Выбрать главу

Космас, галактыка, міжпланетныя сувязі... А на Зямлі яшчэ столькі вялікай работы!..

* * *

Успаміны — як вочкі той сеткі, якую мы пляцём усё жыццё, адзінай сеткі, адзінай справы жыцця.

Уранні зноў мяне наведаў нечаканы ўспамін. Пра тое, як я калісьці вяртаўся зімою з вёскі, дзе многа пісаў у ціхай братавай хаце, i як мяне дома, яшчэ на дварэ, сустрэў мой малы. Не ішоў, а бег перада мною на пяты паверх, сам пазваніў, сам крычаў маме, што я прыехаў, спяшаўся распранацца i — адразу патрабаваў свайго, па чым засумаваў у месячнай разлуцы.

Мы з ім палеглі на дыване, паставілі там, на падлозе, лямпу з зялёным абажурам i чыталі. П'еро, Андэрсена, Талстога, Носава, народныя казкі... Не ўсё зараз, вядома, a штосьці з названага.

Не праходзіць такое бясследна. Ці не таму ён днямі, ужо тым часам юнак, прылёг увечары на тахце, дзе я сядзеў, галаву палажыў на мае калені, нібы так сабе, нібы між іншым, i доўга не вызваляў чупрыну з-пад мае рукі?..

He круці галавой, калі будзеш гэта чытаць. I мне пісаць такое як быццам няёмка. Як быццам гэта — толькі наша з табою, не больш.

* * *

З намі тут, у вёсцы, маленькая Дануся, якая ўся жыве ў казачным свеце, заражаючы гэтым i нас.

Учора пад вечар удвух з сынам-студэнтам праходзілі каля знаёмай сасны, дзіўна нахіленай над ракою, з грывай галля — толькі ад вады. На апусцелай буслянцы, якая вянчае сасну, марадзёрылі вароны, штосьці там матлошачы. Без буслоў i жабам жывецца вальней ды смялей. Над самым берагам, дзе ён адхонны, многа ix уцякае з-пад ног ці тлуста чмякаецца ў ваду.

I мы смяяліся, як падзяцінеўшы, што ў жабаў, чаго добрага, i свята ёсць такое — «бусліны адлёт».

— У ладкі плешчуць,— кажу, уявіўшы, як яно выглядала б у мультфільме. A фізік мой дадае:

— Яшчэ таму буслу i хустачкамі махаюць.

* * *

Уранні мы з ёю сустрэліся каля сталовай дома адпачынку. Снедаць яшчэ ранавата было, ніхто не ішоў. А яна ўжо сядзела на лаўцы.

— Здарова, Алеся! Ты ўжо, відаць, паснедала?

I вітацца, i адказваць — замнога адразу, i яна толькі адказвае:

— Паснедала.

Мама малое працуе тут на кухні. У Алесі румяныя, поўныя шчокі, a саліднасць — на пятым годзе — як у дарослай. Нават i хустка завязана «пад бараду», як у бабулі-калгасніцы, пры якой малая гадуецца.

Навокал сосны.

— Вунь там вавёрачка. Бачыш?

Вавёрачкі няма, але мне хочацца пагаварыць.

— Я ўчора бачыла. Яна там учора скакала.

— А ты хацела б так, як яна, паскакаць на сасне?

— Што я — дурная па дрэвах скакаць?..

Дома, у горадзе, ёсць у мяне такая ж суседачка. Толькі што далікатна, чула выхаваная іншай бабуляй, артысткай на пенсіі.

Аднойчы, у дачным лясочку, тупае па дарожцы толькі ў трусіках, бела-пяшчотная, поўненькая.

— Мурашка мяне ўкусіла. Але ж і я зрабіла ёй непрыемнасць.

— Якую?

— Патрымала за ножку ўніз галавою.

ПЕРШ ЗА ЎСЁ – ВЕРЫЦЬ

I сапраўды — колькі ж можна цярпець! Гавораць, гавораць, плявузгаюць, а ты ўсё слухай...

Дзед Цалуйка ідзе па вуліцы, з таго боку, дзе за вёскаю лес, нясе поўны кошык чырвоненькіх мухамораў i ва ўрачыстым настроі чалавека, да якога прыйшло нарэшце вялікае адкрыццё, уголас думае:

— Марочаць галаву, што ix не можна есці. Грыб — грыбам. Што ж ты яму за ганьбу даеш? Няма чаго другому гаварыць...

Сёння нядзеля, верасень цёплы, i людзі сядзяць на лавачках перад хатамі. Дзедаў характар, свабоду волі i думак ведаюць усе, але такога, каб мухаморы... I ўсім весела, бо i не верыць жа ніхто, што да таго ўсё-такі дойдзе.

Дзед набліжаецца да хаты, у якой жыве доктар, бачыць, што на лавачцы сядзіць яго жонка. Ён прыцішае хаду i стрымлівае свой маналог. Нават гаворыць нездаволена:

— Здрастуйця вам!

Пятроўна — калгасны рахункавод, але па мужу яе называюць дакторкай. Жанчына ветлая i людская. Павітаўшыся ў адказ, яна заклапочана кажа:

— А вы, Цалуйка, i праўду... Ды вы, відаць, жартуеце? — А на дадатак, нібы ў якім прадчуванні, яна гаворыць, ужо ўдагон старому: — Іванавіч паехаў у раён.

Адышоўшыся столькі, колькі спатрэбілася для поўнай смеласці, дзед узяўся зноў за сваё:

— Іванавіч... Многа ён, твой Іванавіч, разбіраецца... На грашах седзячы — чаму не вымышляць!.. Я больш забыўся...

Яшчэ не сцямнела, калі прадчуванне збылося. Дакторка даіла карову, a ў двор да ix убегла, плачучы, дачка старога, учотчыца Зіна, i закрычала:

— Пятроўна, міленькая! Наварыў, поўны чыгунчык наварыў! Наеўся!..

— Госпадзі! — устала ад каровы гаспадыня.— А яго ж яшчэ дома няма!..

Дзеда Цалуйку адратавалі. Пры мужу i Пятроўна трохі разбіралася. А потым, на шчасце, вярнуўся i муж.