Выбрать главу

I нейкі смак да паперы i ручкі, як да яды пасля хваробы. Няўжо хутка буду пісаць? Няўжо ўсё тое, што цяпер раблю, што адбываецца са мною — патрэбна як падрыхтоўка, вучоба?

Добра, глыбока — «Ліст», сам гэты ліст, раздзел з апавядання «Ліст Якуба Малькевіча».

Які пісьменнік поўнасцю не адбыўся! «Між іншым...»

* * *

Часамі гэта цьмяны чарнавік («Броня Казакевіч», «Браты»), калі невядома, чаго ён, аўтар, хоча, пра што гаворыць так прыблізна.

Часамі прытча («Семнаццаць год»), калі спачатку думка, а потым нацягванне фактаў, падзей, каб думку тую прыкрыць, даць ёй вобразнае выражэнне, даволі часта не зусім, не вельмі верагоднае. Там людзі гавораць за аўтара, як у жыцці яны ніколі не гаварылі (расказ маладога салдата), там думка, хоць i глыбокая, існуе сама па сабе, i мастацтва няма, ёсць раздваенне зместу, ідэі i формы яе выражэння.

I толькі там, дзе гэтага раздваення няма, там ён, Чорны, паўстае як цэласны філосаф i паэт, асабліва ў апавяданнях 20-х гадоў.

Мне з ім спачатку не пашанцавала: на дваццаць пятым годзе жыцця пачаў чытаць яго з гэтых якраз «Броняў Казакевічаў» ды «Брыгадзіравых памылак». I мяне, ужо сяк-так знаёмага з сапраўднай літаратурай, Чорны адразу не ўзяў.

Знаёмячыся з ім асабіста, я не ведаў яго цаны, а стоячы ў ганаровай варце — значэння нашай страты.

Вось што такое першае ўражанне. Яно заставалася са мной, у той ці ў іншай меры вяртаючыся, даволі доўга. Толькі цяпер яно... як быццам толькі цяпер пачынае праходзіць па-сапраўднаму.

Такое адчуванне адкрыцця.

...Вайна ў яго неваяўнічая,— усюды мужык на вайне, селянін. Амаль усе гавораць аднолькава, i салдат, i палкоўнік, i аўтар (у тым жа апавяданні «Семнаццаць год»).

Бяда гэтая ёсць часткова i ў нас: дзе тыя рабочыя, салдаты, афіцэры, тэхнічныя інтэлігенты, што гавораць так, як мы гэта пішам? Сумна, цяжка бывае — гэтая адарванасць, такі разрыў...

Месца, абставіны ў яго («Вінгель») настолькі ўжо часамі ўмоўныя, як быццам ён вакол свае задумы, каб выказаць яе, гародзіць нейкія дэкарацыі, расстаўляе нейкіх манекенаў.

«Рамонтная брыгада». Ад нарыса не адарваўся, а да апавядання не дацягнуў. Канспект. Таропкі, мнагаслоўны, шэры. Чытаецца такое толькі з павагі да аўтара. Калісьці я так не змог бы, не ведаючы, што такое Чорны.

Бяда, калі з «эпічнымі прыёмамі» падыходзяць да лірыкі — называюць пачуцці, а не перадаюць ix чытачу. «Ён адчуў страшэнную злосць, ненавісць да ворага». «Ён успомніў галодных дзяцей i яму стала ix вельмі шкада»...

I пацешная «ліпа» ў апавяданні «Злачынца пакараны». «Сержант артылерыйскага палка» ішоў за фурай хлеба, ахоўваючы яго. Гэта ў давераснёўскай Польшчы. Па-першае — не па чыну: тут i яфрэйтара хапіла б, бо сержант таго часу адпавядае фельдфебелю, нашаму старшыне. Па-другое, у польскай артылерыі быў не «сержант», a «огнёмістш». А па-трэцяе, i наогул — якога ліха ён будзе не ехаць на той фуры, a ісці за ёю, тым больш, што i возчык — таксама салдат, які павінен усё давезці някранутым.

Неяк у Кіеве сябры хвалілі мне навелы рэабілітаванага Касынкі. Адразу купіў ix, пачаў дома чытаць i... надоўга спаткнуўся на тым, што польскую граніцу перад вайной ахоўвалі... «конныя гарцэжы» — члены дзіцячай арганізацыі.

У аўтараў гэтага ранга такіх рэчаў быць не павінна. Гэта ж не той наш надзіманы «класік», у якога заходнебеларускі селянін абуваўся ў... драўляныя скрыначкі, наслаўшы туды пырніку.

Што ж, i Чорнаму трэба было служыць «публіцыстам».

Ці не такое служэнне ён меў на ўвазе, калі ў перадсмяротным дзённіку горка шкадаваў, што так многа пісаў непатрэбшчыны?

* * *

Пасля спробаў індустрыяльных ды замежных пайшлі спробы калгасныя, трэба сказаць, больш удалыя. Сярод ix «Трухлявае кола», «Звяга», «Макаркавых Волька».

Найлепш напісана апошняе. Шаблонна кажучы — на маральную тэму. У той час i такая смеласць была, відаць, сапраўднай смеласцю.

Ажно задумаўся: калі ж гэта i з ім самім адбылася памылка, калі была «Волька» напісана — да ці пасля?..

* * *

Учора не змог больш чытаць, дайшоўшы да «Дарагуci» i, за ёю, да ваенных апавяданняў. Падумалася, што ведаю гэта, што напісаны гэтыя рэчы здалёк, не на ўсю яго сілу. А вось цяпер, уранні, зноў не магу нічога іншага рабіць, бо пацягнула да шэрага томіка.

«Дарагуся». Як змагаліся яго талент, шчырасць, веданне вёскі дарэвалюцыйнай i савецкай з няведаннем заходнебеларускай! Жменя солі, як элемент вырашальны, выглядае наіўна, нацягнута — да промаху. I палатно, бадай, таксама. I канцоўка слабая. Пакуль прыйшло 17 верасня, было шаснаццаць дзён польска-нямецкай вайны, якая жахам сваім не абышла i нашы вёскі, a ў аўтара пра гэта ані слова.