Выбрать главу

А раніцай, пасьля таго як Лёйхтэнтрагер жартаўліва лёгенька ўшчыкнуў за шчочку юных дочак саборнага прапаведніка, а Айцэн чынна падаў руку дзеве Агнэсе й, атрымаўшы яшчэ па кавалку хлеба й каўбасы ад фраў саборнай прапаведнічыхі на перакуску, абодва зноў выправіліся ў дарогу да Гэльмштэта, дзе герцаг Браўншвайгскі трымаў высокую школу і, трэба думаць, можна знайсьці гасьцініцу з ладным сталом і пачосткай пад добрую духоўную гутарку пра бег падзей у сьвеце; але Айцэн сядзіць у сядле як мех вотруб'я, і ўсё яму баліць, сьпераду, ззаду і ўсярэдзіне. Лёйхтэнтрагеру, таму лепей; той паглядвае на яго збоку, патрухваючы на коніку, і кажа сабе, ах, які ж слабы гэты людскі род, любая нягода пераварочвае яго дагары, і людзі лямантуюць і скуголяць да Бога, як той Ёў, ня верачы ў яго й нават ня маючы даверу да саміх сябе; так і жывуць паводле правілаў і ўстанаўленьняў і лічаць, што іх ім спаслаў Бог, і ліпнуць, трымаюцца за іх, і не заўважаюць, як яно ўсё добрым ладком і парадкам адно за адным коціцца к чортавай матары, князі й духоўнікі спачатку, пасьля пісакі й купцы, а пад канец усе агулам і сполам.

У Гэльмштэце якраз у той дзень кірмаш, паназьбіралася людзей з усіх навакольляў гібель і пропадзь, купляюць і прадаюць, а хто ні тое, ні другое, — проста швэндаюцца разьзявамі. Карціна стракатая, бо кожнае на нешта кудысьці чагосьці пнецца, і ганчары й краўцы, кандытары й каўбасьнікі; гагакаюць гусі, сакараць і лапочуць куры, перш чым ім скручваюць галовы; і паўсюль і наскрозь адно жыды ў сваіх ярмолках, і той нахвальвае табе нейкае сваё старое рызьзё, выдаючы яго за ўбор герцагіні, быка за цельную карову альбо старую недаздохлую кабылу за высакароднага баявога вогіра чыстай арабскай крыві.

Перад гасьцініцай гаспадар выставіў некалькі ўслонаў. Юны Айцэн і ягоны сябар, прывязаўшы коні й напаіўшы іх з карыта, знаходзяць сабе месца, і Айцэн вальготна выцягваецца з куфлем піва ў руцэ, зафундаванага яму Лёйхтэнтрагерам, і глядзіць, як той накройвае сваім прыгожым ножыкам скрылікі каўбасы з дадзенага фраў саборнай прапаведнічыхай на дарогу кавалка, палавіну яму, палавіну сабе, і ўпершыню за гэты дзень адчувае, што жыцьцё мае-такі й свае дадатныя бакі, хай сабе й ня многія, але мае. А яшчэ бачыць далей з правага боку, паблізу кірхі, згрудзіліся людзі, цясьней дзе б то яшчэ дзе; там узьведзена нейкае драўлянае рыштаваньне, а за ім напятае размаляванае палатно з выяваю нашага ўкрыжаванага Госпада Ісуса, з рыжай барадою й чырвонай крывёю на лобе, а побач зь ім абодва шахраі з журботна зьвешанымі галовамі. Мабыць, будзе нейкае прадстаўленьне, думае ён, альбо, можа, там нехта сьпявае й паказвае карціны, і Айцэн ня ведае, ці тое яму сьлед прыбіцца да кампаніі людзей, што там стаяць і чакаюць, ці тое заставацца тут на зручным услоне, як яно й сьлед чалавеку, што ўжо амаль пастар і ў кішэні мае рэкамендацыю з-пад пяра самога доктара Марцінуса; ягоны сябар таксама ня мае ніякіх намераў выпраўляцца на тое прадстаўленьне, магчыма, ён нават зусім і не заўважыў, што тут павінна разыграцца.

