1974
АБЫ НА ЗДАРОЎЕ
* * *
Трэба думаць, што птушка спявае толькі таму, што захацелася спяваць.
Маладзенькая пасудніца Айстэ, літоўка з яшчэ дзіцячымі коскамі, дзіцячымі вачыма i губамі, з гуллівай усмешкай i сарамлівым выстаўляннем кончыка языка — любіміца ўсяго санаторыя Айстэ — уключыла ў пустым вестыбюлі прайгравальнік i пад гукі моднага танца модна i міла танцуе. I вучыцца, i цешыцца — усё сама сабе.
Я прыпыніўся, ідучы з марозу, i паглядзеў здалёк, i стала хораша на душы, дарма, залішне сур'ёзнай ды пацяжэлай.
* * *
У парку.
П'яны хацеў паказаць малым вельмі смешнае. Схапіў сабачку за хвост, размахаў вакол сябе, каб шпурнуць у раку, але выйшла наадварот — цюцька на бераг паляцеў, а дурань — у плашчы, без шапкі, пад гальштукам — у неглыбокую i гразкую ваду.
Бурная радасць дзяцей.
* * *
Пра гэтага чалавека гавораць, што ён «суб'ектыўна сумленны». «Каб гэта ж ад ад наго яго залежала... Каб у яго не сям'я... Каб яму не трэба было друкавацца, абараняць дысертацыю, ехаць у замежнае падарожжа...» Можа, ён i сказаў бы тады якое смялейшае, разумнейшае слова. А так сумленне ў яго — «аб'ектыўнае», «на грамадскіх пачатках» — звыш усіх тых названых i не названых «каб».
* * *
Лепей ужо самому піць, чым наліваць паважанаму госцю гарэлку, а сабе — ціхачом, непрыкметна — ваду.
«З маральных меркаванняў».
* * *
«Туды выбраны толькі лепшыя з лепшых...» Чуючы такое, адразу i міжвольна думаеш пра самога сябе, нявыбранага, i пра іншых, што таксама не «лепшыя», а — выходзіць па простай логіцы — горшыя.
Калі гэта — жарт у мяне, дык зусім ужо прыкра чуць тое «лепшыя з лепшых» ад чалавека, што сам трапіў туды i сам жа пра гэта гаворыць, нават — тым больш абдумана — піша...
* * *
Ад перастаноўкі складаемых сума не мяняецца.
Убачыў у газеце яшчэ адзін здымак таварыша, які апошнім часам вельмі ж прыкметна дбае пра сваю партызанскую славу, i ўспомніў тое, што мне другі таварыш гаварыў пра гэтую славу,— колькі сапраўдных герояў адсунута ў цень...
Гераізм наш быў вялікі, усенародны. Многа герояў займае належнае месца, многіх народ яшчэ не ведае, пра многіх не даведаецца ніколі.
А тою акалічнасцю, што «сума не мяняецца», задаволены асабліва тыя, хто так ці інакш прымасціўся на віднейшым месцы.
* * *
«У рабоце семінара прыняла ўдзел...» Так будзе заўтра надрукавана ў газеце. I я магу засведчыць, што гэта праўда. Я сам бачыў i чуў, як яна пазваніла алоўкам па графіне, калі адзін з удзельнікаў семінара больш-менш цікава выступаў i ў зале пачулася ажыўленне.
* * *
Госця, блізкага чалавека, папрасілі заспяваць. I ён спявае. Нягучна, але прыемна i шчыра.
Гаспадыня, дама цалкам станоўчая, паслухала разам з усімі, а потым, выбраўшы зручную паўзу, спакойна, салідна сказала бясспрэчную ісціну:
— Калі б вам, Міхаіл Пятровіч, своечасова паставіць голас, вы маглі б добра спяваць.
Госць не вельмі збянтэжыўся: ён яе ведаў даўно. Яму хацелася, у тон гаспадыні, дадаць: «Магчыма, нават i на сцэне». Ды ён маўчаў i думаў:
«А я на сцэну не хачу. I не збіраўся. А хачу проста спяваць, калі бывае весела, i тады, калі плакаць хочацца, i тады, калі з добрымі хлопцамі, хоць i ўяўляючы толькі, што мы спяваем добра...»
Толькі цяпер яму спяваць ужо больш не хаце л ася.
* * *
Зямляк, былы барытон у славутым ансамблі, хваліцца шчыра, што перайшоў на... мясакамбінат, i там яму жывецца значна лепш.
— Уранні бясплатная шклянка кофы i булачка, a ўдзень — тры блюды за пятнаццаць капеек...
I трэба ж было так доўга барытоніць!
* * *
З адным работнікам выдавецтва стаялі мы ўдвух каля нейкай гарызантальнай, глыбокай нары. Гаварылі пра штосьці вясёлае, i раптам аднекуль пачуўся несусветны лямант знаёмага графамана, якому толькі што забракавалі рукапіс. Крык набліжаўся, i я, каб схавацца, уцячы ад яго, нырнуў у тую нару. Далека, глыбока — ажно пачаў задыхацца...
Дзякуй богу — прачнуўся!
* * *
Сустракаючы самыя простыя прозвішчы, бачыш, што любое слова можа быць умоўным, i ганарыцца можна прозвішчам Дзірка, Парцянка, Дубіна...
«Мы, Дубіны, любім есці забелены панцак гарачы...» Чым гэта горш, менш ганарова за «мы, Вішнявецкія», «мы, Сапегі»? Або той «друг человечества граф Безбородько» (ці як там яго), што насмяшыў мяне такою эпітафіяй у някропалі Аляксандра-Неўскай лаўры.