Раніцай 1 студзеня 1981 г. мне была пададзена сраваздача пра здарэнне, і я прыняў меры. Улічваючы магчымыя ўскладненні, я асабіста правёў некаторыя допыты.
Гутарка з грамадзянкай Г. Байфус у іх кватэры, як і грунтоўны агляд яе (фотаздымкі кабінета З. Байфуса і пашкоджанай знешняй сцяны прыкладзены) далі не большы вынік, чым паведамленне обермайстра паліцыі Гірша. У пакоі не выяўлена ніякіх прыкметаў барацьбы. На маё пытанне ў сувязі з гэтым фраў Г. Байфус паказала, што пакой не прыбіраўся і ў ім не рабілася ніякіх перастановак, толькі дзірка ў сцяне была занавешана кілімам, каб занадта не задзімала халодным ветрам. Шукаючы мужа, яна першая зайшла пасля поўначы ў пакой, убачыла дзірку і ўстанавіла выразна непрыемны пах, прыкладна як бы серны, але менш рэзкі. У той час, як яна ведала, усе госці яшчэ былі ў поўнай колькасці, 18 запрошаных, у большасці мужавыя калегі па працы з жонкамі ці сяброўкамі, і іншыя, дакладную колькасць якіх яна не магла ўспомніць дакладна, прыведзеных, як гэта водзіцца на Сільвестар гасцямі з сабою; сам муж прывалок з сабою нейкіх двух замежнікаў, яшчэ паполудні і замест таго, каб ёй і дачцэ Урзуле дапамагчы ў прыгатаваннях да вечарыны, выправіўся з імі ў кабінет, замкнуўся і доўгі час бурна і гучна там дэбатавалі; пазней, праўда, адзін з іх, такі невысокі кульгавы гарбун, выказаў вялікую гатоўнасць дапамагчы ў гарніраванні блюдаў і ўладкаванні буфета, раптам даў 6 пляшак віна, віно аказалася для прысутных дам надзвычай узбуджальным, сама ж яна з таго, на жаль, нічога не спажыла; апрача таго гер захапляў незвычайнымі картачнымі трукамі і па тых жа картах многім з гасцей вычытаў іх мінулае і будучае.
З паказанняў прысутных на вечарыне гасцей толькі адзін таварыш Якш даў звесткі, якія маглі б праліць дадатковае святло на знікненне З. Байфуса. Пратакол прыкладваецца.
Маё імя Якш, Вільгельм, д-р філ., нар. 3 верасня 1944 у Пазэвальку, праж. 117 Берлін, Шнэевітхенштр. 23. Я навуков. супрацоўнік Інст. навуков. атэізму і яго прэс-рэферэнт, член партыі.
Ужо на пачатку 1980 г. я заўважыў пэўныя анамаліі ў паводзінах кіраўніка інстытута праф. д-ра Dr. h. c. З. Байфуса, неспакой і няўпэўненасць, якія паяўляліся ў сувязі з пэўнымі навуковымі пытаннямі, і паступова набывалі ўсё большы аб'ём. Увосені 1979 г. З. Байфус апублікаваў кнігу «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання», якая, як і большасць яго публікацый, складалася з часткова пераробленых дакладаў членаў яго калектыву; толькі раздзел «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда» належыць ягонаму пяру і грунтуецца на пошуках і даследаваннях. На прадмет гэтага Вечнага альбо Вандроўнага Жыда, які меў імя Агасфер, пачаў ізраільскі грамадзянін праф. Ёханаан Лёйхтэнтрагер працяглую перапіску з З. Байфусам, у ходзе якое апошні высноўваў усё новыя і новыя тэорыі пра рэальны змест Агасфер-вобраза, тым часам як праф. Лёйхтэнтрагер сцвярджаў, што ў свой час пракляты Ісусам яўрэй сапраўды жыве больш як 1900 гадоў і сёння ўпраўляе абутковай лаўкай у Ерусаліме. Пры нагодзе службовых гутарак з З. Байфусам, якія, праўда былі ўсё радзейшыя, я выклаў свой пункт погляду, паводле якога ізраільскі прафесар альбо звар'яцеў, альбо збіраўся прафаніраваць нас і наш інстытут; пазней ў мяне з'явілася падазрэнне, што тут можа заходзіцца пра план тайных службаў і праз наш інстытут яны хочуць пранікнуць у рады навукоўцаў ГДР і разлажыць іх, і я своечасова паінфармаваў адпаведныя органы. Мне вядома, што З. Байфус у сваёй якасці кіраўніка інс. нав. атэізму папярэджваўся з боку Мін. выш. і прафесійнай школьнай адукацыі пра дзейнасць Ё. Лёйхтэнтрагера і А. Агасфера і яму было прадпісана паведаміць апошнім, што візіт з іхняга боку ў сталіцу Рэспублікі непажаданы.
Таму хто апіша маё здзіўленне, калі З. Байфус раніцай 31 снежня сказаў, што містэры Агасфер і праф. Лёйхтэнтрагер знаходзяцца ў Берліне і на працягу наступнай гадзіны наведаюць яго ў нашым інстытуце; мая прапанова дазволіць мне прысутнічаць пры магчымай гутарцы, бо я ж таксама займаўся матэрыяламі і неаднаразова гутарыў пра гэта з З. Байфусам, была ім энергічна адхілена; ён здольны, заявіў ён, свае навуковыя погляды прадстаўляць і без маёй дапамогі. Ключ, значыцца, ляжыць недалёка, і З. Байфусу не было патрэбы мець сведкаў таго, што ён меўся абмяркоўваць з двума ізраільскімі грамадзянамі. Але ён не змог перашкодзіць, каб я ўвечары 31.XII. з нагоды сустрэчы Новага года, якую ён і яго жонка ладзілі для сяброў і супрацоўнікаў і на якую ён прывёў абодвух, пазнаёміўся з імі персанальна.
Маё ўржанне ад праф. Лёйхтэнтрагера як і містэра Агасфера было, трэба думаць, неспрыяльнае. Праф. Лёйхтэнтрагер не саромеўся цалкам выкарыстоўваць цікавасць, якую ён як госць з заходняй заграніцы, нягледзячы на сваё калецтва, выклікаў у дам; А. Агасфер здаваўся хутчэй сумным, калі спрабаваў заінтрыгаваць прысутных не сваімі гістарычнымі ведамі, якія мне, праўда, месцамі здаліся сумніўнымі. На маё адносна гэтага пытанне А. Агасфер заявіў, што персанальна ведаў рэбэ Ёшуа альбо па-грэцку Ісуса, і паказаў мне, відаць, у доказ свайго сцвярджэння, рымскую манету, адну з трыццаці, як ён сказаў, што былі выплачаны Юду Іскарыёту за тое, што ён выдаў рабі тагачасным уладам. Праф. Лёйхтэнтрагер настояў на тым, каб з адной старадаўняй калоды картаў, якую ён насіў пры сабе, вычытаць мне мой лёс; ён прадказаў мне вялікую кар'еру, што ёсць ніякае не дзіва, бо ў нашай дзяржаве кожны мае светлую будучыню.