Выбрать главу

Тут замкнуўся твар у старога, і горкая ўсьмешка кранула вусны ягоныя і прыляцелі сем старых анёлаў з рэдзенькімі бародкамі й абскубленымі крыламі, і кожны трымаў у руцэ пашчэрбленую, заржавелую трубу й затрубілі ў іх і ўзялі рабі пад рукі й панесьлі яго прэч, угору, туды да яго трона ў вышніх, а Бог павярнуўся да мяне, Агасфэра, і сказаў, што чакаў ад мяне разумнейшага; маладому нельга давярацца, ён зноў усё зробіць навыварат.

Разьдзел дваццаць сёмы. Які тут галоўным чынам дзеля дакумэнтацыі і складаецца са службовага даклада маёра Пахнікеля свайму начальству па службе ў справе раптоўнага зьнікненьня (уцёкі з Рэспублікі?) грамадзяніна З. Байфуса, з дадаткам допісаў, пратаколаў і іншых матэрыялаў

Ад: Галоўны аддз. ІІ В (13)

Каму: Сакратарыят Савета Міністраў

Датыч.: Знікненне (уцёкі з Рэспублікі?)

грамадзяніна З. Байфуса

Берлін, 15 студз. 1981

На запатрабаванне службы я з гэтым распаўсюджваю папярэдні даклад, датыч. знікнення (уцёкі з Рэспублікі?) вышэйпамянёнага грамадзяніна Зігфрыда Вальтэра Байфуса, праф. д-ра Dr. h. c. (?) лаўрэата Нацыянальнай прэміі (ІІ класа), заслужанага народнага вучонага, трохразовага актывіста і кавалера многіх ордэнаў і ганаровых знакаў, кіраўніка Інстытута навуков. атэізму, 108 Берлін, Бэрэнштрасэ 39а. Прыкладзеныя дакументы і абгрунтаванні пранумараваны, датычнае гэтага даклада дадаецца.

Вышэйпамянёны, нар. 10. ІV. 1927 у Хемніцы, Сакс., сын зеляншчыка, 53 гады, жан. (жонка Гудрун, у дзяв. Еніке, был. сакратарка, у ц. ч. без прафесіі) і праж. 108 Берлін, Ляйпцыгер-штр. 61, 8-ы паверх; дзеці Фрыдрых (нар. 1963) і Урзула (нар. 1968); асоб. прыкметы: няма. Вышэйпамянёны ўступіў у Сац. адзіную партыю і з'яўляецца членам Таварыства германа-савецкай дружбы, лыжна-спартыўнага клуба «Прагрэс», а таксама Акадэміі навук.

Вышэйпамянёны знік 31 снежня 1980 г. паміж 23 гадзінай і поўначчу праз пралом (у чалавечы рост) у знешняй сцяне (напружаны бетон) сваёй кватэры. Тлумачэння ў форме развітальнага альбо падобнага роду ліста не пакінуў; у кожным разе, нічога адпаведнага не выяўлена.

Служба была 1 студзеня 1981 г. ў 2.35 гадз. пра знікненне вышэйпамянёнага ўведамлена па тэлефоне інспекцыі Нар. паліцыі (паліц. — обер. мнстр Гірш), і паведамленне было прынятае.

Змест тэлефанаграмы прыкладаецца.

Гірш: Тут адзін прапаў, нейкі Байфус, прафесар, вельмі вядомы чалавек, пралом у сцяне.

Служба: Пра які лом у сцяне? Дзе?

Гірш: Не пра лом, а праз пралом у сцяне, на Ляйпцыгерштрасэ,

Служба: У вас скразняк?

Гірш: Не ў нас. І не на Сільвестар. Мы калектыў сацыялістычнай працы.

Служба: Дык паведамляйце.

Гірш: Званіла жанчына. Яна гэта заўважыла, калі па радыё білі званы. Была вялікая кампанія. А як па радыё далі званы, яна хацела сказаць тост, а яго не было. А перад тым яшчэ быў. Тады пачалі шукаць. І знайшлі пралом.

Служба: А ён што, не мог пайсці праз дзверы?

Гірш: Я спытаўся і ў жонкі. А яна сказала, навошта ж тады пралом? Тады я паехаў на Ляйпцыгештрасэ з таварышам Рудэльманам.

Служба: І?..

Гірш: Стаяў натоўп каля дома. І сапраўды там быў вялікі пралом, чорная дзірка там, наверсе, добра відаць. Але ўнізе не было нічога, ніякага трупа, ні крыві на бруку, нічога.

Служба: А ў кватэры?

Гірш: Пралом быў цёмны па краях, як бы апалены, быццам сцяну прашыла ракета, з адпаведнай тэмпературай. Але госці кажуць, што нічога не чулі, ні стрэлу, ні выбуху. Яно канечне, вонкі ж быў феерверк, грукату хапала.

Служба: Што яшчэ вартага ўпамінання?

Гірш: На стале ляжала запіска, шрыфт нейкі вельмі ж дапатопны, цяжка прачытаць.

Служба: Яна ў вас? Паспрабуйце прачытаць.

Гірш: З Богам — маім — узыходжу — на — мур. І пад гэтым напісана: Псальма 17, двухкроп'е, 30.

Служба: Значыца, усё-такі ўцёкі. Адкуль вы тэлефануеце?

Гірш: З кватэры на Ляйпцыгерштрасэ.

Служба: Госці яшчэ на месцы? Вазьміце ў іх прозвішчы і адрасы і скажыце людзям, каб нічога нідзе не гаварылі пра здарэнне. І вы і таварыш — як вас? — Рудэльман? — каб і вы не распускалі язык. Служба сама паклапоціцца пра далейшае. Канец.