Выбрать главу

— Але ж Лютэр — вялікі чалавек, — кажа Айцэн, якому аж у лытках пахаладзела ад такой крамолы.

— Звычайна, твая рацыя, — кажа Лёйхтэнтрагер. — Спачатку ён даў падсрачніка папу, а пасьля расшалопаў, што божы парадак, які высока ўвысі й нізка ўнізе, павінен заставацца. Так была збудавана моцная фартэцыя на кучы гною. Пра што твая казань сёньня раніцай?

— Думаю, пра жыдоў.

Лёйхтэнтрагер прыўстае, пачухвае бародку й выскаляецца.

— Гэта пра таго, хто ў цябе адшпіліў Маргрыт?

— Інстытут прапаведніцтва, — раздражнёна кажа Айцэн, — ад Бога, а гэты твой ад сатаны.

— Ай, звычайна, — кажа Лёйхтэнтрагер, — гэта ты робіш дзеля доктара Лютэра. Наслухаўся, як ён расьпінаўся супроць жыдоў, як бушаваў нядаўна ў доме ў магістра Мэланхтона; рыхтык, як кажа прарок: хто маўляе з вуснаў Госпада, смачна есьць і гладка едзе.

Айцэн злуецца.

— У мяне свае словы ёсьць. — Ён хоча сказаць яшчэ больш; як гэта сябру заскочыла ў галаву высьмейваць яго, але цугляе сваю хэнць, бо думае, што яму яшчэ той спатрэбіцца на казані, як тады перад герствам экзаменатарамі. — Ты ж будзеш каля мяне ў замкавай кірсе? — нерашуча пытаецца.

— Паўль, — кажа Лёйхтэнтрагер, — укінься ў нагавачкі; у цябе лыткі трымцяць, калені пакалоціш.

— Ты ж будзеш? — кажа Айцэн.

— Я нічога не забыўся ў тваёй кірсе, — кажа Лёйхтэнтрагер. — А тое, што будзеш прапаведаваць у сваёй казані, ты й безь мяне скажаш, я ўпэўнены.

— Дык ты што, за жыдоў? — пытаецца Айцэн, успамінаючы й ншага, з кім яго сябар Ганс меў дужа даверлівы абыход тае памятнае ночы.

— Жыды, — кажа Лёйхтэнтрагер, — выклятыя богам. Гэта, прынамсі, нешта, што іх вылучае. А што маюць астатнія народы?

Юны Айцэн, які ахвотна паверыў бы, што Бог клапатліва дбае пра яго й нават паслаў у гэтую юдоль смутку свайго роджанага сына, каб адмыць ад грахоў персанальна яго, палохаецца ад думкі, што таму, угары, можа, і праўда на ўсё напляваць, як намякае Лёйхтэнтрагер. Але не, калі ўжо не яго сябар Лёйхтэнтрагер, дык сам Бог будзе на ягоным баку, калі ён цяпер пойдзе, апранецца, пасёрбае мучное затаўкі, а пасьля з годнасьцю, якую з гэтага часу павінен будзе паказваць усюды, пройдзе ў замкавую кірху, каб там трымаць ранішнюю казань перад багавейнымі й крытычнымі вушамі доктара Марцінуса й настаўніка Мэланхтона. Не яго ж галава была, калі некалькі дзён таму назад была пустэльняй з напханымі ў яе навукамі, а ягоная галава была галавою ў поўным парадаку, калі апошняе ночы ён ператрос усе кнігі Майсея, шукаючы патрэбных выслоўяў, і знайшоў шмат чаго трапнага, а на патрэбу меў яшчэ й шпаргалік у кішэні, які павінен быў даць яму палёгку на тую крайнасьць, калі палёгкі ня будзе.

Дый раніца такая ясная, калі ён выходзіць у дзьверы, кропелькі расы блішчаць, як дыяманты й каштоўныя камяні, нават вада ў сьцёкавай рыне пасярэдзіне вуліцы люструе ясны божы дзень, і людзі, як і ён, пасьпяшаючы ў дом божы, вітаюць яго так сардэчна, аж ён спадціха нават думае, што якраз сёньня ня можа быць ніякай плягі, і адразу пасьля гэтага сам залікае да парадку, бо чорт спакон веку з тымі, каго апантала гардыня.

Ён добра ведае кірху зь яе высокім сьпічастым дахам, яе брамай, да якое колісь доктар Марцінус прыбіў свае тэзісы; так, думае юны Айцэн, з малога паўстае вялікае; крыху менш за сто фраз, а ўжо Рым скалануты, цьвярдыня антыхрыста. І думае далей, што, калі толькі будзе гаварыць з адвагай, дык і ягонае слова можа магутна паспрыяць на дабро хрысьціянству.

Падымаючыся на катэдру пасьля некалькіх пабожных сьпеваў, калі ўсё ўнізе аціхае й да яго паварочваюцца твары справа й зьлева йі ён апускае галаву ў ціхім благаньні, каб вымаліць дабраславеньне Госпада на ўдачу ягонай казані, каб не стаяў ён тут, як таўкач і заіка, ён успамінае пра многія выпадкі, калі сам сядзеў там унізе ў богабаязнай замілаванасьці, тым часам як тут угары на гэтай катэдры ўзвышаў голас ягоны настаўнік Мэланхтон, а тое часам і сам Лютэр. І ён пачынае:

— Любасныя! Мілата вам і мір у Хрысьце! — І зачытвае тэкст зь эвангэльля: — «А Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі. І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых!» — І пачынае далей зноў ад сябе: — Любасныя! Глядзіце, такое адбывалася больш чым тысяча пяцьсот гадоў таму назад каля дома намесьніка Пілата ў Ерусаліме, і гэта быў адназначна габрэйскі народ, які патрабаваў крыві нашага Госпада й Збаўцы, патрабаваў укрыжаваньня. І гэты народ з такою віною сёньня жыве сярод нас і мае нахабнасьць верыць, што зямлю Ханаан, горад Ерусалім і Божы храм яны атрымалі ад Бога, ды яшчэ й сёньня ня могуць адмовіцца ад сваёй вар'яцкай пыхі ва ўпэўненасьці, што менавіта яны — Божы народ, хоць яны разьбітыя з рымскіх часоў, расьцярушаныя па сьвеце й да асноў сваіх асуджаныя і адкінутыя.