Выбрать главу

Шматшаноўны шталер і прэфэкт на сваім судзьдзёўскім крэсьле нахіляецца да Айцэна, які ў якасьці інквізытара сядзіць леваруч і крыху ніжэй пад ім, і шэпча яму, што, калі дойдзе да допыту, хай ён, калі хоча, крыху падцісьнецца з розным там духоўна-апытальным хламам, бо шталерыха на абед зафундавала выдатныя смакошчы, вэнджаная ласасіна найперш, такая далікатная, што сама на языку растае, а пасьля фаршыраваная качка зь зелянінай. Пасьля чаго, на што ён гучным голасам указвае судоваму пісару, загадвае агалошваць імёны абвінавачаных, ці на месцы кожны, і ці ўласнай асобай, пасьля прачытаць абвінавачаньне. У рэдагаваньні яго Айцэн браў актыўны ўдзел, як яно й відаць з тэксту, які кішыць рознымі пабожнасьцямі і ў якім абвінавачаным пастаўлена ў віну ня толькі ўхіленьне ад чыстага вучэньня Аўгсбургскага веравызнаньня, але й прыналежнасьць да змустоўнай сэкты перахрышчэнцаў без намеру й жаданьня адмежавацца ад яе, хоць усіх іх пастаянна падобраму й прыязна й пахрысьціянску сур'ёзна папярэджвалі іхнія душарадцы; яны, аднак, тым больш упарціліся і заціналіся ў сваіх заблудах і адмаўлялі сьвятое хрысьціянскае хрышчэньне дзяцей.

Як толькі закончылася чытаньне, шталер пытаецца, ці ня выкажацца каторы альбо каторыя з абвінавачаных што да сутнсьці абвінаваўчага акта, можа, нават хто хацеў бы выказаць сваё раскаяньне; калі хоча, калі ласка, зрабіце гэта да таго, як пачнецца апытаньне. Падымае руку Клаўс Петэр Катэс, які быў як бы галоўны сярод іх, і заяўляе, што ўсе яны простыя людзі, а менавіта сяляне й рамесьнікі, нават адзін зь іх майстар-шпалернік, таму не такія ўвішныя ў прамовах і аргумэнтацыях, як вучоныя геры, хоць ужо ж такі ведаюць слова Бібліі, але лепей было б, каб за іх сказаў слова нехта зь іхніх прапаведнікаў, калі ўжо заходзіць пра сэнс і значэньне апошняй вячэры Хрыста ці пра спадчынныя грахі; а таму яны сьпісаліся са сваімі братамі менанітамі ў Галандыі, каб прыслалі каго такога, хто паслужыўся б ім тут адвакатам у духоўных справах, і ім было абяцана, што пашлюць такога ім на падтрымку; вучоны муж яшчэ ўчора меўся прыбыць, але самае позьняе — сёньня; таму яны просяць некалькіх гадзін адкладу да прыбыцьця іхняга абаронцы.

— Што! — абураецца Айцэн, бо ўжо адчувае, што шэрсьць на ім закурэла, як тады ў Альтоне. — Ці не дастаткова гэтых ухілак і выкаўзак абвінавачаных, якія хочуць ў асьвечаных і ардынаваных службітоў царквы й высокіх начальстваў адабраць права, на якім трымаецца ўся боская пабудова, такімі сваімі субверсіўнымі намерамі? Яны яшчэ маюць прывалачы нам сюды ў герцагства галоўнага й вярхоўнага ератыка, каб дыспутам і цяжкасьцям канца ня было? Альбо, можа, яшчэ загадаеце прывесьці яго ў суд як expertum legis divinae. Мы самі тут разьбіраемся дастаткова ў справах Божых і нам не патрэбна нікога адкуль бы там ні было збоку, каб павучаў нас, а ўжо зь Нідэрландаў, дзе праклятая ерась цьвіце й пахне, стакроць не й не.

Аднак шматшаноўны й высакародны Каспар Гоер кладзе палец на тоўсты падбародак і рашае, што, зрэшты, ня будзем пазбаўляць абвінавачаных права й зь іхняга боку запрасіць сьведак; калі тыя сьведкі вызнаюць такія самыя аблуднасьці, што й абвінавачаныя, яны павінны быць гатовыя трактавацца судом з такой самай строгасьцю, як і гэтыя; ва ўсім астатнім тэрміны працэсу цьвёрда ўстаноўлены й ня могуць быць перасунутыя, пакуль там недзе паміж Амстэрдамам і горадам Цёнінгам перакоўваюць закульгалага каня альбо мяняюць восі ў калёсах.

— А цяпер шаноўны гер superitendent, — завяршае ён, — задавайце Вашыя пытаньні абвінавачаным, каб гэтыя сваімі адказамі маглі выявіць, ці трымаюцца яны сваіх ілжывых вераваньняў альбо ці не хацелі б яны лепей вярнуцца да вучэньня Лютэра, як яно выкладзена ў Аўгсбургскім веравызнаньні, і да гольштайнскага царкоўнага парадку.

У поўным даверы да сілы Гасподняй, якая коней робіць кульгавымі й ламае восі ў калёсах галандзкіх ілжэпрапаведнікаў, пачынае Айцэн свой допыт, хітра плануючы пры гэтым паступова перайсьці ад агульнага да спэцыфічнага, так што ў канцы няшчасныя ератыкі павіснуць-такі ўсе на вострых круках лютэраўскай дыялектыкі. Але гэтыя выяўляюць сваю цьвёрдахрыбетнасьць, адказваюць на ягоныя добра аргумэнтаваныя словы дзёрзка альбо зусім не адказаваюць і нават заяўляюць, што ніхто не саштурхне іх убок зь іхняй веры, нават гер супэрінтэндэнт не саштурхне, як бы на іх ні напіраў.

Такога роду супраціў, прызнае Айцэн, прыняты высакародным і шматшаноўным шталерам у дрэнны бок, супроць абвінавачаных, але й супроць яго, які гэта церпіць. І ён рашае не ўдавацца больш у дыспуты й добранькія ўмаўленьні; яго прапаведнікі мусяць сагнуцца, як і гэты ератычны зброд; а ён, Бог сьведка, і так зрабіў для абвінавачаных многа, калі павёў іх, зыходзячы з тэкстаў Сьвятога Пісаньня і сутнасьці нашага Госпада Ісуса Хрыста, да чыстых крыніц веры; цяпер яны будуць мусіць альбо напіцца, альбо ўтапіцца. Яны павінны будуць прызнаць і згадзіцца з хрышчэньнем і тайнасьцю эўхарыстыі, як і іншыя, альбо прыняць на сябе наступствы, зь якіх высылка за межы герцагства, бадай, самае лагоднае. А таму падыміся, наморшчы лоб і пытайся ў абвінавачаных, ad primum, ці ўсе людзі, за выключэньнем Хрыста, зачатыя і народжаныя ў спадчынным грэху і, вынікам, ці ўсе яны дзеці зла, — так альбо не?