Выбрать главу

Праўда, на жаль пакуль што ў яго няма пасады й аўтарытэту, каб інстытуяваць такі spectaculum, і гер галоўны пастар Эпінус, у гэтым ён пэўны, у сваёй зацятасьці супроць жыдоў і супроць яго самога таксама ня зробіць гэтага; але яшчэ ня вечар, думае ён, і чаго сёньня нямаш, можа заўтра трымаш, і таму ён сьвідруе далей і кажа жыду:

— Ці можна на вас разьлічваць, сэр Агасфэр, што вы пасьведчыце, як вы ў Гэльмштэце перад прынцэсай Трапезундзкай і перад усім народам зрабілі, што бачылі нашага Госпада Ісуса ў плоці й што ён быў тым, кім быў?

Тут лэдзі, мабыць таму што сёньня яна ня хоча нічога чуць пра прынцэсу Трапезундзкую, закіпае гневам і кажа:

— Што вам такое ў галаву завярнула, гер магістр! Вы ж бачыце, сэр Агасфэр тут па справах гешэфту, а ня рэлігіі, зь якою кожны можа абыходзіцца, як сам хоча, будзь ён жыд ці хрысьціянін.

Але гэта ўжо ўпоперак усяму, чаго ён навучыўся ў добрага доктара Марцінуса й іншых вучоных гераў, і ён кажа:

— Барані Божа, лэдзі, каб кожнае верыла, як яму ў галаве заверне, каб хрысьціла дзяцей альбо не, як яму зручней, каб прымала сьвятое прычасьце пад адным альбо двума відамі, як яму, бач, смачней; у большай меры рэлігія гэта справа начальстваў і агульнага парадку, інакш тут будзе кішэць рознымі баламутамі, чмутамі, чарадзеямі й ліхадзеямі, ератыкамі й бунтаўшчыкамі, што царкве й законам — амба; ёсьць толькі адна праўда, і яна зразумела выкладзена таксама й жанчынам у катэхізісе доктара Марцінуса Лютэра, і таму было б вельмі пахвальна, калі б сэр устаў перад усімі жыдамі й сказаў пра тое, як ён сам гутарыў з Госпадам Ісусам, які быў наканаваны збаўца альбо мэсія і што жыдам з гэтай прычыны няма чаго чакаць нейкага іншага мэсіі і яны з добрым і чыстым сумленьнем могуць навярнуцца ў адзінашчасьцедайную веру.

Лэдзі Маргрыт бачыць, зь якім запалам магістр змагаецца за догмат веры, і думае, што ну ніяк ня можа справа навароту жыдоў аж так далягаць ягонаму сэрцу й што за гэтымі настойлівымі словамі а ці не ляжыць які-небудзь іншы інтэрас, але ня ведае, які, і ўжо хоча адказаць яму рэзка й востра; а жыд, каб улагодзіць яе, кладзе далонь на яе руку й кажа, што дзякуе геру Айцэну за ягоныя вялікія турботы пра душэўныя даброці ягоных братоў па веры і што падумае: рабі быў адзін такі, пра каго можна вой колькі ўсяго расказаць, як і пра чатырох евангелістаў, якія больш чым у адным толькі пункце ня сыходзіліся ў думцы; але ж вось, ён запрашае гасьцей у дом, бо вось маеце — прыйшлі.

Не сказаць, каб магістр Айцэн альбо дзева Барбара выйшлі з голай галечы, не; палатно й шэрсьць, як і карабельныя пастаўкі кормяць гаспадара, і ў доме Штэдэраў як і ў Айцэна гер Голад ніколі за кухара ня быў, у кожнага свой пакой і свой ложак і свае дзьве кашулі; але дом сэра Агасфэра, хай толькі зьняты, — гэта ж толькі падзівіцца! раскошай перабірае ўсё, што яна калі-колечы бачыла, і абодвум паўстае як палац, так пакняску абсталяваны й багата дэкараваны. Ногі топнуць у каляровых дыванах, падобных на расквечаныя лугі, мэбля самага тонкага й далікатнага вырабу, сталы й крэслы й шафы й сподкі пад талеркі й кубкі; яны з паліраванага срэбра і ў пазалоце, а побач дзівоснай разьбы фігуркі з высакароднай драўніны й слановай касьці. Цяжкія сьвяцільні й кандэлябры таксама з срэбра й мастацкай выштукаванасьцю куды вышэй за тыя, што ў сьв. Якава й сьв. Пятра, і тоўстыя васковыя і лойныя сьвечкі ў іх ліюць мяккае сьвятло на чалавека й рэч, найперш на сьцены з дарагімі шпалерамі з голымі німфамі на іх, калі тыя бавяцца з аднарогам, а на тых вунь — траянскі прынц Парыс, выбірае, якая з трох багіняў самая прыгожая, і ўсе тры з голымі пышнымі грудзьмі, апетытна акруглымі клубамі, ну як ўсё роўна ў лэдзі Маргарэт, якая здымае зь сябе шпацырную палярынку й запрашае гасьцей за стол у сукенцы, якая і выстаўляе яе панаднасьці, і дзіка пачашчае дыханьне магістру Айцэну. Стол накрыты цудоўнымі блюдамі: дразды, гефілтэ фіш і самая розная смажаніна, усё строга кашэрнае, як з усьмешкай тлумачыць сэр, далікатна прыпраўленае, да ўсяго дарагія бутэлькі зь венецыянскага шкла, празь якое іскрыста праблісквае віно. У адным эркеры сядзяць двох музыкаў, адзін зь лютняй, другі зь віялінай, граюць пяшчотныя мэлёдыі, да таго ж каторы зь лютняй яшчэ й сьпявае, праўда не пра Бога, не пра нябесныя радасьці, а пра каханьне й любоўную млосьць. Адна асалода застольнічаць, асабліва калі жыд, як гаспадар на чале стала, лэдзі каля магістра, а Лёйхтэнтрагер сядзіць пры дзеве Барбары, гэтакім чынам яшчэ цясьней ушчыльняючы повязі, якія ўзьніклі падчас шпацыру.