Выбрать главу

Гэта ёсць асноўныя прынцыпы і шматразова пацверджаныя асновы, з якіх мы зыходзім у нашым інстытуце, і таму нам феномен Агасфера, які Вы апісалі, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на які мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся праліць святло.

З сяброўскім прывітаннем

Ваш адданы

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зігфрыд Байфус

Інстытут навуковага атэізму

Берлін, сталіца ГДР

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

German Democratic Republic

2 красавіка 1980

Дарагі гер калега!

Ваша пісьмо ад 17 сакавіка знайшло мяне ў тую самую гадзіну як і дадатак да яго ад 24-га, з якога толькі можна заключыць, што шляхі, якімі сёння праходзіць пошта ў зносінах паміж усходам і захадам, у вышэйшай ступені дзівосныя. Але паколькі прадмет нашага ліставання такога роду, што нават самы прыдзірлівы цэнзар не можа высачыць у ім нічога заганнага ў адносінах да Вас альбо мяне, нам застаецца пераносіць затрымкі спакойна і радавацца, што нашая карэспандэнцыя наогул даходзіць да адрасата.

Але цяпер, праўда, я бачу некаторы сэнс у тым, каб ухапіць Вашыя аргументы ў некаторых дэталях і там, дзе яны мне падаюцца сумніўнымі, прадпрыняць спробу паслабіць іх. Па-першае, многае, што Вы маеце сказаць, я і сам выказваў ад шчырага сэрца, па-другое, я хацеў бы пазбегнуць таго, каб пра рэчы, якія цікавяць мяне толькі ўскосна і пабочна, мы ўблыталіся ў бясконцыя дыскусіі. Тое, ці былі «Настаўнік справядлівасці» і «Князь абшчыны» паводле рукапісу 9QRes у Dead Sea Scrolls махлярамі і параноікамі, у маіх вачах з'яўляецца неістотным пытаннем; для мяне важнае толькі тое, што Агасфер дакументальна зафіксаваны ў 9QRes. І Вашыя думкі пра сутнасць чалавечай псіхікі, наколькі яны маглі б быць каштоўнымі для мяне, нічога не даводзяць пра экзістэнцыю-неэкзістэнцыю Вечнага Жыда; ні я, ні хто-іншы ніколі не сцвярджаў, што Агасфер быў ходкім доказам вандравання душ альбо чагосьці падобнага.

Але з Вашых пісьмаў я даведваюся, дарагі гер калега, нешта зусім іншае, што, уласна кажучы, павінна было Вас крыху занепакоіць: менавіта, пачатак фіксацыі ўвагі на феномене Агасфера, што, паводле маштабаў Вашага ratio Вы жадалі б растлумачыць, хоць гэта відавочна нельга ўціснуць у пракрустава ложа каштоўнасцяў Вашага вопыту. Дасведчанне, якое Вы спрабуеце ўжыць, дазвольце мне гэту невялікую крытыку, у грунце рэчаў ненавуковае; яно нагадвае тых ватыканскіх навукоўцаў, якія не хацелі прызнаваць спадарожнікаў Юпітэра толькі таму, што яны не ўпісваліся ў арыстотэлеўсую схему светабудовы. Мы не абыходзім факта, што Агасфер існуе; Як і Чаму яго існавання і што з гэтага магло б вынікнуць, можа стацца прадметам даследавання, але спачатку павінна быць прызнана, што ён ёсць, у падмацаванне чаго я ўжо даў Вам некаторыя доказы і дашлю яшчэ дадатковыя.

У сувязі з гэтым я ўжо і раней меў нагоду ўказаць на з'яўленне Вечнага Жыда ў апошнія дні Варшаўскага гета; калі раней я спасылаўся Вам толькі на ўсякага роду дакументы, як 9QRes альбо на паведамленне пра працэс супроць радцаў імператара Юліяна Апастаты, альбо на паказанні сведкаў, дык у гэтым выпадку я сам сведка і, як спадзяюся, Вам не сумніўны. Я быў у Варшаўскім гета і перажыў разам з усімі 350000 сагнанымі туды людзьмі ўсе пакуты і знішчэнне. Ніякі д'ябал, у гэтым Вы можаце мне паверыць, гер калега, не мог бы выдумаць тых метадаў, якія служылі дасягненню мэты: гэта была чалавечая справа, справа рук, даруйце мне, што я нагадваю, Вашых суайчыннікаў.

Я часта пытаўся ў сябе і тады і пазней, чаму ні раней, ні на самым пачатку перыяду гета альбо адразу пасля не дайшло да акцый супраціўлення, і прычыны гэтага я бачу ў рэлігійнасці яўрэяў, ім было немагчыма ўявіць сабе, што істоты, якія па цялеснай структуры і манеры рухацца падобныя да іх, маглі паставіць сабе мэтай іхняе татальнае знішчэнне голадам і, калі гэта дасягалася ў камбінацыі з тыфусам і халерай недастаткова хутка, забіваннем альбо дэпартацыяй у газавыя камеры. І гэтаксама немагчыма было ім нават падумаць, каб Бог, іхні Бог, мог гэта дапусціць. Нашчадкі таго народу, які даў Бога і яго Сына-збаўцу і выніклую з гэтага этыку, амаль да самага канца спадзяваліся на збавенне.