Выбрать главу

Спекулятыўнае пытанне, як паводзіўся б Ісус і што ён сказаў бы, калі б сёння вярнуўся на зямлю, ставілі ўжо многія, Вы, мабыць, таксама, дарагі гер прафесар, нягледзячы на Вашыя атэістычныя перакананні. Паводле выказванняў Вечнага Жыда, адзінага чалавека, які можа надзейна ідэнтыфікаваць рэбэ Ёшуа і атэістычна засведчыць ягонае вяртанне, гэтае вяртанне адбылося. Дык ці можна адказаць на пытанне?

Гер Агасфер мяркуе, што можна. Ва ўсякім разе сам рэбэ Ёшуа непасрэдна даў адказ, і менавіта на гары Галгофе, на тым месцы, дзе колісь стаяў крыж. Менавіта туды яны павандравалі абодва, пасля таго, як ён, Агасфер, упрасіў рабі, памяняць сваё падранае і бруднае адзенне на белае, такое, якое носяць бедуіны, і там рабі, гледзячы ў неба, раптам усклікнуў: Элі, Элі, няўжо ўсё было марна — нагорная пропаведзь, крыжовая смерць? Ягня заколата, але ахвяра адкінута і забыта?

І пасля гэтага ён даўся ў маўчанне. А тым часам вакол яго сабраўся вялікі натоўп, тубыльцы, турысты, паломнікі, сярод гэтых апошніх група святароў розных хрысціянскіх канфесій, усе ў сваім абрадавым адзенні, і ўсе яны глядзелі на рабі, быццам перад імі быў прывід, і адна юная амерыканка, бледная, фанатычна крычала: Doesn't he look just like Jesus Christ?

Рабі, вырваны з задумення, пасля кароткага замяшання падняў руку са следам раны як бы на дабраславенне, але зноў апусціў; пасля гэтага натоўп, які сабраўся вакол яго, расступіўся, і ён пайшоў, і варта подзіву было, што ніхто з усіх прысутных людзей не шчоўкнуў фотаапаратам, хоць многія з іх мелі пры сабе камеры.

Мне застаецца толькі распытацца пра асабістую рэакцыю гера Агасфера на падзею. Аднак менавіта таму і не патрабавалася асабліва распытваць; ён сам расказаў, як моцна ўразіла яго вяртанне рэбэ Ёшуа, бо гэта надзвычай закранула яго асабісты лёс. Бо калі, сказаў ён, Ты застанешся і будзеш чакаць, пакуль я вярнуся спраўдзілася да гэтага часу, тык трэба чакаць, што і ў праклёне implicite для часу пасля вяртання рэбэ Ёшуа і яго ўшэсця таксама спраўдзяцца, а ён, Агасфер, тым часам павінен яшчэ сёе-тое ўрэгуляваць.

Вы, шаноўны калега Байфус, зразумееце хваляванне, з якім я пішу гэта пісьмо, але ж і маю радасць і задавальненне з таго, што я менавіта такога скептыка і марксіста, як Вы, магу першага паінфармаваць пра такую вялікую і дзівосную, хай хоць, на жаль, толькі з адной крыніцы пацверджаную падзею, якою з'яўляецца новае паяўленне рэбэ Ёшуа. Несумненна вы захочаце яшчэ раз пагутарыць пра гэта і іншыя цікавыя нам пункты з герам Агасферам і са мною падчас нашага візіту ў сталіцу Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, і я з вялікім спадзяваннем на плённы абмен думкамі чакаю яго.

А пакуль што добрыя прывітанні

Ваш

Ёханаан Лёйхтэнтрагер

Hebrew University

Jerusalem

Разьдзел дваццаць шосты. У якім рабі й Агасфэр выпраўляюцца на пошукі Бога й сустракаюць старога, які ведае таямніцу Кнігі жыцьця пад сямю пячаткамі й якога рабі заклікае да безразважнага супраціву

Мы шукаем.

Я, Агасфэр, ішоў леваруч рабі сорак дзён і ночаў, бо мы шукалі Бога. Але ён адмовіў нам, і вакол нас была пустыня і пустата і голая шэрань шэола, у якім усё расплываецца й чэзьне. І рабі быў поўны страху й няпэўнасьці й сказаў мне: Хто мы, каб нам спрачацца з Богам і прыкладаць свае маштабы да Яго ўстанаўленьняў? Ён ёсьць пачатак і канец, Ён быў перад часам і будзе пасьля яго, і ўлада яго бязь межаў.

А я сказаў: Чым быў бы Бог бяз нас? Крык бяз рэха, сіла бязь дзеяньня, прынцып бяз практыкі.

І як што мы зноў праблукалі сорак дзён і сорак ночаў, шукаючы яго, рабі спытаўся: А што калі б так было, што Яго зусім няма? Што сьвет і мы ад пачатку былі толькі сном, які расплываецца, як туман на ветры?

Рабі, адказаў я, вера, якая перастаўляе горы, горы ж і стварае; ты толькі павінен цьвёрда верыць, тады ты знойдзеш Бацьку.

І вось, рассунулася шэрань перад нашымі вачыма, і зазьзяла сьвятло, і асьвятліла нам шлях, і падняўся палац у канцы шляху, і быў ён з золата й срэбра й кедровай драўніны, усё каштоўнага вырабу, і каля сямі брамаў палаца стаялі сем брамнікаў у латах, і ў кожнага быў агнявы меч; але рабі прайшоў празь сёмую браму ў сёмую залу, у якой стаяў трон з каштоўных камянёў, якія блішчалі ўсімі колерамі сьвету, і на троне сядзеў нехта, ён быў апранены ў бліскучы шоўк і быў прыгожы, як анёл, з кучаравымі валасамі, на пальцах пярсьцёнкі, і сказаў: Я цар цароў, і я даўно ўжо чакаю цябе, сыне мой.