Выбрать главу

Пасля было трыумфальнае шэсце. Трыумфатарам быў, вядома ж, сам Ён. Ca шчупаком на кукане, трохі адпушчаным у руцэ, каб хвост амаль даставаў да зямлі. Не дачнік, а палкаводзец у ватніку, пераможца, што ведае i не такія трафеі. За ім ішоў яго штат. Зяць, толькi са спінінгам у руцэ, i Генюсь, з дзвюма дарожкамі на рагулінках. Толькі i радасці, што падміргнуць час ад часу адзін аднаму...

Гаспадара, старога Малібогу, Віктар знайшоў у кухні.

Адзінокі ўдавец, стары ўставаў на досвітку, даіў карову i выпускаў яе за браму, на голас гуртавога пастуха, пасля выносіў парсюку, карміў курэй і, падхадзіўшыся, лажыўся на засланы ложак з ботамі i з кульбай — падрамаць. Да снедання, якое дзед варыў трохі пазней. Перад вайной, пры Польшчы, ён быў спраўны гаспадар, сям'я была, як у людзей. Але гняздо даўно ўжо разляцелася: дочкі павыходзілі замуж, гаспадыня памерла, сын пасля службы ў арміі застаўся ў горадзе. Нават i бацьку кліча да сябе. Але стары не хоча, калі не сказаць, што i не можа адарвацца хоць ад кавалачка зямлі, сотак у агародзе i ўласнага, абжытага кутка. Пакуль маглося, дзед працаваў у калгасе, а цяпер жыў трохі з пенсіі, трохі з гаспадарачкі, a трохі з дачнікаў, да якіх, як i ўсе ў гэтай надазёрнай, прылясной вёсцы, прывык здаўна. Дзеда, трэба сказаць, паважала ўся вёска. Хто за гады, хто за былую спраўнасць у гаспадарцы, а хто па-сваяцку. У большасці хат былі ў яго то сёстры, то браты, то пляменнікі, то ўнукі. Першай стрэчы, другой, i далейшыя, але ўсе сваякі — маладзейшыя за яго. Патрыярх.

Разбуджаны Віктарам, пан Малібога,— стары любіў, каб яму па-даўнейшаму гаварылі «пан»,— зняў з цвіка шапку, надзеў, паправіў аберуч i, прыпадаючы на кульбу, накіраваўся цераз двор да свірна.

Там ужо стаялі ўсе, усім штатам,— i пан Іван Піліпавіч, i пані Глафіра Мікалаеўна, i маладая пані Лілька, i пан Генюсь. Дзед павітаўся, самавіта прыпадняўшы за доўгі казырок сваю мяккую, нібы пераламаную кепку, паглядзеў на шчупака ў руцэ Івана Піліпавіча i ветліва рагатнуў:

— Хе-хе! Папаўся, падла! Віншую пана, віншую!

Адразу за парогам, выбраўшы трохі вольнага месца, у свірне стаяла вага. Шчупак быў паложаны на яе, i хвост ягоны крыху павіс над краем. Пан Малібога ўрачыста паваражыў малымі, большымі, меншымі гірамі і, нарэшце, паведаміў:

— Тры кілі i чатырыста грам. Трошкі нават з пераходам.

Цесць паглядзеў на зяця. Віктар стаяў вінаваты, нікчэмны. Цесць паглядзеў на Генюся. Зяцеў рыбалавецкі сябар i настаўнічак, босы ды непаголены, у недарэчнай тут форменнай шапцы, ён таксама стаяў, як намочаны. Цесць-бацька-муж i пераможца паглядзеў на ўсіх астатніх...

Пані Глафіра Мікалаеўна, былая красуня, жанчына ацяжэлая, уладная, называла свайго i за вочы, i ў вочы па прозвішчы: Міхалап. Тут ужо ён быў штатнай адзінкай.

— Ну, Міхалап,— сказала яна,— ты ў мяне дома сядзець не будзеш!

Пакуль ён спраўляў ранішні туалет, адпачываў у піжаме на раскладушцы; пакуль Глафіра Мікалаеўна забаўлялася за перагародкай з унукам; пакуль Віктар калоў за адрынай дровы, дзед у кухні дадрэмваў сваё, а Генюсь стаяў на суседнім двары, за плотам, от сабе, размаўляючы з Малібогавым суседам,— шчупаком займалася каля свірна Лілька.

Адтуль i пачуўся потым яе ўстрывожаны крык.

Праз момант уся сям'я была ўжо там. З'явіўся Генюсь. Прыкульгаў стары.

З нажом у акрываўленых руках Лілька глядзела то на ўсіх, то зноў, як i яны, на шчупака... Той ляжаў ужо без жаўтлява-зеленаватай кашулі, з раскроеным жыватом. Адтуль, як нямытая морква з базарнай сумкі, відаць былі... кароткія, іржавыя балты...

Тры чалавекі ведалі тут пра ix паходжанне. Прычым адзін, сам Ён, толькі цяпер здагадаўся. Маўчаў, наліваўся да чырвані святагіпертанічным абурэннем, але маўчаў, нібы i сам аглушаны балтом. Віктар маўчаў таксама. Трымаўся студэнт па-сапраўднаму мужна, як быццам хата яго была — на самым краёчку. Ці вытрываў бы да канца Генюсь, цяжка сказаць. Яго — зусім знячэўку — выручыў пранізлівы паравозны гудок.

— Мой, ліха яго галаве! — радасна схамянуўся старэйшы з двух злачынцаў. Усцешаны выхадам са становішча, ён прыпусціўся па двары, па вуліцы — на голас службы, сустракаць вузкакалейны цягнічок. I Генюсю было лягчэй, чым Віктару,— босы начальнік станцыі свабодна пырхнуў смехам адразу ж, трохі адбегшыся.

Здзіўленне выказвалі толькі жанчыны.

Пан Малібога пастаяў, абапёршыся на кульбу, паглядзеў на рыбіну з-пад доўгага козыра кепкі i вырашыў, мясцовы патрыярх, мудра i канчаткова:

— Што вы хочаце, пане Іване Піліпавіч! Пры немцах тут у возера накідалі ўсякага жалеззя. Ён гэта, падла, i наглытаўся. Бывае!..

1966