І пасьпешна асяняе знакам крыжа й сьпяшаецца да дзьвярэй адчыніць, бо жонка й дзеці хворага павінны засьведчыць, што той паспытаў ад сьвятога прычасьця й сам стаў часьцінкай ад плоці й крыві Госпада, — апошняя вячэра перад далёкай дарогай на гэтым сьвеце; але толькі дзьверы з рыпам адчыняюцца, як у іх урываецца магістр Паўль, цягнучы за руку нейкага рыжага жыда й на ўсё горла абвяшчаючы: «Вось ён!» — і гэта ў вушы брату Дзітрыху й сёстрам Марце й Магдалене, а таксама жонцы Ганьне, апошняя ў моцным хваляваньні абураецца, што во якое нахабства, што во якая ганьба — задрыпаны жыдзюга каля чыстага хрысьціянскага адра.
Небарака магістр Паўль увесь у душэўным надломе. Вось жа вам яго сыноўскі абавязак, выконваючы які ён абегаў палавіну Гамбурга, пакуль сябар Лёйхтэнтрагер не навёў на сьлед; але вось жа вам і, з такім канфузам, з такім ашаламленьнем ад нечуванага візыту, сам адрасат Лютэравага пісьма, якое ён, магістр Паўль носіць у кішэні, сам гер галоўны пастар Эпінус, хоць ты зь ім пацалуйся. Апошняе дабрадзейства бацьку, мяркуе Паўль, ня пойдзе яму на лапшае, як і сказаў яму брат Дзітрых, які ўзгадаў яму й ідыёцкія выбрыкі й студэнцкія свавольствы, і яшчэ ён сам сабе праклінае прынцэсу Трапезундзкую, якая, бы апошняя шлюндра разьлеглася ў кватэры жыда, бессаромна вываліўшы цыцкі й шынкі, і ўсяляк адгаворвала жыда йсьці суцяшаць хворага, бо, сам успомні, ці ж не хацеў гэты гер магістр турнуць іх з Гэльмштэта ў каршэнь? Але нічога не памагае, ні ягоны гнеў на Маргрыт, празь якую прапала так многа дарагога часу, ні ягоныя ўмольныя позіркі на гера галоўнага пастара Эпінуса й брата Дзітрыха; ён павінен растлумачыць і павінен зрабіць гэта так, каб яму паверылі, і пры гэтым бачыць, як яго спадар тата ківае жыду, каб той падышоў да яго, але жыд склаў рукі на грудзях і, здаецца, не заўважае, што і ўсе астатнія зусім забыліся пра хворага, які, зрэшты, быў тут галоўным персанажам.
Магістр Паўль пачынае гаварыць; поўны натхненьня ён, аднак, распавядае ня толькі пра вечнае жыцьцё свайго спадара таты, але й пра сваё, у вышэйшай ступені зямное, і як гэтае апошняе можна было б уладкаваць. Было, кажа ён, жаданьне яго бацькі, каб ён прывёў сюды жыда, які, праўда, зусім ня звычайны жыд, якімі кішаць усе вуліцы й завулкі, а Агасфэр, што быў асуджаны нашым Госпадам Ісусам Хрыстом на вечнае блуканьне пасьля таго, як гэны во ня пусьціў нашага Госпада, калі таму не цярпелася адпачыць ад цяжкага крыжа, на парог свайго дома; і жыд Агасфэр павінен засьведчыць спадару тату, што ён сапраўды ведаў нашага Госпада Ісуса Хрыста й сапраўды зь ім гутарыў, і тым самым даказаць, што вечнае жыцьцё ёсьць ня толькі сымболь, у які маем верыць, а ўвачавідкі ваісьціну існае.
На што гер галоўны пастар Эпінус рве на сабе й без таго рэдзенькія валасы, што, бач, дзіка чуць такія дзікія словы з вуснаў толькі што ў Вітэнбэргу рукапаложанага будучага брата па пасадзе й грыміць:
— Тра-та-та, тра-та-та! Чыстая бздура! Вечны Жыд! Вечная жыдоўшчына!
І пайшоў і паехаў, як лёгка гера магістра падмазаць, і якога такога ляду патрэбен нахабны жыдзюга для доказу вечнага жыцьця, якое кожнаму прававернаму хрысьціяніну й так ясным-яснае, як яснае неба, пра што ўжо сказалі сьвятыя прарокі й наш Гасподзь Ісус гэтаксама, а пасьля яго яшчэ й сьвятыя апосталы. І ці гэта вам тая навука, якую ён прайшоў ва ўніверсітэце ў Марцінуса Лютэра й Піліпа Мэланхтона, і ці ня там набраўся такога вялікага розуму, ужо ці ня болей зь піўнога й віннага чаду, якому герства студэнты, пакарай іх, Божа, так часта аддаюцца.
У юнага магістра ўсё ў галаве перакруцілася: вобраз бацькі там на сьмяротным ложку, як гэта ён слабенькай рукою падклікае да сябе жыда; злосны расчырванелы твар гера Эпінуса, якому пасьля ўсяго гэтага давядзецца чытаць рэкамендацыйны ліст Лютэра ў надзвычай неспрыяльным сьвятле; плясканьне рук і закоты вачэй брата й сясьцёр і маці; і пасярэдзіне гэтага кавардачнага гвалту ціхага й выскаленага жыда, быццам усё гэта яму да аднаго месца й быццам ня ён ёсьць прычына й вынік усяго закалоту. І ён, магістр Паўль, сваёй асабістай пярсонай яшчэ й павінен абараняць жыда, каб не стаяць вось так таўкачом і пустабрэхам.
Дык вось, кажа ён, з дазволу кажучы, без гарачкі, гер галоўны пастар, але ягоны настаўнік, добры доктар Марцінус, сам можа пацьвердзіць, і ён прывёз з сабою, вось у кішэні, пісьмовае сьведчаньне ў пісьме да гера галоўнага пастара, як хораша і ўзорна ён вучыўся і як засвоіў слова Божае й прарокаў; а ўсё ж гэты жыд ёсьць сапраўдны Жыд і, можа, хай гер галоўны пастар падумаюць, ці сьведчаньне жывога, які нашаму Госпаду Ісусу асабіста скруціў хвігу пад самусенькі нос, за што й быў ім пракляты, дык вось сёньня, праз тысячу й пяцьсот гадоў ці яно ня гэтаксама каштоўнае, як і сьведчаньне пераказанае, калі нават не каштоўнейшае? І замест, каб яго, магістра Айцэна, руплівасьць ганіць, хай падумаюць гер галоўны пастар далей, ці голас Агасфэра ня можа быць больш карысным і ўжыткоўным у спрэчцы з тымі, якія зноў і зноў сумняваюцца ў адзінашчасьцедайным вучэньні?