Ды тут яго справядлівыя думкі, як гэта таксама часта бывала, здаліся хлопцу нізкімі,— з ix пошлым мяшчанскім разлікам, з ганебнай баязлівасцю. Усю сваю злосць на цесця, на такое жыццё, на самога сябе Віктар паслаў у рукі.
— Зломіш вясло! — не вытрываў цесць.— Не падабаецца? Сур'ёзнасці на грош няма. Камсамолец! Студэнт!..
Маўчанне было пасля доўгім i прыкрым. Тым больш, што i хваля пайшла — зусім ужо не для прагулкі напуста.
Генюсь зматаў свае дарожкі, скруціў леску Віктаравага спінінга i, хочучы падмяніць хлопца, каб павярнуць дахаты, устаў.
— Сядзець! — крыкнуў Генюсю Ён.— Назад! — скамандаваў зяцю, не азіраючыся цераз плячо.— Назад давай!.. Такія рыбакі!..
У голасе яго было ўжо значна менш абурэння i адказнасці, больш — апошняй заечай адвагі.
Лодка, зрабіўшы цяжкі круг, пайшла ў той бок, дзе быў іхні бераг, амаль нябачны з-за хваль i імжэння. Цяжка было меркаваць, што лодка набліжаецца туды хоць патроху. Яе то паднімала, то кідала ў яму, то зноў паднімала... Увесь ратунак быў у руках весляра. Генюсь сядзеў спакойна. Яму такое — што на кані падляцець, дый не галопам, а рыссю. Віктар не ўпершыню на вёслах, дый хлопец ён спраўны i дужы. Дачапаем памаленьку. Толькі вось гэты... Яшчэ i крычыць!.. Спакойны Генюсь ужо зусім не ўсміхаўся. А без усмешкі ён здаецца вельмі сумным.
Найгорш, аднак, выглядае Ён. Не ў кабінеце з тэлефонамі, а на бязмежнай, раскалыханай глыбіні, у такой прымітыўнай лодцы, дзе не матор, а вёслы, а на вёслах — безадказны малакасос, у лодцы, з якое гэты шляхцюк у чыгуначнай шапцы пачаў ужо выплёхваць ваду. Малой кансервавай бляшанкай, чорт цябе ўзяў бы!.. Скруціўшы леску спінінга на катушку, Ён моўчкі, з усёй сур'ёзнасцю трымаўся аберуч, абапал сябе, за мокрую лаўку i толькі плюшчыў вочы ды аддзімаўся. Ад нахабна-краплістага ветру, супраць якога яны нібыта грабліся...
A ўсё ж ратунак прыйшоў!.. Спачатку толькі паказаўся на вадзяным, зыблівым ды замглёным даляглядзе. Чорнаю плямкай. Пасля з гэтай плямкі вырас i аформіўся сілуэт рыбгасаўскага катэра. Затым пачулася пагрукванне матора. Каму — ратунак, радасць, а яму — штодзённы рэйс: у дальнюю брыгаду, па начны ўлоў.
Неўзабаве Ён са штатам сядзелі ў вялікай i зусім бяспечнай шкарлупіне катэра, а ix пустая лодка падскоквала ды віляла ззаду на прывязі. Генюсь, Віктар i матарыст закурылі i разгаварыліся, больш — раскрычаліся ў маторным грукаце. А Ён, што ўжо тым часам поўнасцю акрыяў ад патаемнага жаху, нават i спінінг распусціў дарожкай. Правей ад лодкі за кармой, i далёка, амаль на ўсе сто метраў жылкі.
— Зловіць! — штурхануў Генюсь Віктара, з усмешкай кіўнуўшы на згорбленую ў ватніку спіну,— Во! — паказаў, развёўшы рукі: такога.
— Ат! —зморшчыўся ў адказ студэнт.
Матарыст, загарэлы хлапчына з чорнымі ад мазуты рукамі, засмяяўся. Нячутна ў грукаце, толькі бліснуўшы зубамі.
Ды раптам стаўся цуд!.. Цесць выпрастаў спіну, пачаў хутка круціць катушку. Неверагодны шчупак паказаўся. Бліснуў у хвалях жывым бумерангам, схаваўся, бліснуў зноў, схаваўся і, нарэшце, пляснуўся ў катэр. Зноў цуд — не адарваўся над вадой, трапіў сюды без падсака.
Шчупак у адчаі кідаўся, біўся па днішчы даўно ўжо звыклага да рыбы катэра. A Ён адзін, другі раз таптануў яго нагой у гумавым боце, папаў-наступіў на здабычу i аглушыў яе, разоў некалькі, з драпежным хэканнем, ударыўшы па гадаве прышыбкім іржавым балтом, які схапіў з-пад ног. Дабіўшы, паглядзеў на шчупака, робячы папярэдні падлік, адвярнуўся i горда паведаміў:
— Тры кілаграмы.
Віктара нібы нячысцік падштурхнуў.
— Два,— паправіў ён цесця.— А два з палавінай — i грошы з мяшком.
Генюсь i матарыст толькі пераглянуліся. Каму дык Ён — цесць, a каму дык i шышка: не варта мяшацца.
Цесць паглядзеў на зяця, памаўчаў, чакаючы, што той сам усвядоміць сваю нетактоўнасць. Але, не дачакаўшыся, паціснуў плячыма, пайшоў на шчаслівае месца i зноў, прысеўшы, пусціў сваю блешню за борт.
Тады Генюсь штурхануў Віктара пад бок i, стрымліваючы сваю шырокую ўсмешку, звярнуў хлопцаву ўвагу на матарыста. А той здаравяка, прыкусіўшы губу, каб не гыкнуць, паказаў рукой на тое, чаго даволі шмат валялася пад нагамі. Віктар зразумеў. Ён асцярожна падкраўся па шчупака, яшчэ раз паглядзеў на цесцеву сурова-важную спіну i, молячыся ўсім багам, каб той не азірнуўся, пачаў аперацыю...