Выбрать главу

У кожным разе я хацеў бы паставіць пад сумненне, што ён атрымае візу на ўезд у нашу Германскую Дэмакратычную Рэспубліку.

З добрымі пажаданнямі, асабліва Вашаму здароўю

Ваш адданы

(праф. д-р Dr. h. c.)

Зігфрыд Байфус

Інстытут нав. атэізму

Берлін, сталіца ГДР

Геру

праф. д-ру Dr. h. c. Зігфрыду Байфусу

Інстытут навуковага атэізму

Бэрэнштрасэ 39а

108 Берлін

German Democratic Republic

10 верасня 1980

Дарагі прафесар Байфус!

Ваша доўгае маўчанне, апошні раз я меў вестку ад Вас у ліпені, занепакоіла мяне. Нават з улікам непамерна зацягненай праз паштовую цэнзуру Вашай і маёй дзяржаў паштовай дарогі, я павінен быў бы пры Вашай руплівасці ва ўсіх датычных Агасфера пытаннях даўно пачуць пра Вас; ці не былі Вы хворыя альбо ці не было ў Вас якіх-небудзь службова абумоўленых перашкодаў у Вашым навукова такім патрэбным і карысным карэспандаванні са мною?

Я ў кожным разе хачу напісаць Вам цяпер, павінен гэта зрабіць, нават з улікам небяспекі, што Ваша мне пісьмо ў дарозе і перасячэцца з маім сённяшнім. Дзве прычыны, побач з маёй калегіяльнай заклапочанасцю духоўным і фізічным здароўем аднаго з нямногіх апрача мяне спецыялістаў па Агасферы, падштурхнулі мяне да гэтага. Адна прычына, што я маю абгрунтаваную перспектыву на фінансавую дапамогу з боку майго універсітэта для паездкі, якая дазволіць мне пабываць у месцах дзеянняў Агасфера, а таксама ў тэрытарыяльна прыналежным да ГДР Вітэнбэргу; пры выпадку я хацеў бы наведаць Ваш інстытут ва Усходнім Берліне і, магчыма нават да канца гэтага года, у суправаджэнні гера Агасфера, які сам бярэ на сябе дарожныя выдаткі і разам са мною рады асабіста пазнаёміцца з Вамі.

Другая прычына тэрміновасці майго Вам пісьма і мая спешка з ім яшчэ больш важная, яна нават, калі можна так сказаць, сенсацыйная. Менавіта гер Агасфер паведаміў мне, што рэбэ Ёшуа, якога вы ведаеце па яго грэцкім імені Ісус Хрыстос, зноў дзейны на зямлі: ён, Агасфер, не толькі бачыў яго, але і даволі працяглы час гутарыў з ім.

Вы, шаноўны гер калега, заўсёды ставілі пад пытанне існаванне Вечнага Жыда; Вы маглі б таму тут якраз і падняць пярэчанне, што дадзеныя міфічнай асобы маюць мала фактычнай каштоўнасці і што пра прадказанае ў тэкстах Новага Запавета хуткае вяртанне Ісуса Хрыста realiter так ці інакш не можа быць гаворкі, бо ўжо пра першую інкарнацыю нібыта сына божага няма цвёрдых гістарычных доказаў, ні габрэйскіх, ні грэцкіх альбо рымскіх дакументаў якога б там ні было роду, ніякіх крыніц акрамя менавіта гэтага Новага Запавета, розныя часткі якога розных жа і аўтараў яўна напісаныя на патрэбу прапаганды ўхіленага ад афіцыйнага іудаізму сектанцкага веравання і былі пашыраныя сярод людзей.

Я таксама, дазвольце мне гэта канстатаваць, лічу Ісуса ў дойдзенай да нас форме ў найвышэйшай ступені спрэчнай фігурай; я хутчэй сказаў бы, што рэбэ Ёшуа, які ў тыя часы хадзіў з пропаведзямі і парабалічнымі выслоўямі па Юдэі і сумежных правінцыях, яшчэ пры жыцці, а пасля смерці яшчэ больш акружаны праз сваіх прыхільнікаў мноствам ходкіх міфаў, пакуль нарэшце яго не абвясцілі за даўно чаканага яўрэямі месію. Але я не магу цалкам адмежавацца ад цвярозых слоў майго прыяцеля Агасфера, які стаяў перад мною, як, мабыць, перад Вамі стаяў бы Ваш гер д-р Якш з прыгаршчамі новых доказаў сваіх тэзаў, і я дапускаю, што і Вы не былі б не ўражаныя яго паведамленнем.