Выбрать главу

І я бачу Люцыпара, як ён курчыцца ад сьмеху. З трох рабі адно, з аднаго рабі тры, кажа ён; мне здаецца, ты хочаш схавацца за старой абракадабрай і гульнёй у лічбы, якою царква, якая называецца імем рабі, спрабуе выкарчаваць сваё грэка-жыдоўскае карэньне. Ты будзеш вымушаны рашыцца, брат Агасфэр. Альбо твой рэбэ Ёшуа ўзьнёсься ў неба, дзе цяпер сядзіць праваруч Бога; тады ён ёсьць Цэлае ў сабе й зь ім можна гаварыць, альбо ж ён зрабіўся Адным з Богам і Саматрацінай са Сьвятым Духам, стаўшыся Новым. Што ж тады сталася з Адным Богам, які быў, пакуль утварылася гэта траісная камбінацыя, і які адкінуў нас у шосты дзень тварэньня?

А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён падышоў да мяне з крыжам на сьпіне й пазнаў мяне каля майго дома й спрабаваў гаварыць са мною і як я сказаў яму, што хачу наклікаць за яго меч Бога, і ўсе яго ворагі і ўсё воінства да сьмерці ўбаяліся б яго бляску й счэзьлі б, і што ён павінен быў бы павесьці народ Ізраіля, згуртаваўшы яго вакол сябе, як яно й наканавана ў Пісаньні; але ён адказаў: ці ж не павінен я выпіць чару, якую мне даў мой Бацька?

Мы ўсё яшчэ лунаем.

У халадэчы прасторы, у павевах ветру, які ня ёсьць вецер, і я чую пошчак зубоў Люцыпара. Тут вельмі вусьцішна, кажа ён, няўтульна для паўтарэньня дыспуту, у якім сьвятыя айцы царквы перагрызьліся між сабою моцнымі словамі. Што ёсьць сэнс па-твойму, брат Агасфэр?

Я хачу ўсё ж пайсьці туды, да рабі, кажу я, і пабачыць, што сапраўды сталася зь ім і што ён напраўду думае.

І мы рассталіся, ён, трымаючыся свайго гешэфту, я — свайго.

Разьдзел васямнаццаты. Зь якога высьвятляецца, што ж такі вынікнуць можа з вывучэньня гістарычных крыніц і як, не ўтачыўшы свайго гроша, можна здабыць доктарскі капялюш, духоўную славу і шэсьць локцяў карычневага палатна

Геру

праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру

Hebrew Univerсity

Jerusalem

Israel

17 красавіка 1980

Вельмі паважаны гер калега!

У Вашым апошнім пісьме да мяне, датаваным ад 2-га гэтага месяца, Вы спрабуеце прыпісаць мне пачатак фіксацыі феномена Агасфера.

Пра такую фіксацыю, нават яе пачатак, не можа быць наогул ніякай гаворкі. Сам я, нават будучы ў кіраўнічай функцыі, толькі член калектыву, і мае праекты даследаванняў таксама падлягаюць зацвярджэнню і калектыўнаму кантролю. Агасфер цікавіць мяне як тыповы прыклад рэлігійных прымхаў і адпаведна ўзнікнення легендаў; праўда, на аснове новых пазнанняў я цяпер гатовы прызнаць яго існаванне як рэальнасць, толькі не вечнае.

Як прадстаўнік дыялектычнага матэрыялізму я заўсёды адмаўляўся прызнаваць наяўнасць звышнатуральныў істотаў і з'яваў (параўн. маё пісьмо ад 14 лютага); але я заявіў, што яшчэ ёсць нявытлумачаныя навуковыя праблемы, якія, аднак, калі яны акажуцца дастаткова важнымі, несумненна сваім часам будуць чалавекам вырашаны. Тым больш мяне радуе, паважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер, магчымасць паведаміць Вам сёння, што, прынамсі, праблема Агасфера можа разглядацца як вырашаная. Хоць гэта, праўда і не заслуга нашага інстытута; але ў кожным разе наш супрацоўнік д-р Вільгельм Якш быў той, хто пры даследаванні дыялектычнага моманту развіцця легенды пра Агасфера натыкнуўся на працу, у якой маецца аснова для вырашэння: апублікаваны ў 1951 годзе ў томе XLІ часопіса Аб'яднання па вывучэнні гісторыі Гамбурга артыкул Паўля Ёгансэна пад загалоўкам «Ці быў Вечны Жыд у Гамбургу?».

У артыкуле Ёгансэн падае ўказанне на тое, што Агасфер ідэнтычны з «ліфляндскім прарокам» Юргенам з Мэйсэна. «Фактычна, піша Ёгансэн, паралелі ў апісанні гамбургскага Агасфера і ліфляндскага прарока і прапаведніка настолькі відавочныя, што не можа быць ніякіх сумненняў у ідэнтычнасці абодвух асобаў». Нават часавае супадзенне іх выступлення настолькі эклатантнае, што проста міжвольна абедзьве асобы зліваюцца ў адзін вобраз.

Ёгансэн прыводзіць старадаўняе даступнае азнаямленню апісанне Агасфера з 1602 года ў Родэ з выдрукаванай у Данцыгу народнай кніжкі пра Вечнага Жыда, паводле якой Паўль фон Айцэн, у той час студэнт з Вітэнбэрга, зімой 1547 года ў Гамбургу «ў кірсе падчас казані ўбачыў чалавека, які ўяўляў з сябе вельмі высокую асобу са звіслымі на плечы валасамі, які стаяў насупраць катэдры босы; які з такой увагай слухаў казань, што ў ім нельга было адчуць аніякага руху; толькі, калі было выслоўлена імя Ісуса Хрыста, ён схіліў галаву на грудзі і ўздыхнуў вельмі глыбока; і ніякай іншай вопраткі на ім не было ў тую суровую зіму, апрача пары штаноў з падранымі калашынамі, курты па калені і паўзверх яе паліто да пятаў».