Стась прамыў рану ёдам. Пачуў пад пальцамі кулю — сядзела ў мышцы.
— Каб было чым, я дастаў бы яе.
— Шпілька… мая шпілька для валасоў.
Працёршы шпільку ёдам, пачаў аперацыю.
У Аксаны з вачэй сыпаліся слёзы, але кароткі стогн вырваўся толькі аднойчы. Яна, хірургічная сястра, давала яму, фельчару-тэрапеўту, парады. I ён выкалупнуў вострую кулю. Але, можа, не трэба было, бо пачалося моцнае кровацячэнне.
Аксана бадзёрылася, спрабавала нават жартаваць: чаму ў яго няўпэўненыя рукі? А яны сапраўды сталі як драўляныя і дрыжэлі. Доўга павазіўся, каб накласці тугую павязку, расходаваў многа дарагіх бінтоў, якія, разумеў, цяпер асабліва трэба эканоміць. Але як не хвалявацца, калі бачыў, што дарагі чалавек траціць сілы: зусім спалатнеў твар, пасінелі вусны, праваліліся ў небяспечную глыбіню яе вочы, яе любыя вочы, у якіх незвычайна адбіваўся ўвесь свет, усе пачуцці яе. Але ўпершыню ўбачыў у іх страх, і гэта спалохала больш, чым сама рана.
— Не кідай мяне, Стасік.
— Што ты, Аксана! Зараз пайду, знайду яго каня…
— Ты не зразумеў… я на той выпадак, калі… ім не кідай жывую. Але сам з-за мяне не памірай. Не памірай! Жыві! Табе трэба жыць!
Каня ён не знайшоў, на дарозе яго не было. Пэўна, паліцай ехаў дадому, і конь спакойна пабрыў па знаёмай дарозе, коні, як і людзі, спяшаюцца ў родную стайню. Ці спалохаўся стрэлаў, калі не прывучаны, і павалок воз у невядомы бок, можа, зачапіўся дзе ў лесе і стаіць ці вырваўся з аглобляў. Але шукаць часу няма. Трэба адыходзіць. Калі конь прывалачэцца дадому без гаспадара, яго тут жа кінуцца шукаць. I калі ў сяле гарнізон ці хаця б пост паліцэйскі…
— Можаш ісці?
— Канешне, магу.
— Абапірайся на мяне. Вінтоўку возьмем, лішняя зброя не пашкодзіць. Добра было б накрыць яго хоць ламаччам.
— След…
— Але, след.
На апалых лісцях ляжала начная шэрань, на растаптанай намаразі заставалася ад ног яркая здрадлівая сцежка.
— Трэба прабірацца ў сасоннік, на ігліцы такіх слядоў не застаецца.
Звярнулі ў ельнік, але елкі там маладыя, кашлатыя, трэба нагінацца пад галлём, а Аксана не можа схіляць галаву. Яна старалася ісці ўпэўнена, нібыта і без яго дапамогі, але Стась адчуваў, як цяжэла рука на яго плячы і як хілілася яна, збівала крок. Тады ён прыпадымаў яе і нёс. Аксана пратэставала.
— Не хапай. Так у цябе ненадоўга хопіць сілы. Пакуль я іду сама…
Пакуль… А потым? Ведаў, што неўзабаве яму прыйдзецца несці яе. Але Аксане пра гэта не сказаў.
Заміналі мяшок і вінтоўка, асабліва вінтоўка; ён не служыў у арміі і насіў вінтоўку хіба на ваеннай падрыхтоўцы ў медтэхнікуме, вучэбную, з дзіркай у дуле, без патронаў. Тры абоймы ляжалі ў паліцэйскага ў шынялі. Стась пералажыў іх у сваю кішэню. Хацелася паглядзець пасведчанне. Але не мог павярнуць нябожчыка — лепш не бачыць яго твару, каб не прыдаваўся. Так лягчэй: забіў ворага, не чалавека — як на фронце.
Аксана згадзілася з ім: лепш не бачыць.
— Вечнай памяці яму не будзе. Разумны чалавек праехаў бы міма такіх начлежнікаў. Колькі цяпер блукае па свеце людзей! Дзе ж ім заначаваць? А ён усвоіў фашысцкую формулу: страляй у кожнага падазронага. Стрэліў…
— А ў яго, напэўна, дзеці. Што іх прымушае ісці на такую службу?
— Ненавідзяць уладу нашу.
— За што? У мяне дзядзьку арыштавалі ў трыццаць восьмым. Помніш, як мяне хацелі выключыць з тэхнікума? Добра, што ён жыў далёка, на Урале, і я толькі малая бачыла яго. Ён муляр, завод будаваў…
— Не гавары многа — траціш сілы.
— Не бойся. Сілы ў мяне хопіць.
А крок збівала часцей і часцей, цяжэй павісала на яго руцэ.
Выйшлі ў бор. Але пад соснамі раслі чарніцы, на іх след заставаўся яшчэ больш выразны — зялёная сцежка.
А потым адкрылася поле. Землі тут камяністыя, бедныя, але краявіды незвычайныя. Нехта назваў мясціны тутэйшыя беларускай Швейцарыяй — вядомая з падручнікаў геаграфіі Беларуска-Літоўская града. Поле нешырокае, сотні тры-чатыры крокаў, а далей зноў лес, узбіраўся на круты ўзгорак малады бярэзнік. Але поле засеяна азімінай, і на рунь сеў больш густы іней, чым у лесе. Узышло сонца, і поле ажно іскрылася, зіхацела, сляпіла вочы.
«Божа мой, якое-яно, жыццё!» — упершыню з душэўным смуткам падумала Аксана.
— На такім полі сцежка ад слядоў будзе відна вунь з той гары, за дзве вярсты.
Паспрабавалі абысці азіміну і выйшлі на торную дарогу, пясчаную. Небяспечна ісці па ёй, але сляды на пяску хутка растаюць. I Шабовіч рызыкнуў. Падхапіў Аксану падпашкі і ўподбег рушыў па дарозе. Прабеглі так да лесу ў падэшвы ўзгорка і… апусціліся на зямлю.