* * *
Дзед, удзельнік вайны 1877-1878 гадоў, усё жыццё марыў удосталь напіцца чыстай, халодненькай дабруджанскай вады. Хоць бы перад смерцю. Тут ён напіўся яе, ужо стогадовы, у 1953-м.
Пра гэта нам расказвае адзін з кіраўнікоў стэфанаўскага калгаса. Мы аглядаем цэнтр забеспячэння Добруджы вадой, магутную станцыю, а потым музей.
Сохла Добруджа, петрала вякамі без вады, якую дала ёй толькі народная ўлада.
Каля музея старая груша i кран з халоднай вадой. Побач вісіць чарпак. Тут п'еш не ад смагі, а па-музейнаму. I, між іншым, маленькае адкрыццё: чарпак — ён i ў Балгарыі «черпак». Смяёмся.
З гэтай глыбокай даліны, хутчэй агромністага яра, запоўненага свежасцю вады i зеляніны, едзем да кааператыўных аранжарэяў.
Размах, што ўражае так некачана, як быццам ты i сапраўды не чуў ці не чытаў пра такое. Па трыццаць гектараў пад шклом — памідораў i агуркоў. У год па сотні тон з гектара чырвонага смаку, а па дзве сотні зялёнага. А духмянасць якая ў зялёных тунелях!..
...Брыгадны стан. Ангары для камбайнаў i гаражы для трактараў. Памаўчы ды падумай — зайздросна.
Майстэрні, дзе не занятыя ў полі жанчыны вяжуць з воўны цудоўныя хусткі, кофтачкі, дзіцячыя гарнітурчыкі. Традыцыі народнага ўмельства.
А школа якая — ca светлымі класамі, з выдатна абсталяванымі кабінетамі!..
Што сацыялізм — справа жыццёва неабходная, надзейная, гэта відаць тут па-свойму хораша.
* * *
Курорт «Трити воденици», тры вадзяныя млыны.
Быстрая, звонкая рэчка Батава. Над ярам, дзе многа грабу, выядрыўся маладзічок. Гамоняць жабы, салаўі, зязюлі.
Доўга ідзём па лесе над Батавай да магілы партызана Мішэла Іванава, які загінуў тут у жніўні 1943 года, недалёка ад іхняга партызанскага «бункера».
Па чарзе спускаемся ў гэтую сырую, змрочную яму, свецім сабе запальнічкай.
Мішэлу было дваццаць два гады. Ён з недалёкай вёскі.
...«Душевнобольной» — мяккае, чалавечнае слова пра псіхічнахворага.
Ён сядзеў каля курортнага «млына», слухаючы шум вады, а побач, на стале, ляжаў фотаапарат. Нас пазнаёмілі. Хворы выняў блакнот i ручку, папрасіў мой адрас, спытаўся, што я пішу, дзе друкаваўся па-балгарску, колькі мне гадоў... Пачуўшы «пяцьдзесят пяты», ветліва запісаў толькі «50». Сказаў, што яму трыццаць два, жыве пры бацьках-пенсіянерах, піша вершы, якія ніхто не хоча друкаваць, хварэе на парок сэрца i ніяк не адважваецца на аперацыю.
«Душевнобольным» назваў яго, яшчэ як мы падыходзілі, адзін з калгасных кіраўнікоў. I памяць маю ад гэтага слова кінула да аднаго літаратурнага дакладчыка, які, хочучы ажывіць сваю нудоту, сказаў пра тэму маладога твора, што твор гэты — «пра псіхаў». Нават дадаў: «Во дапісаліся!..» Было i «гы-гы-гы». I на трыбуне i перад ёю.
* * *
Каб не ўчарашнія яры-лясы (апоўдні ў цэнтры водазабеспячэння, a ўвечары ў «Трити воденици»), мог бы i думаць, што край гэты, з яго пшанічнай рунню, з толькi што пасеянай царавіцай, кукурузай, з рэдкімі палосамі пералескаў i гаямі густога, гонкага дубняку, што «залатая Добруджа» — роўная, голая, як стэп.
У вялізных зялёных ярах буйна цвіце чаромха. Нашы гаспадары весела ўспомнілі «Черемшину»,— яны спявалі яе летась на Кіраваградчыне, з якою дружыць Добруджа. А пра яры свае кажуць, што гэта «горы навыварат».
У лясах тут многа дзікоў. Каля аранжарэяў нас пазнаёмілі з «каралём паляўнічых». I сабака ў яго Прафесар, i сам ён кажа, што дзікі тут па дзвесце кілаграмаў. Можа, трошкі i менш, але верыцца.
* * *
«Народно читалище «Светлина».
Настаўніца, што добра перакладала мае выступление, сядзіць у першым радзе і, слухаючы вершы Босева, смяецца з дзецьмі, не менш сардэчна, чым яе малеча. Добра мець такую настаўніцу.
Увечары, на застоллі ў сельсавеце, яна, Пятранка Ненава, хораша спявала рускія i асабліва балгарскія песні. Маладая жонка агранома, сама з гэтага сяла, якое прыемна глядзіцца са сваёй чырвонай чарапіцай i садамi ў белым росквіце праз вокны трохпавярховай школы.
Усе балгары спяваюць калі не заўсёды з натхненнем, дык з той жа сур'ёзнасцю, з тым свяшчэннадзеяннем, якое расчульвала, настройвала мяне на высокі лад у Індыі. I часта ўспамінаецца тут тая самая чарната вачэй i валасоў, i грацыя ў танцах, усходняя цягучасць у музыцы i ў песнях, i натуральная, некрыклівая гордасць сваёй спрадвечнасцю, уменнем ва ўсім не забывацца пра яе i працягваць у спалучэнні з сучасным. Былi ў доўгай няволі i яны, як індзійцы, яшчэ даўжэйшай, аднак няволя не зрабіла ix нявольнікамі.