Выбрать главу

«Няўжо ўсё гэта — я? Гэтыя рукі, ногі, твар? Гэтыя думкі пра самога сябе?..»

Як быццам ёсць яшчэ нейкі іншы я, які вось можа назіраць мяне такога, як я ёсць, збоку...

* * *

Старыя запісы ў блакноце, зробленыя дваццаць дзевяць год таму назад. Перачытваю іх — і раптам дзіўна стала, што гэта іменна я, а не хто іншы пражыў так многа. Многіх сучаснікаў, сёння ўжо сталых, у той час яшчэ не было, многія былі дзецьмі, а я ўжо тады адчуваў сябе бывалым, ужо азіраўся назад і баяўся, што не паспею зрабіць таго, што павінен.

Дзіўнае, сцішнаватае яно — адчуванне прасторы за табой, прасторы перажытага...

І тое яшчэ, як ты тады — даўно, у розны час — упіраўся лбом у сваё невядомае, якое цяпер так проста бачыцца, а сёння — упіраешся зноў, у тоё невядомае, што будзе...

* * *

Зусім не хістаюцца толькі слупы, асабліва — глыбока ўкапаныя.

* * *

Мой старэнькі, нямоглы дзядзька, чыгуначнік на пенсіі, якому я трохі памагаў, сяк-так пісаў мне калісьці з Адэсы, што як памрэ ды пабачыць Антося, майго бацьку, — усё раскажа яму... Смешна было, сумна, прыемна. А сёння вось успомнілася зноў, праз дваццаць год.

Чаму ж яно жыве ў нас — жаданне пагаварыць з тымі, каго ўжо няма і не будзе, расказаць ім, як мы любілі іх, як гаварылі пра іх пасля з роднымі і сябрамі, як нас усіх яшчэ больш зблізіла гэтая страта?..

Сваёй чаргою і мы ўжо, услед за старэйшымі, набліжаемся да рубяжа. Успамінаю пахаванне брата, найбліжэйшага мне з чатырох, зноў бачу тое прадвясенняе золкае разводдзе, калі адзін наш сябар, самотны ў машыне, за рулём, дабіраўся праз ноч і ранне сваіх чатырохсот кіламетраў, калі другі ўсе клопаты ўзяў на сябе, каб быць у горы зусім побач, калі трэці не змог ад плачу гаварыць над труной... Восем гадоў прайшло, ужо і ў памяці сёе-тое блытаецца, скажам, рэальнасць і паслядоўнасць фактаў, а пачуцці — застаюцца такімі ж...

Вось мне якраз і расказаць бы пра гэта самому брату, а яго — няма. І гаварыць з ім можна цяпер, калі не пад чаркай ды не верачы, як наш старэнькі дзядзька, у «той свет», толькі з думкай пра несмяротнасць нашых блізкіх у нас саміх, у нашых думках, у нашай памяці.

А гаварыць з імі парой так хочацца! Бо іх ужо так шмат на тым баку.

* * *

Такая простая алгебра:

Сябры нашых сяброў — нашы сябры. А ворагі нашых сяброў? У кожным выпадку — не сябры. І так балюча бывае, калі сябры пра гэта не памятаюць.

* * *

Сястры ці брату не скажаш, што каб ведаў, дык узяў бы лепшую ці лепшага. А жонцы ці мужу можна такое сказаць.

І тады вось якраз і дыхне халоднай чужасцю, стане цёмна, балюча... Ды так балюча, як бывае мужу ці жонцы, хоць ёсць і тое, што павінна было б назаўсёды радніць — іхнія дзеці.

* * *

Час бяжыць, бяжыць, а потым я спынюся, а ён пабяжыць далей...

А я ўсё збіраюся азірнуцца, каб убачыць, нарэшце, найлепш, што я павінен зрабіць, каб належна наладзіць тое, што я павінен пакінуць, аддаць, адыходзячы.

* * *

«Колькі таго жыцця!..»

Часовасць гэтую разумеюць па-свойму і мудрасць і дурнота. Адна стараецца насыціць яе, часовасць, мудрым зместам, а другая — схапіць хоць што.

* * *

«Так вось мы і марнуем самі сябе», — сказаў ён. Але з усмешкай. Відаць, не вельмі ўсведамляючы тое, што ён і сапраўды марнуецца, растрачваецца на пустое. Жыццё яшчэ ўсё не бачыцца яму дадзеным адзін толькі раз. Жыве — як на вакзале: «Абы той час прайшоў хутчэй». А да якога ж цягніка?..

* * *

Падумаў: «А ўсё-такі старэю...» І пастарэў яшчэ на некалькі хвілін.

Ну, дык ці варта ж думаць пра гэта?

* * *

Каб толькі жыць як найдаўжэй, дык гэта вельмі цікава было б: як яно ўсё праходзіла — так многа і так доўга!..

Часта яна ў мяне паўтараецца, гэтая думка. Нават не думка, а вясёлае здзіўленне.

1971-1975

ДАРОЖНЫ РЭКВІЕМ

Спачатку грэбля ў балоцістым лесе. Зусім нечаканы i пералётны сонечны дождж. Потым лясное возера.

Спыняемся i выходзім з "газіка".

З нізкай хмарай вялікая роўнядзь вады цёпла павязана леным, рэдкім церушэннем. Сітнёг. Лазняк. Шчэбет птушак i зумканне камароў.

Гром пракаціўся па небе. Як заўсёды, з нейкім трывожным, палахліва-радасным абяцаннем чагосьці лепшага. Знаёмая, з маленства любімая музыка.

Няўжо тут было таксама i тады, у дні вялікай фашысцкай блакады?

Такая краса — i забойства дзяцей?..

* * *

Старая студня з выпетраным жураўлём. Адна на зялёным прасторы. Не менш сіратлівая груша. Сівы палын на котлішчах.

І яшчэ адзін помнік: Дзвесце семдзесят чалавек. У студзені сорак трэцяга года.