Выбрать главу

Гэта як нябесная музыка ў вушы службоўцам і герству-радцам, якою пацьвярджалася ім з дасьведчаных вуснаў, што не яны вінаватыя ў сваіх нехлямяжых выбрыках, а нахрапістыя падкопы д'яблавых служак; і калі б усё залежала толькі ад іх, яны з ходу й з радасьцю выдалі б кандыдату «summa cum laude». А таму здаецца, быццам сябар запаўзае яму ўсярэдзіну, аж так шчытненька ён прытуліўся да яго сваім горбам і кульгавай ножкай. І ён голасам, які пранікае ў самога да мозгу, усклікае:

— Але ў ліхіх анёлаў улада куды больш пераважае ўсю чалавечую, бо яна ад Божай сілы непасрэдна й толькі крыху меншая, чым магутнасьць у Бога. І іхні валадар ёсьць анёл Люцыпар, які царуе над ніжнімі сфэрамі й сядзіць на чорным троне, сярод полымя, а другі ёсьць Агасфэр, які хоча зьмяніць сьвет, бо ён думае, што яго можна зьмяніць, як і людзей у ім. І ніхто ня ведае, колькі яшчэ іх тут і ў якім яны вобразе.

І змаўкае. Лютэр, бачыць, увесь нейкі неспакойны зрабіўся; такіх глыбокіх ведаў доктар Марцінус яшчэ не сустракаў, ніхто ня ведае, ад каго яны дасталіся геру кандыдату. А самому Айцэну чым далей тым робіцца ўсё больш несамавіта, апускаецца цемра, як на дварэ, так і ў памяшканьні, і перад самым акном бліскае маланка, і разам зь ёю ўдар грому. Айцэн падае на калені.

І як што ягоны настаўнік Мэланхтон і герства экзаменатары завіхаюцца каля яго, спрабуючы паставіць на ногі, ён раптам заўваже, што яго сябар зьнік і што ён тут адзін сярод доктарства й прафэсуры й іншага багалюбнага герства, і з палёгкай складвае рукі, як на малітву, і кажа далей усім ужо вядомым голасам суха й павучальна:

— Але мы ўсупрацівімся сілам зла, з намі аслона Божая. Хрыстовая будзе перамога над чортам і пахібна-мяцежнымі анёламі, і брамы пекла не адолеюць яе.

Лютэр раптам сьпяшаецца.

— Хацелася б яшчэ паслухаць, як ён прапаведуе, — кажа ён Мэланхтону, і дадае: — Я ж вам казаў, магістр Піліп, яго трэба ўзяць на вока, ён далёка пойдзе.

Разьдзел восьмы. У якім Агасфэр спрабуе выратаваць рабі, а той у адказ настойвае дазволіць яму прайсьці шлях, які ён прапаведуе, да канца

Я ведаю, што ён ведае, як усё павінна ісьці. Нехта прадасьць яго, і нехта абылжэ яго. А тыя прыйдуць зь мячамі й дзідамі й павядуць яго туды, і найвышэйшы першасьвятар будзе дапытваць яго й асуджаць, і перададуць яго рымлянам, і тыя прыб'юць яго цьвікамі да крыжа, і калі ён асьмягне, пададуць яму воцату й жоўці, і ён у страшэнных пакутах памрэ й будзе пахаваны й на трэйці дзень паўстане зь мёртвых і яшчэ трошкі павандруе па гэтай зямлі, пакуль не ўзьнясецца да Бога й ня зойме месца праваруч свайго Бацькі.

І што тады?

Аж так далёка ён ня думае. Ах, рэбэ Ёшуа, небарака сябар, чаму ты не папытаешся калі-колечы, ніводнага разу, пра самае простае, што на руцэ ляжыць: Калі я ўсё сказаў і зрабіў, як сказаў, што ж я перамяніў?

Я стаяў у натоўпе й бачыў, як ён уваходзіць у Ерусалім, седзячы на асьляняці, як і прадказаў прарок, і яго доўгія худыя ногі заграбалі дарожны пыл, пакуль людзі не пачалі кідаць пад ногі яго жывёлы сваю вопратку. І я чуў, як людзі крычалі асанну, і некаторыя называлі яго сынам Давідавым і патрабавалі, каб ён павёў іх, як Давід павёў народ Ізраіля як цар і прарок, і многія беглі сьледам за ім, сярод іх і ўзброеныя, і казалі, блізіцца судны дзень, блізіцца канец іхняга прыгнёту. І я бачыў твар ягоны, і быў над ім як бы сьветлы німб, і адначасова як бы нейкім вэлюмам акрыты, і як бы вялікай журбою. І я ведаў, што ён думаў. Сёньня асанна, думаў ён, а заўтра ўкрыжуюць. А пра тое, што можа легчы на яго, пра тое ён ня думаў. Ён быў, як кола, што коціцца па каляіне.

І быў там нехта, на імя Юда Іскарыёцкі, зямляк рабі з Галілеі, але незвычайна зласьлівы й сярод іншых не заўсёды прыемных вучняў самы непрыемны. Зь ім я й застаў Люцыпара, калі яны сёе-тое абгаворвалі паміж сабою, і пра тое, што грошы вельмі ўпалі ў вартасьці і што яшчэ ўчора каштавала адзін медны грош, сёньня наўрад ці купіш за срэбраны дынар. Гэта, сказаў Юда, гэта хай будзе ягоны клопат; зборы рабі за ягоныя малітвы й прадказаньні й цудадзействы не стаяць больш ані ў якой сувязі з цэнамі на хлеб і мяса; дванаццаць жа вучняў па-ранейшаму хацелі харчавацца з агульнай торбы, якою распараджаўся ён, а тут яшчэ на парозе пасхальная вячэра, якая таксама вымагае на глыток віна.

Пакінь гэта па-за гульнёй, браце, сказаў я Люцыпару, заходзіцца тут пра Бога й пра ўсіх, якія ў Ягоным вобразе бездапаможна поўзаюць і шамшурацца навакол, і ты прыйдзеш з трыццацьцю срэбранікамі.

Ах ты анёлачак, сказаў ён мне тады, ты ўжо добра-такі выцерабіўся з глыбіні, ты ўжо па ўсіх пунктах сапраўдны збаўца чалавецтва. Я ведаю таксама, што нам той тут не патрэбен, шпіцалі высокіх установаў цікуюць за кожным крокам твайго рэбэ Ёшуа й перадаюць кожнае ягонае слова; але чаму нехта, хто ўкладвае ў справу сваё, не павінен зарабіць на гэтым грош-другі? І з гэтым ён павярнуўся да Юды Іскарыёта й сказаў яму: Вось, мой сябар тут думае, што я даю табе дрэнную раду. Дык вось я кажу табе, слухайся свайго настаўніка; калі ён хоча, каб ты здрадзіў яму, дык здрадзь яму, а не, дык не; твой настаўнік ведае, чаго хоча.