Выбрать главу

А цяпер, перш чым я перайду да самай важнай часткі майго пісьма, менавіта да кумранскага рукапісу, некалькі дробных адказаў на Вашыя пытанні.

Я цалкам падзяляю Ваша меркаванне, што Агасфер з Кнігі Эстэр не ідэнтычны нашаму даўгажытніку Агасферу; гэта ўжо хоць бы таму, што той не быў яўрэй, і ўся ягоная сувязь з яўрэйствам пралягала выключна праз яго каханую, памянёную Эстэр. Агасфер з Кнігі Эстэр, фактычна афіцыйна званы персідскім царом Артаксэрксам, і менавіта першае ў яго імені, з дадатковым імем Макрашыр, па-нямецку «доўгая рука, даўгарукі» (464–424 да н. э.), які ў вядомым кімонскім мірным дагаворы прызнаў незалежнасць грэцкіх гарадоў у Малой Азіі. Наколькі далёка заходзіў на самой справе Артаксэркс Макрашыр у сваёй дружалюбнасці і жаданні даць яўрэям эксыль, пра гэта нам дае звесткі толькі Кніга Эстэр, а што да гістарычнай надзейнасці асобных кніг Бібліі я маю падобныя да Вашых сумненні; у кожным разе іх трэба разглядаць крытычным вокам.

З Вашым герам д-рам Вільгельмам Якшам, з другога боку, я не зусім згодзен, калі ён сваімі, вядома ж, дабрамыснымі пытаннямі пра недастатковую цікавасць медыяў да майго сябра Агасфера, як і да ягоных рэкламных метадаў спрабуе паставіць пад пытанне фенаменальна працяглую экзістэнцыю гэтага чалавека. Гер Агасфер, а ў гэтым ён запэўніваў мяне неаднаразова, ненавідзіць ўсякі вэрхал вакол сваёй асобы. Гэта заходзіць так далёка, што ён нават не святкуе дня свайго нараджэння, хоць, вядома ж, з улікам пражытых гадоў меў бы поўныя на тое падставы.

А цяпер да ўжо дакляраванага галоўнага пункту, да атаясамлення Агасфера з Ісусам праз фрагмент у Dead Sea Scrolls, на які ў сваім пісьме да Вас ад 19 снежня мінулага года я ўжо звяртаў Вашу ўвагу. Гаворка ідзе пра скрутак 9QRes, раздз. VII, 3 да 21, і VIII, 1 да 12; гэты скрутак цяпер падрыхтаваны да публікацыі, і я паспяшаўся, даводзячы пэўныя мясціны, хай сабе толькі папярэдне і толькі вельмі прыблізна, да адпаведнасці паэтычнаму зместу арыгінала, перакласці на нямецкую мову. 9QRes, дзеля Вашай інфармацыі, азначае, што гэты рукапісны скрутак быў знойдзены ў пячоры № 9 селішча Кумран і атрымаў назву Resurrection, таму што ў ім між іншым ідзе гаворка пра ўваскрэсенне і ўшэсце Настаўніка справядлівасці. Гэта, такім чынам, рукапіс эсхаталагічны, і названы ў ім Настаўнік сравядлівасці, гэтаксама як і адначасова памянёны Князь абшчыны, верагодна, разумеліся людзьмі ў Кумране як постаці месіянскія. Пазначаныя кропачкамі мясціны ў маім перакладзе ўказваюць на пашкоджанні скрутка з пісьмёнамі.

… прыйшоў дзень калі вы прымаеце настаўніка справядлівасьці якому бог абвясьціў таямніцы слоў прарокаў і прывялі яго перад пракуратара які ішоў шляхам жорсткасьці і перад намесніка клікі бэліальса кітэяніна…
… абсьмяяны у пакутах… … прыйшоў час уціску народу ізраіля сярод усіх яго нягодаў ня было такога як гэты. бо гэта апошні час перад распасьціраньнем неба і перад воінствам сьвятла…
… і ідзе ўгору хістаючыся пад цяжарам бэлек крывавы пот сьцякае з падрапанага лоба настаўніка справядлівасьці ўніз па яго твары губы дрыжаць у яго але ён маўчыць на словы кпінаў глухое вуха яго… …але глухі і голас князя ўсяе абшчыны любасных богу… … слухай ізраіль… …ня бойцеся не адступайцеся і не палохайцеся полчышчаў ворага бо перад вамі пойдзе… …узброены мечам бога і шчытом давіда непераможны…
…дастаецца ён да дома дзе дарога заварочвае да гары чарапоў і робіцца круцей… … перад парогам князь абшчыны які там быў ад пачатку тварэньня адзін з сыноў бога зачаты зь сьвятла і духа… … і падступае да яго настаўнік справядлівасьці… …дай мне адпачыць перш чым падымуся…
… пастанавіліся сем штурмавых радоў тыя што бедныя і ўгнечаныя і ў сотні і ў тысячы абшчыны святых саюза і чакаюць клічу… …і на сьцягу напішы народ божы і імёны ізраіля і арона і на твае штандары напішы праўда божая і справядлівасьць божая і гонар божы і суд божы… … бо твая барацьба і праз моц тваёй рукі… … а настаўнік справядлівасьці схіляе галаву і маўчыць тады кажа яму агасфэр здымайся і ідзі адсюль і ідзі тваёй дарогай тут няма месца такому як ты а настаўнік справядлівасьці кажа яму сын чалавечы ідзе як напісана паводле слова прарока а ты застанешся і мяне чакацьмеш пакуль я вярнуся…