Выбрать главу

Аладкі былі ячныя ды пухкія, адна ў адну. Сала Маня насмажыла, яец. Была i чарка, i столькі прычын выпіць яе ў ахвоту. Аднак, тое ранняе ранне — вось ужо больш за трыццаць год — помніцца мне з неадчэпнаю прыкрасцю.

Разумны, спраўны мужчына быў той Алесеў швагер Міхась. А як жа яна бэштала яго!.. Не спецыяльна пры нас, a відаць, што прывычна, можа, нават лягчэй, чым каторага разу сам-насам. Алесь быў у Марозаў не проста самы старэйшы, ён гаспадарыў у хаце, калі ix бацька памёр,— Маня павінна была б хоць яго цяпер паважаць. А я ж наогул першы раз у хаце. Алесю было няёмка перада мною, але ж ён у нас, у атрадзе, такі дабрадушны вахлак, што i слова не скажа, усё пераносіць цярпліва, як быццам гэта патрэбна яму для чагосьці важнейшага. Міхась таксама ціхманы. А можа, i прывычны ўжо, каб кешкалі. Яшчэ ўсё за тую вялікую ласку, што зроблена яму на ўсё жыццё.

«Мой хіба слова людскае скажа!.. Толькі i ведае, што сёдлы гэтыя ляпіць... Як ты нясеш яе, гэтую бутэльку — хоць бы ўжо чыста выцер!.. Як ты жуеш!.. Што ты шморгаеш носам!.. Ды што тут, божа мой, будзеш казаць!..»

Так вось яна, чорт вазьмі, i пакутуе за ім. А ён — мужчына, што толькі глядзі на яго ды любуйся — ён усміхаецца, гнецца, маўчыць. Добра, што хоць малыя спяць, не чуюць ды не бачаць гэтага. Цяпер? А кожны дзень?

Адзін раз было ўжо ясна, што тая зямля, тыя пасажныя дзесяціны,— зусім не тое, чым яны былі ў той час, калі Міхась яе браў. У трыццаць дзевятым зямлі давалі ад панскага — толькі ары ды сей. Далі i Міхасю, больш чым пасажнай. Быў бы ён не жанаты з табой, дык i не зірнуў бы на цябе без літасці, а тут... Няўжо ж пры разумных братах ты такая дурная, каб усцешыцца ў сорак першым i аж дагэтуль лічыць, што ўласнасці тваёй ніхто не адбярэ?.. Цяпер ужо наша свабода не за гарамі, а на Дняпры, на Дзвіне. I ты ж, вядома, рада разам з усімі добрымі людзьмі. За што ж тады ты чалавека, бацьку тваіх дзяцей, брыдзіш ды кешкаеш святою раніцай пры браце, што даўно табе за бацьку, i пры мне, што ўпершыню зайшоў сюды братавым сябрам, таварышам, госцем? Няўжо так моцна ты ўжо яго да сябе прывязала — тою пасажнай зямлёй?..

Шкада, як пабачыш калеку. Хлопца — таксама, але дзяўчыну больш. Нядаўна бачыў я адну ў тралейбусе. Таксама бедная з горбам, як i тая Маня, але ж маладзенькая. I ў капялюшыку модным, i валасы пафарбаваныя, i губы, i вейкі, i над вачыма. Можа, калі-небудзь раней, у маладосці, па мімалётнай дурасці чалавек i ўсміхнуўся б, гледзячы на такую дарэмную неадпаведнасць, але цяпер, у нашых гадах... Не дай бог быць бацькам такога дзіцяці!..

Алесь разумны быў чалавек. Ён шкадаваў сястру, змалку прывык шкадаваць. Можа, таму i маўчаў, не толькі з-за няёмкасці перада мною.

А муж? I пашкадуй яе, i палюбі, i цярпі кожны дзень. З-за дзяцей, якіх не пакінеш? Ці i ён яшчэ ўсё з-за зямлі — хай бы яна правалілася, тая зямля?..

Скажы цяпер каму-небудзь i бойся, што не паверыць. I сам ужо, здаецца, не паверыў бы, каб не бачыў, не памятаў.

РАКЕТА

У жніво вясковым людзям няма калі адпачываць, i таму калгасны дом адпачынку «Сосны» запоўнены гарадскімі.

Тройчы ў дзень прыходзіць сюды з райцэнтра невялікі рэйсавы аўтобус. Апошні прыпынак, пасажыраў бывае звычайна няшмат — хто-небудзь з недалёкай вёскі або тыя, што тут адпачываюць.

Вось ужо некалькі дзён апоўдні сюды прыязджае цётка з двума чамаданамі. Яна пажылая, а чамаданы старыя, упяразаныя матузамі i — нават збоку гледзячы — цяжкія. Але з аўтобуса да лаўкі пад ялінай цётцы недалёка. Там яна распяразвае свае чамаданы i адчыняе ix. У меншым грушы, у большым яблыкі. Пачынаецца гандаль.

Бабулі, мамы, тата ці дзед выбіраюць лепшае ў сеткі, цётка важыць бязменам, лічыць дробязь i сыпле яе ў старую сумачку. Дарослыя i малеча патроху разыходзяцца, у чамаданах застаецца трохі выбіркаў, а то i нічога не застаецца, i цётка адпачывае, чакаючы апошняга аўтобуса, у семнаццаць пятнаццаць.

Сёння ў мяне такі настрой, што нікуды не хочацца, i я сяджу на лаўцы пад елкай, без асаблівай ахвоты да гутаркі. Мы засталіся з цёткай удваіх, i яна спакваля ўцягвае мяне ў леную гутарку. Нават не вельмі ёй трэба, каб я гаварыў,— толькі пытанне якое падсунеш, калі i самому робіцца цікавей.

Цётка — з хутара, што пры самай вёсцы Вялікае, адзінаццаць кіламетраў адгэтуль. Чамаданы i праўда цяжкія, але ж выносіць ix з саду на дарогу ёй памагаюць. А то як-небудзь i сама. Садок харошы, не марнавацца ж такому дабру. Яшчэ разы на два будзе прыехаць. А там i работа ж таксама, дарма, што чалавек на пенсіі... Які парадак у іхнім калгасе? Быў парадак, як быў той старшыня, якога ўжо другое лета няма.