Амаль. Бо ў канцы была роспач. У канцы былі пытанні. У чым быў іхні грэх, за які Бог караў аж так сурова? Яны ж былі прывязаныя да яго, нават калі ён іх адкідаў ад сябе; яны выконвалі ягоныя запаветы, нават калі ён іх мучыў; яны яго любілі, нават калі ён выстаўляў іх на пасмешышча і глум. І дзе калі ў свеце быў такі грэх, які заслужыў бы такое кары? І калі будзе дастаткова той кары? І колькі яшчэ Богу хопіць цярплівасці на іх катаў? Ці ж не мелі яны, мучаныя і прыніжаныя, пагарджаныя і катаваныя, аслаблыя і прысмертныя, права ведаць, нарэшце, дзе ж тыя межы яго цярплівасці?
Пры такіх абставінах прысутнасць Агасфера ў гета падалася мне больш чым паэтычнай неабходнасцю. І сапраўды ад яго зыходзіла дзіўнае ўздзеянне: дзе ён паказваўся, там нават пры сконе людзі чэрпалі новую сілу і мужнасць; было так, быццам праз яго яны даведваліся, што ад іх павінна было нешта застацца на існаванне далей, нешта эсэнцыяльнае, істотнае, і што іх пакуты і іх смерць мелі нейкае значэнне, пра якое яны маглі толькі здагадвацца і ўведаюць яго поўніцай толькі пазнейшыя пакаленні.
Таго дня ішлі мы, Агасфер і я, па вуліцах, нямногіх, з якіх яшчэ складалася гета, бо памеры гета ўвесь час звужаліся, і пазасталыя жывымі мусілі ўсё больш уціскацца на ўсё меншай прасторы. Гэта дзіўнае пачуццё, якое заскоквае чалавека, калі ён бачыць каля сваіх ног дзяцей, якія паміраюць з голаду, шкілетападобныя лялькі, у лахманах, і ведае, што ніхто ўжо іх не пахавае. Абодва мы адчувалі, што ўсё, што мы бачым, і шмат чаго іншага павінна на ўсе часы адбіцца ў памяці; Вас, паважаны гер калега, я пашкадую ад апісання; Вы можаце, калі ў Вас ёсць цікавасць, даследаваць гэта ў архівах, якія Вам напэўна ж даступныя, бо немцы з даўняга часу вельмі ахвотна фатаграфуюцца, а гета давала іх камерам матываў у вялікім мностве.
— Так, — сказаў ён, — мы пачынаем.
Я ведаў пра марнасць гэтага пачынання; але Агасфер быў амаль у радасным настроі, бо ў адрозненне ад мяне ён верыць у зменлівасць свету.
— Ты яшчэ маеш ножык? — спытаўся ён у мяне.
Гэта стары ножык з тронкай з разьбёных каралаў у форме разьбёнай выявы голай жанчыны. Я дастаў з кішэні і падаў яму.
— Падары мне, — сказаў ён, — фігурка гэтая так мне нагадвае…
Я аддаў яму ножык, і ён павёў мяне да дома, з якога павінен быў адбыцца напад на СС. Напад, як што адбыўся так знянацку, мусіў удацца; упершыню тыя, каго пераследавалі, перажылі ўцёкі пераследвальнікаў. Наогул, усё як бы памянялася месцамі; яўрэі, якія змагаліся тут, былі больш не яўрэі, якіх прывычна было бачыць жывымі, нават у смерці яны здаваліся іншымі, не вечнымі пакутнікамі, вечна бітымі, правобразам якіх ёсць той рэбэ Ёшуа, якога прыбілі да крыжа.
Тут мы трымаліся некалькі тыдняў супраць зондэркаманды гера Дырлевангера і ягоных дапаможных груп. Пасля дом, які служыў нам умацаваннем, быў на тры чвэрці разбураны, яго абаронцы да вельмі нямногіх, якія залеглі паверхам вышэй, загінулі. У нас ужо не было баепрыпасаў, толькі некалькі бутэлек бензіну. У самы той час, калі дом вакол нас рассыпаўся ў руіны, а таварышы адзін за адным падалі ад куляў і асколкаў гранатаў, Агасфер быў вельмі маўклівы; ён гаварыў з Богам. У яго заўсёды былі вельмі своеасаблівыя стасункі з Богам, адначасова мяцежнік і ўлюбенец; цяпер ён хацеў праясніць іх, але Бог не адказваў.
Замест Бога прыйшлі СС. Агасфер сказаў мне:
— Ідзі. Праз каналізацыю. Я прыкрыю цябе.
Пасля ён узяў тры бутэлькі бензіну, якія ў нас яшчэ былі, і па кучы бітай цэглы і смецця папоўз да акна насустрач нападаючым.
Дзве бутэлькі ён падпаліў і шпурнуў у эсэсаўцаў. З апошняй ён абліў сябе самога і кінуўся, жывым факелам, на рыклівую швору.
У Ерусаліме я спаткаў яго зноў, каля ягонай шавецкай лаўкі на Дарозе Смутку, яе ён прызнаў сваёй маёмасцю і нанава цалкам перабудаваў пасля таго, як тая частка горада ў выніку шасцідзённай вайны стала даступнай яўрэям. Пры ім быў і ножык; ён паказаў мне яго і спытаўся нават, ці не хачу я вярнуць яго сабе назад. Я сказаў, што не, хай застаецца ў яго, я ведаю адну майстэрню, там мне зробяць дакладна такі самы, нават з усімі прыкметамі антыкварнасці.
Як заўсёды з найлепшымі прывітаннямі
Ваш