У выніку гэтага паведамлення рабі, як і тады ў белым, а цяпер брудным і падраным адзенні, павалокся ўгору па Дарозе Смутку, хістаючыся, як пад вялікім цяжарам, бледны, задышлівы. І тым не меней у турыстычнай мітусні гэтай часткі Ерусаліма, якая прыцягвае да сябе дзіўную публіку і ўсякага роду жабракоў, ён быў амаль не заўважаны; хіба што толькі некалькі маладых з гітарамі і рукзакамі за плячмі прыкмецілі яго, але пасля хутка пераключыліся на іншыя кур'ёзнасці. Ён, Агасфер, адразу пазнаў рэбэ Ёшуа: не дзіва пасля яго першай сустрэчы з ім на тым самым месцы. Ён увогуле не быў моцна здзіўлены паяўленнем рэбэ Ёшуа, адказаў гер Агасфер на маё ў сувязі з гэтым пытанне; так ці інакш ён даўно ўжо чакаў яго вяртання, і пачуццё dеjа vu пранікла ў яго, калі рабі зноў падышоў да яго і папрасіў дазволіць яму адпачыць у цяні ягоных дзвярэй.
Гэтым разам, праўда, мой сябар паведаміў далей, што ўжо паводзіўся не паводле вядомага ўзору. Замест таго, каб, як было, адаслаць рабі ад сваіх дзвярэй, ён запрасіў яго ў свой дом, і, цалкам зморанага і знясіленага, правёў праз усю сваю лаўку міма многіх, зразумела, крыху шакіраваных кліентаў, у дворык, дзе запрасіў госця ўтульна размясціцца сярод вінаградных лозаў. Шкляначку віна рабі адхіліў, гэтаксама як і кока-колу, толькі заакцэптаваў глыток чыстай вады і дазволіў прамыць яму на галаве крывавыя раны і не выдаў ніводнага гуку, толькі два-тры разы лёгка ўздрыгнуў, калі ён, Агасфер, у канцы прамывання памачыў ёдам некалькі больш глыбокіх праколаў і парэзаў.
Пасля, крыху адпачыўшы, рэбэ Ёшуа пачаў гаварыць. Гэта, патлумачыў ён, ужо апошняя станцыя ягонага прабывання, і паколькі мой сябар Агасфер хацеў ведаць, ці не думае ён сапраўды яшчэ раз дапусціцца да пытак, той з усмешкаю адказаў: не, гэтым разам не; прыйшоў іншы час, час, калі ўжо трэба не пакутаваць, а судзіць. На наступнае пытанне, каго судзіць, рабі не адказаў; ён падумаў, так сказаў мой сябар, што гэта і без таго ясна. І пра тых, якія так ліха абышліся з ім, ён выказаўся вельмі агульна і пакінуў адкрытым пытанне, была гэта тады ваенная паліцыя ці арабскія тэрарысты альбо проста нейкія валацугі, якія хацелі на ім астудзіць свой запальчык.
Намнога больш зацікавіла рабі іншая тэма: Армагедон, тая апошняя бітва перад канцом свету, за якою паводле падання павінен паследаваць Страшны суд. Ён гаварыў пра караблі, якія цікуюць пад вадою, а то і наогул пад вечным лёдам, нябачна для электронных вачэй самых адчувальных абаронных апаратаў, кожны аснашчаны шаснаццаццю ракетамі, кожная з якіх у сваю чаргу аснашчана шаснаццаццю саманаводнымі атамнымі боегалоўкамі, прычым кожнай з гэтых атамных боегаловак дастаткова, каб сілай выбуху і напалам цяпла разбурыць вялікі горад з усім, што ў ім дыхае, больш грунтоўна, чым сваім часам гэта зрабіў Божы вогненны дождж з Садомай і Гаморай. Пры гэтым Армагедоне, прадказаў рэбэ Ёшуа далей, могуць ужывацца таксама міжкантынентальныя ракеты, якія з хвіліннай хуткасцю могуць наляцець на цэль з таго боку мора і сваімі нуклеарнымі зарадамі, напрыклад, ад гары Сіён і святога горада Ерусаліма не пакінуць нічога, акрамя выпаленага кратэра і да таго ж сваім радыёактыўным дыханнем у коле, якое з аднаго боку сягае да ракі Ніл, а з другога да водаў Еўфрата, смяротна атруціць чалавека, быдла і расліны, аж нават і самую зямлю, на якой усё гэта расце. І такіх ракет, з горыччу ў голасе дадаў рабі, большых і меншых, з большай альбо меншай шырынёй ахопу і аснашчаных адпаведнымі выбуховымі галоўкамі, ужо ёсць шмат тысяч, і ўся гэтая пякельная сіла знаходзіцца ў руках нямногіх валадароў, людзей з абмежаваным мысленнем, якія пры кожнай нагодзе на ўсё горла дакляруюць, што гэты арсенал ім патрэбен для абароны міру, бо мір патрабуе раўнавагі страху; што азначае, калі адзін бок у стане знішчыць другі дзесяць разоў, каб толькі той не імкнуўся да гэтага зрабіць другому не толькі тое самае, але і пераўзыйсці другога, каб выйсці на дванаццаціразовы парог, каб, нават ужо пры апошнім уздыху з апошняга бункера яшчэ ўсё-такі можна было папомсціцца. У гэтым забойчым спаборніцтве яны ўжо дайшлі да таго, што былі здатныя вынішчыць усё, што пад небам, так што ад Божага тварэння не засталося б нічога, акрамя голай, пустой зямлі і далёкіх зорак. У сваёй празе да ўлады, сумешчанай са страхам перад сабе падобнымі, чалавек схапіўся за першародную сілу сусвету, але, не ўмеючы ні цугляць яе, ні кіраваць ёю; так сам Адам, калісьці створаны паводле вобразу Бога, зрабіўся зверам з сямю галовамі і дзесяццю рагамі, усеразбуральнікам, антыхрыстам.
Такая, паводле паведамлення Агасфера, была прамова рэбэ Ёшуа. І цяпер Вам, паважаны калега Байфус, словы рабі ў аснове фактаў будуць гэтаксама звыклымі, як і мне; толькі мы, выцясняючы іх, дзе толькі магчыма, з нашай свядомасці, навучыліся з імі жыць. Ён прапусціў магчымасць, прызнаў гер Агасфер, знайсці сабе яснасць у тым, адкуль рабі атрымаў гэтыя факты, ці праз людзей, якія далі яму адпаведную літаратуру, ці ад спецыялістаў альбо, можа, нават ад саўдзельных у справе; відавочна аднак было, што ён, не могучы прыняць удзелу ў нашай паступовай акліматызацыі ў атамным веку, з неразумствам, у якім мы рухаемся як бы само сабой зразумелым чынам, раптам быў канфрантаваны і адпаведна быў спалоханы — багатыя падзеямі тысяча дзевяцьсот гадоў, пасля таго як ён, як ён думаў, праліў сваю кроў за дараванне грахоў чалавецтва.