Выбрать главу

Але перад усім я мог на працягу ўсяго вечара назіраць за кіраўніком нашага Інстытута праф. д-рам Dr. h. c. З. Байфусам. Ён быў у стане ўсхваляванасці, што, можа, і не кінулася ў вочы іншым гасцям, якія на працягу мінулага года не назіралі за яго паводзінамі, мяне ж яны прымусілі задумацца, асабліва калі ён адвёў мяне ўбок, са значэннем падняў сваю чарку і спытаўся: «Якш, што б Вы сказалі на тое, каб мяне чорт забраў?»

Як так? — адказаў яму я. — Вы думаеце, Вы гэтага заслужылі?

На гэта ён захіхікаў, аж мне мароз па скуры пабег, павярнуўся і пайшоў да праф. Лёйхтэнтрагера, быццам той быў магнітам, які прыцягваў яго.

Крыху пазней зазванілі званы па радыё, госці пачалі цалавацца, і я пачуў, як фраў Байфус спыталася: «А куды гэта падзеўся мой Зігі?»

Але праф. З. Байфус знік гэтаксама, як і два ізраільскія грамадзяне Ё. Лёйхтэнтрагер і А. Агасфер.

Подп.: д-р Вільгельм Якш

У сувязі з гэтым варта адзначыць: перапіска З. Байфуса з Ё. Лёйхтэнтрагерам ужо даўно кантралявалася.

Прадпрынята ацэнка сітуацыі ў сувязі са знікненнем (уцёкі?) З. Байфуса; як толькі гэты аналіз паступіць, ён будзе прадстаўлены ў сакратарыят міністэрства.

Аднос. папярэджання З. Байфуса пра грамадзян Ізраіля Ё. Лёйхтэнтрагера і А. Агасфера і пра паступіўшае яму ўказанне з боку Мін. выш. і праф. школьн. адукацыі тав. д-р В. Якш правільна паінфармаваны. Гэта паследавала на падставе прадстаўлення ІІ В і ніжэйпадаванага паведамлення нашых арабскіх сяброў у Бейруце.

Сакрэтна

Аchab Ahasver located now at 47, Via Dolorosa, Jerusalem, also known as Johannes, Malchus, Cartaphilus, Giovanni Bottadio, Joerg von Meissen, Vassily Blazhenny, longtime Jewish agent. Sepecialty: Ideological penetration. On occasion, subject was observed in the company of one Jochanaan (Hans) Leuchtentrager, said to be a professor at Hebrew University, and may be assosiated with him in secret activities.

Яшчэ раніцай 1 студзеня былі прынятыя паведамленні ў сув. з уездам вышэйазначаных А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера ў сталіцу ГДР і іх прабывання ў апошняй. Было праверана таксама ў пунктах перасячэння граніцы, ці паследаваў выезд вышэйназваных, магч. ў суправаджэнні трэцяй асобы.

Вынікі праверак адмоўныя. Даклады прыкладваюцца.

Берлін, 5 студз. 1981 г.

На Ваш тэрміновы запыт аднос. уезду альбо выезду грамадзян дзяржавы Ізраіль А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера паведамляю, што

1. на імя памянёных асобаў візаў намі не выдавалася,

2. у пунктах перасячэння граніцы нашымі пастамі ні ўезд, ні выезд памянёных асобаў не зарэгістраваны, ні асобна ні ў суправаджэнні трэцяй асобы.

Расследаванне аднос. нелегальнага пераходу граніцы вышэйпамянёнымі працягваецца.

З сац. прывітаннем

Подп.: Кюнле, кптн.

Мін. ун. спраў

Берлін, 7 студз. 1981

Аднос. Вашага тэрміновага запыту магу Вас паінфармаваць, што памянёныя Вамі ізраільскія грамадзяне А. Агасфер і Ё. Лёйхтэнтрагер ні ў снежні 1980 г. ні ў першы тыдзень студзеня 1981 г. ні ў які гатэль альбо месца начлегу ў сталіцы ГДР не звярталіся і намі не рэгістраваліся.

Натуральна, памянёныя маглі забяспечыць сябе прыстанішчам у прыватным парадку.

Нашы расследаванні працягваюцца.

З сац. прывітаннем

Подп.: Мацман, кптн.

Прэз. народнай паліцыі

Аддз. пашпартоў і рэгістрацыі

Прыкладзеныя паведамленні стаяць у яўнай супярэчнасці з паказаннямі жонкі З. Байфуса Гудрун, а таксама тав. д-ра В. Якша і іншых гасцей, якія ўсе засведчылі прабыванне А. Агасфера і Ё. Лёйхтэнтрагера ў кватэры зніклага па вул. Ляйпцыгерштрасэ, 61 на вечары 31 снеж. 1980 г., прычым застаецца няясным, да поўначы ці пасля поўначы памянёныя былі імі бачаныя. Пададзеныя сведкамі апісанні асобаў супадаюць, асабліва ў частцы горба і кульгавасці нагі Ё. Лёйхтэнтрагера і ягоных картачных трукаў, а таксама тыпова яўрэйскага выгляду А. Агасфера, так што магчыма выкліканыя прыёмам алкаголю альбо іншых сродкаў галюцынацыі ў асобных прысутных здаюцца выключанымі, не кажучы пра рэальна існуючую адтуліну ў знешняй сцяне 8-га паверха ў доме па Ляйпцыгерштрасэ, 61 з моцна абпаленымі краямі.