Выбрать главу

Тут, у чацвёртым горадзе, сёння я сустрэў яго, бацьку таго Юрка. Толькі праз месяц пасля трагедыі.

Сустрэча была для нас абодвух зусім нечаканай, i я сказаў яму «ты» — упершыню, міжвольна, як бывала ў мяне часамі з кім-небудзь з маладых сяброў, каму хацелася сказаць штосьці ад душы. Юркаў бацька быў у спартыўным касцюме i здаваўся ад гэтага шмат маладзейшым нават за свае трыццаць пяць. Страшная смерць адзінага сына наогул зрабіла яго ў маіх вачах ледзь не юнаком, бездапаможным, страшна свабодным, з глыбокім болем у душы.

Ён мне сказаў, што тут, у пісьменніцкім доме творчасці, ён не адзін, a з жонкай. Я ведаў, яшчэ з другога далёкага горада, што жонка яго павінна хутка нарадзіць. Я не папрасіў перадаць ёй мае прывітанне не толькі таму, што мы не знаёмыя, але i таму, што прывітанне маё магло б ёй здацца яшчэ адным спачуваннем, якое ёй не патрэбна цяпер, пасля жахлівай страты, перад новым хвалюючым набыццём.

Ён мне сказаў, што праз гадзіну яны ад'язджаюць, ён вось толькі забег у буфет, узяць ёй штосьці у дарогу. Нічога больш не гаварылі мы, ні я, ні ён, a толькі яшчэ раз паціснулі рукі, хоць i не дзіўна было б,— так адчувалася,— каб мы абняліся на развітанне.

* * *

Нарада наша ў пэўнай меры міжнародная. Уранні з Масквы, разам з трыма рускімі прыехалі два палякі, з Вільнюса адзін літовец, а латышы — на месцы.

Учора. ўвечары я быў адзін з прыезджых, знаёмых у доме больш не сустрэў, i цяпер мне прыемна ў гурце. Тым больш, што прыехалі i сябры, з якімі добра пабачыцца.

У нашай групе толькі адна жанчына. Руская. Як гэта часта, ці нават заўсёды бывае, наша мужчынская ўвага нейкім міжвольным чынам звернута на яе. Няхай сабе гэта i непрыкметна, толькі адчуваецца кожным па-свойму, пра што я, праўда, магу пакуль меркаваць па адным сабе.

Мы сабраліся ў светлым, утульным кутку вестыбюля, чакаем аўтобуса, які нас павязе на экскурсію ў Рыгу. Сядзім, стаім, гаворым, маўчым.

Я расказаў, між іншым, пра маю ўчарашнюю сустрэчу з Юркавым: бацькам, пра страшную смерць малога, і, паколькі гаварыў гэта перш за ўсё свайму рускаму сябру, дадаў:

— Юрко. Называўся таксама, як мой...

I тут яна, адзіная сярод нас жанчына, раптам устала i адышлася. I засталася там, як быццам заглядзелася ў акно.

Мы сумеліся. Найбольш, здаецца, я. Амаль падсвядома, толькі па адчуванні нейкай незразумелай віны я падышоў да яе i сказаў:

— Прабачце, калі я што не так...

Словы былі не тыя. Яна памаўчала, a потым адказала з намаганнем на спакой:

— Гэта не той выпадак, калі просяць прабачэння.

I я тут яшчэ раз заўважыў, ужо выразна, зблізку, якая яна сумная...

* * *

Ён i паэт, i архітэктар. Цікавае, рэдкаснае спалучэнне. Ён любіць свой горад з добрым веданнем яго i хоча паказаць нам усё як найлепш.

А я не ведаю яшчэ, што неўзабаве мне забаліць ад новай выпадковасці, ажно скажу ў душы: «I навошта вы, малады, інтэлігентны, іменна з гэтага пачалі?..»

Бо ён пачаў чамусьці з могілак латышскіх стралкоў.

А на тых могілках, залітых вераснёвым сонцам, святло якога ўзмацнялася ад золата нерухомай лістоты, якраз тады, калі мы падышлі, здалёк пачуўся пахавальны марш.

Я ўжо ведаў, чаму адзіная сярод нас жанчына — у такой непрыступнай сумоце.

Музыка нібы дыхнула на яе, ды так, што цяжка стала, як супраць лютага ветру ісці, i яна пачала адставаць ад усіх, каб застацца каля ўвахода.

I я не змог ісці далей. Я падышоў, пацалаваў яе руку, i мы нічога не гаварылі.

* * *

Мора хацела штосьці, штосьці, штосьці сказаць... Чакаў, чакаў, чакаў — не сказала... Так i пайшоў.

Гэта — учора.

Потым вецер усю ноч атакаваў наш дом, а як заднела — поўны месяц клікаў з ашклёнай верхатуры на зямлю, пад сасновы пошум, да шуму марскога.

Хацеў ёй пазваніць, нібы ўпэўнены, што не спіць i яна. Потым «узяўся за розум»: а што ж за блізкасць такая?.. Выйшаў адзін.

Мусіў вярнуцца, бо вецер i дождж.

Чайкі пакурчыліся на змытым пяску i адступаюцца ад хваль. А вецер падганяе ix, каб патупалі, умацоўваючыся на далейшае стаянне. Нават i грэюцца, махаючы крыламі.

З балконнага акна відно, як ходзяць зялёныя хвалі сасновых вяршыняў. Вострая вежа кірхі стаіць непарушна i толькі жмурыцца ад вострага дажджу.

А на балконе гайдаецца ціха, відаць, пачаўшы яшчэ звечара, лазовае крэсла-гайдалка.

* * *

Рускага я палюбіў спачатку па творах. Памяць пра тое, што я прачытаў даўно, хвалюе здалёк, сустрэча з новым падмацоўвае гэтае хваляванне. А пры сустрэчы з ім самім я неяк молада ганаруся нашаю дружбай. Молада — хоць я за яго старэйшы.