Выбрать главу

Безліч таго, што «чытаецца лёгка, цікава», востры сюжэт, займальнасць, калі за імі нічога больш няма, забываецца — што адразу, а што спакваля, a ўжо каб перачытваць ix — ну, хіба толькі ад безвыходнай пустаты.

A перачытваючы сапраўднае, у настроі спакайнейшым, чым першы раз, не толькі яшчэ больш паглыбляешся ў галоўнае, але i ўдзячна заўважаеш дабротнасць (ці, можа, добрасумленнасць?) апрацоўкі ў дэталях, бачыш, як неабходна гэта для мастацтва, якое робіцца не на раз, не пад моду, a назаўсёды.

* * *

Успомніў расказ аднаго з бывалых дзядзькоў пра даўняе «увеселительное заведение» на ярмарцы. Балаган з шыльдай: «Вход и выход пять копеек». Заплаціў, увайшоў, выйшаў —усё. I скардзіцца няма на каго: толькі ж гэта на шыльдзе i напісана.

Пра займальнасць, калі яна — самамэта.

* * *

«Еш, дурань, бо то з макам!»

З мусу, па службе чытаючы мноства вершаванай прадукцыі, возьме часам ды ўспомніцца:

«Еш, дурань, бо то з рыфмай!»

* * *

Збянтэжыўшыся перад веліччу сапраўднага мастацтва, бяздарнасць не змоўкне, не пакіне графаманіць. Часовая разгубленасць тут пераходзіць у патаемны цынізм: «Як ні пішу — абы грошы. Усё роўна ўсіх Талстых ды Чэхавых не перагоніш...»

Зрэшты, цынізм тэты не заўсёды патаемны: паміж сабой такія літаратары дзеляцца i гэтым крэда.

* * *

Разбіта бяздарная кніга жывога халтуршчыка. Грунтоўна, доказна, нават спакойна.

Аўтаравы сябры, дый сам ён, яшчэ глыбей панураны ў нявінную журбу, менш за ўсё пярэчаць па сутнасці справы, але, адводзячы агонь, больш за ўсё абураюцца тонам.

Хваліць можна тонам любым.

* * *

Удалую рэч выгадна напісаць яшчэ i таму, што тады некаторыя з вашых сяброў скажуць другім некаторым, што, пачынаючы з гэтай рэчы, вы для ix — сапраўдны пісьменнік.

Хоць яны i перад гэтым хвалілі кожны ваш новы твор. Таксама горача і... шчыра.

* * *

Калі я, быўшы падлеткам i юнаком, цішком выняньчваў свае першыя «вершы», a потым i «апавяданні», i не мог часамі нацешыцца ўдачай,— што гэта было: ужо творчая праца ці яшчэ нявінная гульня? Ці, можа, адно i другое разам?

Магло быць i так. Бо праца ў чалавека пачынаецца з гульні — з наіўнай гульні ў разумную працу жыцця. Гэта патрэбна i, перш за ўсё, натуральна.

* * *

Славуты фізік:

— Сваім студэнтам-першакурснікам я гавару, што яны дурні, калі не лічаць мяне круглым ідыётам. Гэта патрэбна для руху наперад. A ўжо на чацвёртым, на пятым курсе яны могуць дазволіць сабе i аб'ектыўнасць. Бяда, калі яны задоўга будуць адчуваць сябе першакурснікамі.

Такое падыходзіць i для лірыкаў.

* * *

Вывучу столькі, колькі трэба, каб ведаць, куды я прыйшоў, што мне рабіць i як мне пайсці адгэтуль. I ніколі не будзе зашмат, i не будзе вялікага смутку, што я не ўведаў усяго, бо ў пазнаванні — радасць, i яна бясконцая.

* * *

Як бы хацелася прадбачыць, ужо сёння адчуць тыя добрыя словы, якія скажа пра мяне сапраўдны друг, калі мяне ўжо не будзе!..

1971—1975

АДКУЛЬ ПАЭЗІЯ

* * *

Ранняя, шэрая раніца. Дворнічыха, пажылая, сумна заклапочаная жанчына, лапаціць снег з шырокага тратуара. Мернае, аднастайнае шкрэбанне, якога хопіць надоўга.

Насустрач старой, па начной яшчэ, непрыбранай, чысценькай белі ідуць на першую праходку ясельныя дзеці. Як заўсёды, за ручкі, пацешныя ў сваім мініяцюрным падабенстве да людзей дарослых.

Першы хлопчык, што не трымаецца за руку з сябруком, a ідзе як быццам спераду, спыніўся i сам у сябе спытаўся:

— Што гэта бабуля робіць? — I ўсцешана здагадаўся: — Дарогу для нас!

Дворнічыха перастала лапаціць, выпрасталася i ўжо ўсміхаецца, адно што не кажа: «Праўда, для вас».

Так усміхаюцца толькі дзецям.

* * *

Осла. Порт. Да нашага цеплахода прыйшоў пацешным парадам дзіцячы духавы аркестр. У горадзе пачаўся традыцыйны тыдзень музыкі. Канцэрт, які мы слухаем з ніжняй палубы.

Дзябёлы чорны дырыжор аж прысядае, каб быць бліжэй да сваіх малых i маленькіх трубачоў ды барабаншчыкаў, i падпявае ім, размахваючы доўгімі рукамі ў белых пальчатках. Настаўнік!

Добра зблізку глядзець на твары, нібы расшыфроўваючы яшчэ адзін народ.

I неяк па-новаму дзіўна, што вось i нельга прабіцца словамі з тых моў, якія ты ведаеш, у чыстую душу, якой любуешся праз дзіцячыя вочы, дзіцячую ўсмешку.