Выбрать главу

Жанчына гэтая, ужо даўно не дзіця, сведчыла разам з іншымі супраць таго, хто выслужваўся перад тымі немцамі, камандаваў такімі, як сам, паліцаямі, а потым дваццаць год хаваўся, змяніўшы прозвішча i з'ехаўшы далёка ад мясцін, дзе здрадзіў.

На следстве i на судзе ён, вядома ж, не памятаў ні Івана, ні бацькі, ні маці яго, а малое сястры — тым больш. I не таму, што нявыгадна было ix памятаць. Такіх, як той Іван, многа было сярод павешаных, закатаваных, спаленых i ім самім i па яго загаду. Ну, а бацьку тады ён каб толькі ўбачыў на плошчы, каб толькі пазнаў у натоўпе... Дый гэтую, каб спадзяваўся суда, лепш было б загадзя... Спачатку, у сорак першым, у сорак другім, яны рабілі такое не вельмі спраўна, не да канца, як рабілася потым.

Іванаў бацька пайшоў пасля на фронт i не вярнуўся. Маці, яшчэ i ад гэтага, другога ўдару, заплакалася зусім, «памерла не ў сваім розуме». З ваеннага маленства i да сведчання на судзе Іванава адзіная сястра так i прыйшла амаль непісьменнай ціхоняй, якая «больш нічога добра не памятае».

Хата іхняя згарэла. Бутэлькі з паперамі не знайшлі. «Здаецца, i не шукалі. Можа, я нават сказаць пра яе забылася...»

Можна толькі прыблізна ўяўляць, які ён быў, той Іван. Што ён крыкнуў на возе, над вісельняй? Што ён пісаў, што загінула ў чорнай бутэльцы?..

Успамінаю самога сябе, свае васемнаццаць гадоў. I мне хацелася пісаць, i мне было б што хаваць... Але мае юнацтва прайшло не тады.

Стаўлю на тое Іванава месца свайго юнака. I той — далёкі, незнаемы — робіцца ад гэтага балюча блізкім.

А ён жа, той Іван, быў i не я, i не мой сын, i не адзін з тых маладых, каго я навокал бачу i чую, кім часамі любуюся. Ён быў толькі адзін, толькі самім сабою. I ён больш не паўторыцца.

Як многія, многія, многія...

2.

У вялікай палескай вёсцы асфальт. Дзеці гуляюць на трохкалёсных веласіпедзіках. Гудуць грузавікі, грукоча трактар. У лужынах узбоч асфальту спрадвечным ладам кумкаюць жабы. Здалёк i зблізку бялеюць на дубах буслы.

I сонца, столькі сёння сонца! Пасля дажджлівых дзён —- як быццам новае, яшчэ раз лета.

На ўскраіне вёскі, побач з вялікім помнікам па жыхарах, памардаваных фашыстамі — чатырыста дваццаць шэсць чалавек! —прытуліўся маленькі, прымітыўны помнічак з такою эпітафіяй на шэрым, ужо састарэлым цэменце:

з. п.

Грыцевич Сямён Димитравич род 1908 и ево дети Марыя Ева Ганна Апанас Вера Иван Апанасав 1940 г пагибли ат немцав в 1943 г. Пам. мужу и детям, ат жаны.

Вакол двух помнікаў стаяць пасляваенныя бярозы. Яны даўно ўжо тоўстыя i гладкія, з багатай, цёмнай лістотай. Невінаватыя, што ім так сыта раслося тут на крыві.

Бабулю, што паставіла той помнічак, мы засталі ў кухні, за вялікім акном якое лілова-бела i радасна-густа цвіла ў агародзе бульба. Бабуля ўжо зусім нямоглая, семдзесят сем гадоў. Столькі работы ўсякай перароблена. A колькі ўсяго перажыта... Распытваць — страшна, балюча дакранацца горкай памяццю.

Яна паверыла, што трэба расказаць, i расказала.

«...Па сем'ях стралялі. Дык я ўжо ішла сваёю сям'ёю. Гаспадар з дачкою з аднаго боку, a ca мною другія. Дык яны як застрачылі, дык мае ўпалі нежывыя, а я яшчэ раз ступіла i ўпала. I мяне прывалілі людзі. Во пасюль, па грудзі...»

З-пад трупаў, з адрыны, у якой забівалі i спальвалі, жанчына тады вылезла i, разам з вельмі нямногімі, пайшла-пабегла ў лес. «Маладая была, трывушчая. Не тое, што цяпер...»

Сёння бабе зусім ужо няможацца, a жыць яшчэ ўсё трэба. Не проста жыць, заслужана адпачываць, а памагаць у хаце. Пасля вайны яна сышлася з другім чалавекам. Ён пазалетась памёр, а яна вось гаворыць: «Сілы няма, а памагаць трэба». Хоць ты цытуй гэтую прастату, як афарызм, аплочаны нягодамі, пакутамі жыцця.

Яна якраз карміла «вельмі распусную» ўнучку, якой не сядзелася ў бабулі на каленях. Удзвюх яны нагадалі мне i маю, таксама калісьці нямоглую ды з унучкай. I стала добра, гаркавата на душы... Усе яны i ўсюды так падобныя.

Светлая трохгадовая дзяўчынка пішчала, тузалася з калень, ад місачкі з малочнай кашай. Вырасце — будзе бабу сваю, магчыма, памятаць. Але ці так, каб зразумець, адчуць, якая яна сама была цяжкая для гэтых сухіх, дрыготкіх рук, для каленяў, для сэрца, што жыло, сяк-так трымалася яшчэ ўсё абавязкам мацярынства?..

А хто ж такі «Иван Апанасав 1940 г»?

Мы спыталіся, i бабуля растлумачыла. Пра ўсю сям'ю. Сямён — гэта яе першы чалавек. Марыя, Ева, Ганна — гэта ix дзеці. Апанас i Вера — дзевер з жонкаю. A Іван Апанасаў — іхні малы. «Якраз такі во быў, як гэтая». Што на каленях.

Расказаць пра той страшны дзень мы бабулю не так угаварылі, як спакваля разварушылі пытаннямі. А зняцца з унучкай — ледзь упрасілі. Можа, i не згадзілася б, але прыйшла з фермы нявестка, румяна-ўвішная маладзіца. Узяўшы малую ў пакой, яна завіхнулася там, i хвілін праз некалькі адтуль у кухню пачулася: