Гэта, дарагі калега, мой пераклад часткі скрутка 9QRes, які датычыцца сустрэчы Настаўніка справядлівасці з Князем абшчыны: як вы заўважыце, апошні ў самым важным месцы пазначаны адкрыта імем Агасфер. Пры больш дакладным чытанні Вы далей знойдзеце, гэтае месца сваім рэалізмам адрозніваецца ад рэшты матэрыялу; згодна яму гаворка тут з вялікай верагоднасцю ідзе пра гістарычнае паведамленне аднаго з аўтараў скрутка пра важнае здарэнне. Абшчына Кумрана была толькі адной з многіх юдэйскіх сектаў, якія, падобна іншым дахрысціянскім абшчынам, былі адухоўлены верай у тое, што ўжо апошні час блізкі альбо нават настаў; у Кумране, праўда, чакалі месію ў двух іпастасях альбо, можа, нават верылі ў двух месіяў, аднаго, так сказаць, цывільнага і аднаго ваеннага, як тое яно старое габрэйскае боства мае двайны характар, адзін раз гэта бог помсты і вайны і пасля бог ласкі і любові.
Паколькі вы там у Берліне не верыце ні ў аднаго, ні ў другога, дастаткова будзе любой спекуляцыі пра тое, каторы ж тут на самай справе маецца на ўвазе; наадварот, наконт 9QRes няма ніякіх сумненняў, у ім маюцца вершы, якія амаль даслоўна паўтараюць словы з ІQM, так званага ваеннага скрутка, і з ІQpHab, так званага Абакумавага каментара.
Я спадзяюся, што паслужуся Вам праз гэта паведамленне, і застаюся з найлепшымі вітаннямі
Ваш
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew Univercitу
Jerusalem
Геру
праф. д-ру Dr. h.c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
14 сакавіка 1980
Дарагі таварыш Байфус!
У апошнім пісьме Вам ад праф. Ё. Лёйхтэнтрагера з Ерусаліма маецца пераклад памечанага знакам 9QRes габрэйскага рукапісу. Калі перад намі не фальшыўка, што ў абставінах, якія цяпер склаліся, малаверагодна, дык гаворка тут ідзе пра тыповы прадукт мілітарысцкага духу ізраільскага народу, духу, які дасягнуў свайго цяперашняга апагею ў развіцці сіянісцкага імперыялізму. Варта толькі прачытаць, што там было напісана на «сцягу» Ізраіля, каб пераканацца, на які напрамак гэта ўказвае.
Я даю Табе падумаць, ці Ты, кладучы ў аснову гэтага рукапісу і некаторых іншых тэкстаў, здабыванне якіх прадастаўлена Табе, не павінен быў сабраць і прадставіць матэрыял, у якім Ты ўказаў бы на сувязі паміж рэлігіяй і імперыялістычнымі экспансіянісцкімі памкненнямі, асабліва ў дачыненні да Ізраіля. Я падкрэсліваю Ізраіль, бо падобныя тэндэнцыі праяўляюцца і ў ісламе, якія мы з улікам палітычных мэтаў, што асягаюцца нашымі савецкімі сябрамі і намі, хацелі б пакінуць без увагі.
Калі ты можаш своечасова сабраць і апрацаваць матэрыял, мы маглі б рэалізаваць яго ў наступным годзе на канферэнцыі ў Маскве. Навука перад фактам абвастрэння класавай брацьбы таксама не павінна стаяць убаку, яна павінна заняць партыйную пазіцыю.
З сацыялістычным прывітаннем
Вюрцнер
кіраўнік аддзела
Міністэрства вышэйшай і
праф. школьнай адукацыі
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew Univercity
Jerusalem
Israel
17 сакавіка 1980
Шаноўны гер калега!
Хто б мог падумаць, што з Вашых першых кароткіх заўваг што да фрагмента пра так званага Вечнага Жыда з маёй кнігі «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» можа развіцца такое цікавае і інструктыўнае карэспандаванне, за якім з неаслабнай увагай будзе сачыць і мой калектыў. Я заўсёды трымаўся таго погляду, што навукоўцы нават тады, калі яны светапоглядна моцна дыферэнцыраваныя, могуць паразумецца адзін з адным у вобласці сваіх распрацовак, і з Вашага апошняга пісьма я з задавальненнем убачыў, што тут нам удалося крышачку пахіснуць Вашу пазіцыю.