Айцэн падымае вочы й шукае доктара Марцінуса, і бачыць, як той лагодна ківае, бо такія думкі пра жыдоўскі народ якраз патрапляюць яго ўласным. І юны прапаведнік бачыць, што ён пацэліў у самы акурат, і, падмацаваны й падбадзёраны, прамаўляе далей. Як што яны, жыды, кажа ён, гналі нашага Госпада Ісуса з такой вялікай нянавісьцю й не хацелі паверыць, што ў ягонай асобе да іх прыйшоў мэсія, дык з такой самай нянавісьцю яны гналі і ўсіх хрысьціян. Іх яны называлі гоямі і, паколькі ў іхніх вачах мы былі гоямі, а не паўнавартаснымі людзьмі, дык мы ня былі людзьмі высокай, шляхетнай крыві, роду й паходжаньня, як яны, якія вялі свой род ад Абрагама, Сарры, Ісаака й якава, хоць, і гэта асабліва падкрэсьлім, Бог праз сваіх прарокаў закляйміў дзяцей Ізраіля як ліхіх шлюх, бо, як асабліва скардзіўся прарок Ісая, яны, наўзрок выконваючы Божыя запаведзі, насамрэч учынялі толькі ліхату й ідалапаклонства.
Юны прапаведнік адчувае, як яго слова кранае чульлівыя сэрцы парафіянаў і што ня толькі доктар Лютэр, але і ўсе яны ў душы кажуць сабе, што ён мае рацыю, і канец і аман. Гэта ўскрыляе яго, і ён рашае прыналегчы, паднапяцца й падагрэць яшчэ мацней ды кажа:
— Яны з самага малку ўсмакталі ў сябе такую нянавісьць да гояў, што нікому ніякага дзіва няма, калі ў гісторыі ім увальвалі за тое, што яны атручвалі калодзежы й кралі дзяцей, якіх пасьля пратыкалі шылам і расьціналі, як гэта было ў Трэнце й на Белым возеры. Вітаючы нас, хрысьціян, яны знарок перакручваюць словы «ласкава запрашаем — seid willkommen» у «шэд віл ком», што азначае — «шайтан, прыйдзі!» альбо «вось ідзе сатана». Так яны наклікаюць на нас пякельны агонь і ўсякія нягоды. Да таго ж яны называюць Ісуса сынам шлюхі, а ягоную маці шлюхай, якая ў парушэньне шлюбу зрабіла дзіця зь нейкім забеглым кавалём-малатабойцам.
Айцэн пераводзіць дух. Яму лёгка на душы, быццам словы плывуць самі сабою, як тыя катэгорыі анёлаў на экзамене, хоць ва ўсёй замкавай кірсе ані ценю ягонага сябра Лёйхтэнтрагера. Але ён бачыць перад сабою іншага, нахабнага маладога жыда ў брудных ботах, як ён чукае на каленях Маргрыт, і гэта ніяк ня можа быць чортавай замарокай, бо чорту ў кірху дарога заказана, а гэта божая азнака, алюзія божая, і ён прамаўляе далей:
— Чым жа, зрэшты, заслужыліся мы ў жыдоў на жудасны гнеў і зайздрасьць і нянавісьць іхнюю? Мы ж не называем іх шлюхамі, як яны называюць дзеву Марыю, не называем дзяцьмі шлюхі, як яны называюць нашага Госпада Хрыста, мы ня крадзем і не пратыкаем шылам іхніх дзяцей, не атручваем ім ваду, ня прагнем іхняй крыві. Наадварот: мы робім дзеля іх толькі ўсяляк памыснае дабро; яны жывуць з намі ў дамах, пад нашай абаронай і аслонай, карыстаюцца нашымі дарогамі, нашым рынкам, нашымі вуліцамі; князі дазваляюць жыдам браць зь іхніх кашалькоў і скрынак, колькі тыя хочуць, дазваляюць сабе й сваім падданым праз жыдоў займацца ліхвярскім зьдзірствам і смактаць кроў.
З гэтым і падступаецца да таго, што, як ён ведае, ўзрушае ягоную парафію яшчэ больш, чым тое Пілатава ўмываньне рук і поцемкі жыдоўскага роду й нібыта божае выбраньніцтва габрэяў. І тут ужо ён абазнаны няма ладу як і выкладвае — і пра дом свой і пра словы цёткі-спадчынадаўцы ў Аўгсбургу. І ўскрыляе рукі ўгору й крычыць:
— Любасныя! Ці бачыў хто калі з вас, каб жыд працаваў, як працуеце вы ў гарач і ў холад, ад рана да позьняга? Не, гэта, як самі жыды кажуць: мы не працуем, у нас добрыя, леныя дні, праклятыя гоі хай працуюць на нас, а мы мецьмем іхнія грошы; зь імі мы паны, а яны нашыя слугі. Так яны кажуць і гэтым самым сьледуюць свайму закону, як пра тое сказана ў Другім Законе 23:20: «Іншаземцу аддавай у ліхву, а брату твайму не аддавай у ліхву, каб Гасподзь, Бог твой, дабраславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі, на зямлі, у якую ты ідзеш, каб авалодаць ёю». Іх дыханьне сьмярдзіць язычніцкім золатам і срэбрам, бо няма такога другога народу пад сонцам, каб быў прагнейшы й сквапнейшы за іх. І вось я чую, як кажуць, што жыды давалі вялікія грошы князям і панству й тым яны нібыта карысныя. Так, а з чаго яны давалі? З добраў тых самых панстваў і іх падданых, з таго, што ўкрадзена й нарабавана ліхазьдзірствам.
Ён азіраецца вакол і бачыць вочы сваіх слухачоў і як яны прыляпіліся да ягоных вуснаў, і заўважае раптам, якая вялікая сіла зыходзіць ад яго, калі ён, вось ён, стаіць на высокай катэдры ўгары й разумее, што сапраўдны прапаведнік павінен казаць толькі слушныя словы, у патрэбны час, каб усе яны падняліся і рушылі й рабілі тое, да чаго ён іх заклікае. І з гэтымі ўзьнёслымі думкамі ў сэрцы ён падводзіць увесь sermon да добрага канца, рупліва падагульняючы, чым дыферэнцыруюцца пракляты жыд і пабожны хрысьціянін.