Выбрать главу

Недаўменне: няўжо гэта ява? I агіда, пануры цяжар на душы.

У першым завулку, крыху багацейшым, не вельмі шмат людным, на нізкіх падаконніках адчыненых вялікіх вокан сядзеў жывы тавар. Пакурваючы, перагаворваючыся, жанчыны гэтыя рэкламавалі сваю галізну неназойліва, з нейкай як быццам упэўненасцю ў сваім значэнні i неабходнасці. Нават нейкае адчуванне ўласнай годнасці, ці што. Гэта пачулася мне ў абражаным выкрыку адной з ix на турыста, на жываце ў якога вісеў фотаапарат у незашпіленым футарале: "Max цу!" — зашпілі.

У другім завулку, вузкім, цёмным, а потым яшчэ i крытым, i значна шырэйшым, падобным на брудны падземны гараж, голыя жанчыны стаялі кожная каля свае кабіны. Густа валэндаўся п'яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка. Яны ж стаялі моўчкі, нерухома. Памалу ираходзячы каля ix, я прыглядаўся, наколькі гэта прыстойна было, да вачэй, да выразу твараў гэтых... усё ж такі не манекенаў.

Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм.

Голыя целы жанчын — у такой масавасці, у такім здзеку, сярод натоўпу апранутых мужчын — гэта балюча напомніла мне архіўныя фотаздымкі гітлераўскіх карнікаў: чэргі жанчын, распранутых перад расстрэлам...

А побач з гэтым, на вуліцах светлых, у нахабстве рэклам салідна шпацыруюць бюргерскія пары, часта з малымі ўнукамі; на ганку сексмагазіна забаўляюцца дзеці гэтых прагрэсіўных крамнікаў; у неба ўздымаецца велькапышная кірха...

Гучыць вячэрні звон. На малітву.

На захадзе сонца цудоўнае неба.

За дамамі, на бруднай Эльбе, бялеецца наш цеплаход.

I сум... І жаданне на ўсю глыбіню зразумець, што ж яно ў чалавечым жыцці да чаго...

1973

КОСЮ, МОЙ КОСЮ...

Спачатку была Садоха. Не наша, бо мы тады тольri што вярнуліся з бежанства i свайго каня яшчэ не купілі. Прыехаў паараць сваяк з другое вёскі. Ён называет майго тату дзядзькам, а сам называўся дзядзька Сцяпан.

Садоха — белая, вялізная, як слон у кнізе, большая за ўсіх коней, якіх я перад ёю бачыў. Гэта, відаць, таму, што яна была першая, да якое я падышоў так блізка, на якую потым i сеў — ca Сцяпанавых рук.

Калі аралі агарод, кабыла цяжка дыхала, а мне было так цікава глядзець — на яе, на дзядзьку Сцяпана i на зямлю, што за плугам рабілася новай, чарнейшай.

Другі конь быў ужо наш. Дэраш, сібірачок, які тут застаўся з царскай вайны. Калі ён што цягнуў, дык гэтак жа бедніўся, што хоць ты з літасці бяры яго адразу выпрагай. А выпрагуць, дык ён падбрыкнуў ды пабег. Яшчэ i пакачаецца, на снезе або на раллі, пафыркае, патрасецца.

Да той далёкай вёскі, куды мы часамі ездзілі ў госці, лічылася ажно семнаццаць вёрст. Па дарозе былі яшчэ дзве вёскі з нашымі сваякамі. Дэраш ведаў, што мы туды заязджаем, ведаў нават, у якую браму паварочваць. У першай вёсцы, датупаўшы да сваяцкай хаты, ён, нібы так тут i трэба, паварочваў з вуліцы ў двор. Яго тузалі ляйчынай: «А ты гэта куды?» Нават i растлумачвалі: «Заедзем вечарам». Дэраш круціў галавою i тупаў далей. У другой вёсцы, яшчэ праз тры вярсты, ён паварочваў у двор наступнага сваяка. Аднак яго тузалі зноў, а то i папраўлялі пугай. Дэраш не толькі круціў галавой, але i ўздыхаў, а то i лаяўся ў душы, па ваеннай, абознай прывычцы. Ясна, цяпер ужо ўсё — заставаўся найбольшы кавалак дарогі.

Трэцяй была магутная, з чорнай грывай на два бакі, злосная Машка, якую нашай маме, тады ўжо ўдаве, i прадалі, хутчэй за ўсё таму, што кабыліца злосная. Заказырыцца нечага — у хлеў ніхто не зойдзе. Пугаю выганялі, зверху, з бэлькі. Яе хвошчуць адтуль, а яна то на дыбы, то іўкае — калі не зубамі, дык капытамі хоча дастаць. Найбольш не любіла жанчын. Не заўсёды, часамі, калі занаровіцца. А то бывае i доўга спакойная. Асабліва паспакайнела жарэбная.

Тады яе трэба было што дня праводзіць, i гэта часцей за ўсё даручалася мне, пасля школы. Маці cnaчатку баялася за мяне, а потым неяк, калі старэйшы брат падсадзіў смаркатага казака i я ўжо меўся рушыць з двара, яна сказала:

— Стары сабака ніколі дзіцяці не ўкусіць. I гэтая, бачыш, таксама.

Адзін з такіх маіх выездаў быў не так сабе па дарозе, а з невялікай нагрузкай. Трэба было заехаць у суседнюю вёску, да цёткі, узяць «трохі воўны». Там я з кабылы не злазіў, цётка вынесла воўну, дала яе дзядзьку, i дзядзька падаў мне той лёгкі клуначак... А мне было зверху смешна, што цётка ведае Машку, блізка не падыходзіць.

Адчуванне вышэйнасці на гэтым не закончылася. Мне было мала спяваць на пустой, з раз'езджаным снегам дарозе, уяўляць сябе рыцарам з прачытаных кніг, нават рыцарам, закаханым у Соньку з пярэдняй парты. Я палажыў свой клуначак на шырокім Машчыным крыжы i прылёг на яго галавою. I тут ужо Машка іўкнула так, што я i клуначак шчасліва зваліліся ў снежную гразь, кожны ў свой бок, а яна, ужо зусім не па-жарэбнаму, ірванула галопам.