Юнаму Айцэну можна й прачытаць, што напісаў прыяцелеў Кіцынгенскі бацька на палях, але габрэйскія пісьмёны яму што абракадабра, ён толькі хоча ведаць, што яны азначаюць: чароўны заклён, ці праклён, а ці хто яго ведае што там яшчэ?
О, ён ведае некалькі габрэйскіх слоў, кажа Лёйхтэнтрагер і дадае на карысьць і ласку юнага Айцэна:
— Гэта ні чароўны заклён, ні праклён, гэта Сьвятое Пісаньне, словы прарока Эзэкіеля, а гучаць яны так: «Так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на пастыраў, і спаганю авечак Маіх з рук іхніх і ня дам ім болей пасьвіць авечкі, і ня будуць болей пастыры пасьвіць саміх сябе, і вырву авечак Маіх з пашчанак іхніх, і ня будуць яны ежаю ім» (Эз. 34:10).
Айцэну не па сабе, з аднаго боку гэта прарок, які цытуецца на пэргаманце, з другога гучыць для яго блюзьнерча, і ён пытаецца ў самога сябе, кім маглі б быць тыя пастыры, якія рабуюць у сваіх жа статках, і каго прарок меў на ўвазе; але потым суцяшаецца ў думках, што гэта ж усё было даўным-даўно, і пастыры сёньняшняга дня людзі прыстойныя, яны гоняць дамоў свае статкі гаспадарам дакладным лікам, і ён успамінае пра свой крыжык, які хацеў паказаць.
Але гэты адварочваецца ад крыжыка, быццам ведае яго дастаткова й нічога да яго ня мае на ўме, зноў хавае свае скарбы ў торбачку, бярэ свайго каня і ўзмахвае ў сядло. І згары кажа юнаму Айцэну, які пасьпяшае да яго:
— Можаце пажыць у мяне ў Вітэнбэргу, геру студыёзус; у доме доктара Фрыза хапае памяшканьня, якое я ўспадкаваў, яно цяпер маё; з платай мы ўжо неяк памяркуемся, не закаштуе табе цэлага сьвету. — Прышчоўквае языком і мчыцца далей.
А Айцэн, даганяючы, думае, як яно ўсё божым промыслам разумна складваецца і ўсё сваім часам; толькі-толькі быў паспадзяваўся, што доктар Мэланхтон, да якога ён мае ліст ад цёткі, мог бы паспрыяць яму ў пошуках стала й кватэры, асабліва калі ён упішацца яму ў вучні; а так вось яно яшчэ й лепш, бо каля вялікага настаўніка й прыяцеля Лютэра пэўна ж аціраецца шмат усіх усякіх, сярод іх ёсьць і куды разумнейшыя, хай, можа, і не такія старанныя, як Паўлюс фон Айцэн з Гамбурга. І ўсё ж, думае ён, усё ж…
Але пасьля спахапляецца. Ня трэба занадта ўшывацца ў чалавечыя таемнасьці, ня трэба нават лезьці і ў душу сябра Лёйхтэнтрагера, які вунь, едзе паперадзе, якраз ў засланае хмарай вечаровае неба.
Разьдзел трэйці. У якім рашуча сьцьвярджаецца, што тое, чаго не разумее школьная навука, ня можа йснаваць, нават калі яно ў жывой плоці перад вачыма
Геру
праф. д-ру Doctor honoris causa Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлін
German Democratik Republic
19 снежня 1979
Высокашаноўны гер калега!
Я атрымаў Вашу шматдастойную кніжку «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» і прачытаў яе з вялікай цікавасцю. У многіх аспектах, асабліва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якім на працягу доўгага часу служылі гэтыя міфы і часткова служаць яшчэ і сёння, я цалкам з Вамі згодзен. Нам, навукоўцам, вельмі залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такія найноўшыя міфы, пашыраецца, выступаючы пад імем навукі, і мы павінны, наколькі можам, дзейнічаць у духу асветы.
Але дазвольце мне зрабіць і некалькі заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далі назву «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда». Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяціў Агасферу — ён носіць і іншыя імёны — некалькі даследаванняў, папярэднія вынікі якіх я выклаў у прыкладзеным да пісьма перадруку з часопіса «Hebrew Historical Studies»; зроблены, бадай што, толькі крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маім студэнтам, таксама знаходзіцца ў дадатку.
Вы пішаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: «Для светапогляду, які не прызнае ніякіх недаказаных і недаказальных рэчаў і якія паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне існавання звышнатуральных істотаў (бог, сын божы, святыя і іншыя духі, гэтаксама як анёлы і чэрці) a priori немагчымае». Гэтым самым Вы катэгарызуеце і Агасфера як немагчымасць.
Каб не ставіць пад пытанне Ваш светапогляд, які Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялізму — ён несумненна мае свой мэрытум, — я хацеў бы, каб не дэталізаваць Вашыя далейшыя памылкі, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць ані недаказальны, ані недаказаны. Ён існуе шматразова, трохмерна, як Вы і я, з сэрцам, лёгкімі, печанню і ўсёй трыбуховасцю, і адзінае ў ім, што можна было б акрэсліць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасці: ён проста не памірае. Ёсць гэта перавага ці не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён і сам, здаецца, па гэтым пытанні выказваўся мала альбо, можа, і зусім не выказаваўся, прынамсі, асабіста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз.