самы раз, тое ў гатоўку й іншым, і вось ён ужо рэверуе-дакладае, як ліхія анёлы роем раяцца сярод начальстваў і як яны парушаюць гармонію ў дзяржаве, падтрымліваючы дысідэнтаў альбо выступаючы сьведкамі на іх баку, як яны йграюць на руку супастату, умушчаючы імпэратру й князям фальшывыя парады альбо разьдзімаючы смуту, псоту й незадаволенасьць сярод паспалітага людзтва.