І вось цяпер ён бачыць, што ўсе спаквалютку займаюць месцы, жыды й хрысьціяне, і чуе, як жыдоўскі старэйшына пачынае гаварыць, стоячы на alemar, драўлянай катэдры пасярэдзіне залы, і гаворыць даволі далікатна й з паклонамі вітае гасьцей з Гаторпа й з Гамбурга, а таксама мудраца з далёкай Партугаліі, іхняга паважанага настаўніка й майстра дона Эзэхіеля Пэрэйру, але асабліва гера супэрінтэндэнта вялікага суседняга горада Гамбурга, гера доктара Паўлюса фон Айцэна, па чыёй прапанове й прадуманым клопаце яны сёньня тут, жыды Альтоны й вернападданыя слугі Яго мосьці Адольфуса, герцага Шлезьвіга й Гаторпа, атрымалі магчымасьць прысутнічаць на вучоным дыспуце пра тое, ці прыбіты да крыжа Ісус Хрыстос быў адзіным і сапраўдным сынам Бога, хай сьвяціцца імя яго, і meschiach і ці, усьвядоміўшы гэты факт, жыды не зрабілі б лепей, калі б навярнуліся ў хрысьціянскую веру, прынялі таінства хрышчэньня і тым самым палепшылі б сваё жалю вартае існаваньне й нават у вялікім і багатым горадзе Гамбургу маглі б прыняць грамадзянства. Але, дадаў ён, ніхто ня будзе прымушаны да хрышчэньня, калі ў гэтым disputatio пераможа дастойны гер доктар фон Айцэн.
Жыды, заўважае Айцэн, паварочваюць галовы адзін да аднаго й зноў перашэптваюцца; але адзін, з доўгім вострым носам і дзікай сівай барадой, падымае руку й пытаецца, ужо ці не павінны яны на прыклад goyim, жэрці ад цела пакаранага сьмерцю і піць ад яго крыві ў кірсе, калі ў Пісаньні ясна сказана, што пракляты той, хто павешаны на дрэве?
Тут сэрца доктара Паўлюса перапаўняецца сьвяшчэнным гневам, і ўсё яго ваганьне й прыкідкі а ці ня правільней было б цяпер і ці не своечасовей давесьці да добрага канца ўсё, што ён прадпрыняў, разьвеяны й разьмецены ўшчэнт, і ён падымаецца й зычна ўзьвяшчае, што тут нам дадзена зразумець, якіх жудасных памераў набыла зацятасьць жыдоў; а Хрыстос жа ў сваёй вялікай дабрыні памёр і за грахі жыдоў, калі толькі яны гэта прызнаюць, і таму кожны хрысьціянін павінен маліцца й за выратаваньне іх праклятых душ, каб, калі прыйдзе час Страшнага суду, маглі быць сабраныя Хрыстом і яны.
— Але чаму, — прамаўляе ён з высока паднятай галавой, як прарок, — жыды ня хочуць паверыць, што іх мэсія прыйшоў у асобе Ісуса Хрыста, калі ж яны бачаць і на сваёй скуры адчуваюць, што іхні храм разбураны й яны расьсеяны па ўсіх краінах, каб жыць у галечы й нэндзы сярод чужых і быць бітымі сваімі ворагамі? Таму Бог карае зацятых і асьлеплых жыдоў з поўным правам нават і сёньняшнім часам, таму што яны не хацелі прыняць свайго Збаўцу, а па патрабаваньні Пілата, згадзіліся, каб яго прыбілі да крыжа, і паколькі Пілат умыў рукі й сказаў, невінаваты я ў крыві праведніка гэтага, тады, адказваючы яму, жыды сказалі, Мацьвей 27: «Кроў ягоная на нас і на дзецях нашых».
Айцэн заўважае, як ён захапіўся і што насуперак усім сваім планам і намерам ужо ўцягнуўся ў disputatio і моцна ў ім заграз; але нават і вучоны Эзэхіель Пэрэйра прызнаў гэта і ўжо пагладжвае хвалістую бараду й пытаецца, зьвяртаючыся да ганаровых і іншых высокіх гасьцей, ці не дазволілі б яму гер доктар і дастойныя геры задаць адно прамежкавае пытаньне, а менавіта, спасылаючыся на якія аўтарытэты й на які Запавет, Стары ці Новы ці на абодва адразу, ягоны апанэнт хацеў бы тут дыспутаваць? Бо калі ўжо зайшлося пра наварот жыдоў і ні пра што іншае, дык нельга ад іх патрабаваць проста за так, каб яны a priori прызнавалі эвангельлі альбо пісьмы апосталаў; такога можна было б патрабаваць толькі пасьля перагавораў; а да таго мы мусім прапанаваць апанэнтам тэксты зь пяцікніжжа Майсея і словы сваіх уласных прарокаў, а таксама са сьвятых псальмаў і выслоўяў, і з гэтага павінна высьветліцца, у чым жа й праз што жыды аж так моцна саграшылі.
Пры такога роду прамовах Айцэну робіцца пуста ў страўніку, пот выступае на губах, тым болей, што ён яшчэ й павінен глядзець, як некаторыя з начальстваў разважліва ківаюць галавою, быццам ухваляючы тое, што сказаў Пэрэйра; даюцца на ўнушэньне, дурныя, што жыд можа ведаць толькі сваё ўласнае вучэньне, а й не падазраюць, як мала яны падыгрываюць свайму супэрінтэндэнту, рабуючы ў яго палавіну яго арсэналу.
І тут Пэрэйра зь яшчэ большым націскам патрабуе ўсьвядоміць, бо гэта запісана ў Майсея і ў прарокаў, што выратаваньне й збавеньне народу Ізраіля і паўторнае здабыцьцё божай ласкі палягаюць на веры ў мэсію, які ўжо явіўся? У Пісаньні патрабуецца вера толькі ў Аднаго, менавіта ў Бога, хай сьвяціцца імя яго, як зыходзілі з гэтага слова Шмах Ізроэл, Аданай Элохэну, Аданай Эход, слухай, Ізраіль, Гасподзь Бог наш, Гасподзь адзіны, і тое, што ён, Бог, славалюбны Бог, чаму Ізраіль ня можа мець іншых багоў побач зь ім, ня кажучы ўжо пра нейкіх яшчэ сыноў Божых.