Але вось каля кірхі ўсё аціхае. І нават рыначны шум ужо чуецца як бы праз тоўстае палатно.

На драўляным рыштаваньні стаіць жанчына, на ёй зялёныя шаравары, як на карцінах з Турцыі, бачаных ім у кнігах, і чырвоная вышываная камізэля паўзьверх белай кашулі, а на галаве нейкі блакітны турбан з бліскучаю зашчапкаю, з-пад якое ў паветра вылазіць белы касмач валасоў. Твар у яе густа расфарбаваны, хто там ведае, што ў яе пад шмінкаю, можа маршчыністая старакабетная скура. Толькі вочы, вялікія і бліскучыя, як пэрлы, маладыя, і гэтыя вочы ён пазнае, і тут жа ўсхопліваецца з услона, бяжыць туды да сьціжмы людзей вакол рыштаваньня, рассоўвае, расштурхоўвае іх убакі, не зважаючы на буркатню і лаянку, і ўжо стаіць перад жанчынай і тапырыцца на яе, як чалавек, што ўбачыў здань, і празь яе кашулю і шаравары бачыць формы грудзей і сьцёгнаў, і ў роце яму перасыхае, як ад пяску, і ён хоча закрычаць: Маргрыт! — але ані гуку з горла.

А жанчына падымае руку і, убачыўшы, што людзі ўраз захлябенілі пашчы, заяўляе звонкім, урачыстым голасам, што яна прынцэса Гэлена, малодшая й самая любімая дачка Трапезундзкага князя, які, як высокі герцаг, служыць пры двары магутнага султана; але што яна пакінула бацьку й маці й прыгожы гарэм у Канстанцінопалі, дзе ёй толькі птушынага малака не хапала, дзе было ўсё, чаго толькі душа жадала, убраньне і ўборы й шаўковыя падушкі й чорныя рабы ў абслузе, каб вахлярамі абмахвалі, бо ў ноч перад яе васемнаццатым днём нараджэньня зьявіўся ёй Вечны Жыд Агасфэр, асуджаны нашым Госпадам Ісусам Хрыстом на вечнае блуканьне аж да суднага дня, і яна навярнулася ў правільную веру ў нашага Госпада Ісуса Хрыста, у вечнасьць. І з таго часу ўсюды сьледуе за Вечным Жыдам Агасфэрам, які ня можа памерці і ўвесь час пастаянна ўзнаўляецца на шляхах сваіх, а яна яму як бы нябесная нявеста, каб сьведчыць людзям пра веліч Бога й пакуты нашага Госпада Ісуса Хрыста, якія Вечны Жыд бачыў на свае жывыя вочы, і ён потым сам выступіць і пакажа ўсяму народу свае памечаныя крыжавымі стыгматамі ногі й простымі словамі раскажа, як наш Гасподзь Ісус гутарыў зь ім і як пракляў яго за вялікую бессардэчнасьць, у якой ён, небарака й гаротнік, вось ужо тысяча пяцьсот дваццаць два гады раскайваецца. А каго не кране шчырая гісторыя-споведзь, той хай пасьля спакойна дыбае сваёй дарогай, Вечны Жыд усё ім даруе, і наш Гасподзь Ісус Хрыстос даруе таксамака; калі ж каму дойдзе да мозгу касьцей, як яно й павінна даходзіць шчыравернаму хрысьціяніну, той пасьля можа купіць ілюстраваны, выдатна надрукаваны скрутак з гісторыяй пракляцьця Вечнага Жыда Агасфэра і ўкіне сваю лепцінку ў кубак, якім яна абнясе людзей, бо яна й гер Агасфэр хацелі б і ў іншых месцах далучыць людцаў да гэтай весткі.