Выбрать главу

1972

ЧЫТАЮЧЫ АПАВЯДАННІ ЧОРНАГА

«Пасля дзённага дажджу пахла жвіраванае каменне, маўчалі платы i хаты».

Сказ — з «Вераснёвых начэй», Дакладна i пранікнёна напісана гэтае апавяданне. Як ён мудра любіў сваю гераіню з яе прыгожай спеласцю i красой, якая трошкі, не па сваёй віне, прыпазнілася з пераходам у час кахання i мацярынства. I верасень так хораша, сумна i трохі трывожна адпавядае настроям Агаты i нашаму ёй спачуванню.

* * *

Адзін цяжкавагавы навуковец казаў, што мае «Апоўначы» ідзе ні больш, ні менш, а проста ад «Начлегу ў вёсцы Сінегах». Успомніўся i другі навуковец, які ўжо не за бяседным, а за пісьмовым сталом вывеў прамую залежнасць Коласавага «Рольніка» ад верша Шаўчэнкі «Садок вишневий коло хати»... Бывае i такое разуменне літаратурнага працэсу, уплыву былога на новае, роднасць у душах пісьменнікаў аднаго найважнейшага.

Не памятаю, ці Колас пісаў дзе-небудзь пра сваю любоў да таго Кабзаровага верша, аднак любоў такую, хоць трохі ведаючы нашага песняра, зусім няцяжка ўявіць. Ды няўжо ж аўтару «Новай зямлі» так ужо цяжка было самому ведаць, самому перажыць радасць таго «рольніка», які вясновым пагодлівым адвячоркам выйшаў палюбавацца, як узышло яго жыта?..

Люблю «Начлег у вёсцы Сінегах», лічу яго выдатным не толькі ў творчасці Чорнага, ды гэта аніяк не перашкаджае мне бачыць у жыцці сваё — па-свойму. Велічная тэма — вайна i дзіця — не ўчора пачалася i не заўтра закончыцца.

* * *

«Па дарозе». Зноў адкрываю яго для сябе i зноў здзіўляюся, як гэта я такіх рэчаў як быццам не ведаў.

Успомнілася над кнігай, як я падлеткам перакладаў з польскай мовы на нейкую сваю (бо ні роднай, ні рускай добра не ведаў) кітайскае апавяданне Серашэўскага «Кулі», a пераклаўшы — чытаў маме i госці-сястры i... нечакана расплакаўся. Яны мяне разважалі, нават калюча-кплівая, вясёлая сястра, на дваццаць год старэйшая за мяне. I гэта ўспамінаецца так добра.

Братоў кулі было двух, яны дружылі, i гэта адпавядала нашай дружбе з братам Міхасём. Але ж там, у апавяданні, была яшчэ i краса, узвышаная краса чалавечнасці, туга па прыгожым, па дабраце, пачуцці ўжо знаёмыя i мне. Я быў дзівак, значыцца, я быў паэт. I застаўся ім, гатовы i сёння заплакаць, як нехта сказаў бы, зусім недарэчы.

Так было сёння ў таварыстве дружбы, дзе мы глядзелі з індусамі дакументальныя фільмы пра Беларусь, ваенных i пасляваенных дзён, з горам i радасцю выпрабаванняў i перамогі.

Такі настрой паўтарыўся цяпер над старонкамі Чорнага.

* * *

Патомны парабак. Быў бы ім, каб не Кастрычнік. Ці думаў, ці гадаў хто з ягоных бацькоў ды дзядоў, што з тое беспрасветнасці выйдзе вялікі мастак, які з найбольшым разуменнем, з найглыбейшым пранікненнем у тэму раскажа пра тую беспрасветнасць свайму народу i ўсяму свету?.. У гэтым штосьці такое прыгожае, значнае, пра што так няпроста сказаць на ўсю сілу, на ўсю глыбіню адчування.

Днямі я думаў,— здавалася, што з найбольшай, як дагэтуль, яснасцю,— як гэта няважна: колькі мець славы, таленту, а як важна правільна карыстацца сваімі магчымасцямі, рабіць іменна тое, што трэба.

Думка гэтая вярнулася цяпер, калі чытаю Віткава слова пра Чорнага. Чытаў я гэта i раней, але, відаць, з меншай сілай прыёму, бо цяпер мне здаецца, што Чорнага пазнаю ўсё глыбей. «Вінаваты» тут i Адамовіч з яго «Маштабнасцю прозы», i сам Чорны, апавяданні якога я для душы, для яе раўнавагі адны чытаю, a другія перачытваю. Вось ужо некалькі дзён. Вінавата, магчыма, i яшчэ што-небудзь, пакуль не вельмі выразна ўсвядомленае...

Разумнасць нашых паводзін (што рабіць, як рабіць) павінна залежаць i ад той горычы, якую мы адчуваем даволі часта. Не лічачы людзей глухіх на яснасць нацыянальнай палітыкі, якую так неабвержна выказаў перад смерцю, з найбольшай глыбінёю, Ленін.

Вельмі добра, што будзе ў нас i такая проза: расказы пра нашых лепшых пісьменнікаў, жывыя i глыбокія. Гэта ўжо ёсць i ў Віткі: Чорны, Дубоўка, Лынькоў... I Сухамлінскі. З апошнім — не толькі братняе, украінскае, але i агульналюдскае. Так трэба пісаць i пра сваіх.

...Чорны кожную з'яву жыцця бачыў як сапраўдны мастак — у маштабах эпохі, гісторыі.

* * *

Калі мяне, хвалячы, называюць лірыкам, я адчуваю нейкую прыкрасць: што я вам — тэнар які, бяздумны i саладжавы?..

I цяпер падумалася так, калі разгарнуў Чорнага («Сцены») i пачаў ісці за яго думкай, такой сталай ужо ў дваццаць сем год.

* * *

На цэлы месяц — у лясным спакоі. Пакуль што толькi раскоша чытання. Ад Швейцара i Хікмета, праз маладога Алеся Жука, зноў да таго, каго ўсё пачынаю ды пачынаю разумець.