Я мог бы сказаць яму, што вось яна й аддзяка, але я хацеў, каб гэта зрабіў сам рабі, бо калі б зрабіў ён гэта, дык яно было б першай азнакай, што ён бароніць сябе. Але рэбэ Ёшуа ўмачыў кавалачак хлеба ў напой з горкіх траў і працягнуў Юду Іскарыёту й сказаў, кажучы: Што робіш, рабі хутка.
Так спраўдзілася слова Люцыпара, які сказаў Юду, так хоча твой настаўнік, каб ты яму здрадзіў, дык здрадзь; і я падумаў, што чую глумлівы сьмех Люцыпара, але яго нідзе ня было відаць; і я адвярнуўся ад рэбэ Ёшуа, бо падумаў, хто здраджвае гэтак самому сабе, той сапраўды прапаў.
Сёньня я пытаюся ў сябе, а ці сапраўды ён здрадзіў сабе? Альбо ж ці не палягае веліч рабі на тым, што ён прайшоў да канца, які бачыў перад сабою? І што было б зь яго, калі б ён не адкінуў ад сябе паняверку, якую я ўнушаў яму?
А Юду Іскарыёта я адвёў убок пасьля трапезы й сказаў яму: З тваіх трыццаці срэбранікаў пакінь мне адзін за тое, што я прамаўчаў, калі Сымон Пётр спытаўся ў мяне.
Разьдзел дзевяты. У якім кандыдат Айцэн спазнае сілу слова, асабліва калі яно скіравана супроць жыдоў
Хто можа быць весялейшы за чалавека, які шчасьліва прайшоў праз выспыты? Ён пачувае сябе так, быццам у яго з сэрца ссыпаўся цэлы мех каменьня, ён радасна галялёкае, ну, хай сабе й не на ўсё горла, але глыбока ў душы, і можа вырваць паўтузіна дрэў, быццам яны тоненькія бадылінкі.
Пры ўсёй палёгцы й ажыўленасьці юны Айцэн, цяпер ужо амаль магістр, ні ў якім разе не забывае, каму запазычыўся на аддзяку: у першую чаргу Богу, ад якога йідзе ўсялякая ласка й мілата, у другую й пры гэтым адразу й шчыльненька за першай свайму сябру Лёйхтэнтрагеру. Богу ён прысьвячае прыгожую малітву, у якую ўкладвае ўсё, што ім рухала да, падчас і ў канцы экзамена, а было тое — вялікі страх, які Бог зьняў зь яго, і пустата ў галаве, якую Бог якраз у патрэбны момант запоўніў найвучонейшымі думкамі, і ўпакоранасьць сэрца, якую даў яму Бог, каб ён правільна ўразіў ёю герства прафэсароў і дактароў унівэрсытэта й на чале ўсіх добрага доктара Марцінуса й магістра Мэланхтона. Да таго ж яшчэ й файны вершык, складзены ім у добрай Лютэравай спохватцы:
Зусім іншае зь ягоным сябрам Гансам. Цуд раптоўнага азарэньня ведамі праз анёльскую прысутнасьць ясна ўказвае на тое, што ён, Ганс, быў прыладай у руках Госпада, параўнальнай толькі з добрымі анёламі, пра якіх ён, добры кандыдат Айцэн, так трапна далажыў на сваім экзамене, бо яны per definitionem ёсьць слугі, пасланцы й прычындалы Бога; праўда, сам Лёйхтэнтрагер выяўляе сабою, хоць крыкам крычы, вельмі малое падабенства з такога роду анёламі. Дык як жа яму аддзячыць? Грашыма? Але торбачка на нацельным паяску моцна схуднела, асабліва пасьля таго, як ён мусіў аплаціць магістарскую бэнц-папойку герства студэнтаў, якія праседжваюць такую самую лаўку, што й ён, тым часам як за вокнамі весела грае сонейка й пяшчотна вышчабечваюцца птушкі, а таксама герства інструкторэс, якія чыталі курс па historia сьвету й правільным законе божым; і ён, мусіць, павінен будзе пазычыць грошай у свайго сябра Ганса на аплату дарогі, калі, вядома, ня ісьці на паклон да жыдоў і ня браць у іх пад высокі чынш ці пад заклад палатна й шэрсьці ў лаўцы дарагога таты, дай яму, Божа, лёгенькага скону й вечнага шчасьця.
— Ганс, — кажа ён, — дарагі Бог, мабыць, задаволіцца малітвай і яму пахвальным вершыкам, але чаго хацецьмецца табе за тое, што пасабляў мне ў маёй патрэбе?
Лёйхтэнтрагер, як што закрычаў першы певень, сонна блямкае павекамі й разглядае юнага Айцэна, які стаіць перад ім у кашулі з голымі лыткамі, і кажа:
— Калі б твая душа была менш каштоўная за душы ўсіх пастараў, што куды ні плюнь — усюды яны, я сказаў бы, што, мусіткі, — яе. Але такіх тузін на грош, яны — як сонная рыба на рынку.
Айцэн пакрыўджаны; несьмяротныя душы добрых хрысьціян, ягоная таксама, не прадмет для такіў ганебных жартаў.
— Я сур'ёзна, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Я й сам ня ведаю, чаго мудохаюся з табою: ты ні герой, які наперадзе адважна парываецца ў бой, ні той, хто мае дар зьбіраць вакол сябе людзей, а думкі твае круцяцца па ўезджаных каляінах; але, можа, менавіта такія й пакліканы ўзьдзейнічаць у часы мізэрнасьці, бо што нам тыя твае Аляксандры й Сакраты, калі нават неба над намі, здаецца, ня вышэй за гэтую вось столь.