Я цытую гэта паведамленне, якое Вам, гер калега, па ўсёй верагоднасці, знаёмае, якое дае базіс для параўнання з сучаснымі паведамленнямі пра прарокаў Юргена альбо Ёрга з Мэйсэна. Так Ёган Рэнэр, пазнейшы храніст горада Брэмена, які жыў з 1556 па 1558 г. у Ліфляндыі, піша: «І быў у гэты час адін такі ў Рызе, на імя Ёрген Мэйсэнскі, а хадзіў ён распранута і боса, не хацеў таксама есці і піці, а да таго працаваў. Памянёны заклікаў месцічаў штодзённа да пакаяння. Але ён быў таксама дзевяць гадоў таму назад (г. зн. 1547!) тут у Рызе і заклікаў людства да пакаяння, і, ці не пакараў яго Бог агнём, калі яго заклікі нічога не далі, прапаў».
Пасля чаго ў Рызе сапраўды выбухнуў вялікі агонь — пажар, у якім згарэлі Домскі сабор і большая частка горада. Узіму 1557/1578 гг. Ёрг зноў знаходзіцца ў Ліфляндыі, пра што паведамляе рэвельскі пастар і храніст Балтазар Русаў (Chronica der Provinz Lyfflandt, Bаrth, 1584), а менавіта: «Таго ж года ўзіму ў Ліфляндыю праз Польшчу і Прусію прыбыў чалавек вельмі дзіўны, а хадіў ён зусім боса, гола і раздзета, апранута толькі ў вярэту, меў доўгія валасы ніжэй плячэй. Некаторыя мелі яго за вар'ята, некаторыя за фанатыка, а некаторыя маўлялі, што гэта цудоўная азнака Божая, і што нешта такое адбудзецца».
Што адбылося, дык гэта нашэсце Івана Жахлівага на Ліфляндыю. Тыльман Бракель, ліфляндскі паэт у сваёй улётцы «Хрысціянская гутарка пра жудаснае разбурэнне Ліфляндыі праз маскавітаў», дарэчы, піша:
Ёгансэн цытуе крыніцы, паводле якіх прарок Ёрг быў забіты неадукаванай чэрняй пад Дэрптам, непадалёк ад рускай мяжы, сумняваецца ў крыніцах, але і ставіць пытанне: што, зрэшты, трэба было прапаведніку пакаяння на рускай мяжы? І што меў на ўме храніст Русаў, пішучы, што Ёрг прапаў недзе паміж Рэвелем і Нарвай? Ёгансэн знаходзіць таксама пэўную ідэнтычнасць асобы Агасфера-Ёрга з Васілём Блажэным (Васілём Шчасным), юродам, які шпурляў камянямі ў чорта і пагражаў Івану Жахліваму Божай карай, імем якога названы сабор на Краснай (Прыгожай) плошчы ў Маскве. Апрача таго, заўважае Ёгансэн, юрод Васіль быў шавец, як і Агасфер.
Але чаму — пра гэта і Вы, паважаны гер калега Лёйхтэнтрагер, даўно маглі б спытацца, — чаму прарок Юрген падчас свайго побыту ў Гамбургу назваўся Агасферам? Калі ў астатнім ён падарожнічаў пад сваім уласным імем!
Ёгансэн дае гэтаму праўдападобнае тлумачэнне. Ён пераносіць сустрэчу Юргена з Айцэнам, які паводле Ёгансэна «быў асобаю, чыя даставернасць не можа быць пастаўлена пад пытанне», у Мікалаеўскую кірху, дзе яшчэ ў 1547 годзе знаходзілася вялікая карціна, на якой былі ўвасоблены персідскі цар Агасфер са сваёй яўрэйскай каханкай Эстэрай; карціна была ў 1555 годзе знішчана, калі, паводле хронікі горада Гамбурга, маланка ўдарыла «ў Ніклавуса кірку разом з малёванем коніга Агасфэрума і Гэстэрай, пабіўшы і оклад на ковалкі». Юрген, «нерозумовы чловек», лічыць Ёгансэн, быў так уражаны карцінай, што прыняў цара за яўрэя Агасфера. «Калі гэта так, высноўвае ён, дык імя Агасфер для Вечнага Жыда можа быць растлумачана толькі ў гэтай сувязі».
Мае калегі ў інстытуце і я схільныя ісці за Ёгансэнавай тэзай, бо яна дае, паводле нашага стаўлення да праблемы, ключавы доказ таго, што Агасфер, якога спаткаў у Гамбургу пазнейшы суперінтэндэнт Шлезвіга Паўль фон Айцэн, быў чалавек смяротны, як Вы і я, і менавіта таму не вечны яўрэй.
Мы ўсе тут напружана чакаем, што Вы, паважаны калега Лёйхтэнтрагер, цяпер скажаце, пасля таго як Ёгансэнава парада па-новаму асвятліла ўсю праблему Агасфера і прапануе цалкам натуральнае яе вырашэнне.
З асабліва высокай павагай і калежанскім прывітаннем
Ваш адданы
(праф. д-р Dr. h. c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут навуковага атэізму
Берлін, сталіца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу
Інстытут
навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлін
German Democratic Republik
2 траўня 1980
Дарагі, паважаны калега Байфус!
Ваша такое падрабязнае са шматлікімі цытатамі і спасылкамі на крыніцы пасланне ад 17 красавіка дало мне масу задавальнення, і я паспяшаўся паказаць яго свайму прыяцелю з Дарогі Смутку, дзе ён над сваёй абутковай лаўкай трымае вельмі дагледжаную халасцяцкую кватэрку. Гер Агасфер сказаў мне, што ён вельмі добра памятае пра памянёную ў Ёгансэнавым артыкуле сустрэчу з Айцэнам, памятае і другія, менш радасныя спатканні з ім; як што пазнейшы суперінтэндэнт Шлезвіга наогул не быў вельмі прыемны чалавек, абмежаваны, захоплены сам сабою, сквапны і інтрыган. Увогуле артыкул Паўля Ёгансэна ў часопісе Аб'яднання па вывучэнні гісторыі Гамбурга мне вядомы; калі ў нашай карэспандэнцыі ён дагэтуль з майго боку не знайшоў упамінання, дык гэта толькі ад маёй татальнай легкадумнай няўважлівасці.