Выбрать главу
А віно? Мне патрэбна яно — Завушніцы кладу я ў віно.
26 лістапада 1989 — 22 кастрычніка 1990
Каханка
1.
Магчымасць незвычайная была Спазнаць неверагоднае каханне — Каханка не прыйшла, а прыплыла На хвалі эратычнага жадання. Яна была апранута ў змярканне, I ластаўка сядзела на плячы, На кожным крылцы — залатое ззянне, Над галавой віліся крумкачы, I кожны дзюбу, нібы меч, трымаў: “Маўчы!”
2.
I я маўчаў, уражаны да дна З'яўленнем, назаву яе, акторкі. У тым з'яўленні—не з дзвярэй, з вакна — Была імгненнасць казачнай вавёркі!.. У ластаўкі агнём гарэлі пёркі, У крумкачоў хрыпелі валлякі. Яна ж марудна расшпіліла зоркі — Змярканне паплыло з пляча, з рукі... Шмат цудаў бачыў я, але ці быў такі?
3.
Што за пытанне? Таннаю цаной Пазначанае — не манетай звонкай... Яна спынілася перада мной, I ўсё забылася — і сын, і жонка. I чулася птушыная гамонка, I містыкі ніякай не было Ці жарцікаў на ўзроўні Макаёнка. Ад месяца святло ў пакой плыло, I што тут здарыцца паганага магло?
4.
Ад ластаўкі якой чакаць бяды? Ад крумкачоў? Яны ж амаль анёлы... У валасах яе цвілі сады, I пахла мёдам, і звінелі пчолы, Пялёсткі ўніз плылі па целе голым — На ўлонні затрымацца не маглі, Мой позірк там затрымваўся вясёлы. За хараство б такое каралі Свае кароны ўсе умомант аддалі.
5.
Не маючы кароны залатой, Я аддаваў свой позірк захмялела, Але цвярозасць хітрая: «Пастой, — Сказала мне, — ты бачыш толькі цела, А дзе душа? Душы няма! Скалела! Такі ў распусніц незайздросны лёс. I госця гэтая цябе «схацела» Пасля мільёнаў ласак і пагроз Мужчын і юнакоў, разбэшчаных наскрозь».
6.
I хоць не надта слухаў я, ды ўсё ж Паходзілі на праўду словы тыя, Бо ў ластаўкі і ўпоперак і ўздоўж Пабляклі раптам пёркі залатыя, У крумкачоў папрыгінала шыі, А з валасоў каханкі ўсё гушчэй Пялёсткі не жывыя, а сухія Завіравалі да маіх вачэй, I млосна думкам стала, сэрцу — гарачэй.
7.
Я разважаў: Яна душу згубіла, Аднак жа не згубіла хараства, Яна мужчын не любячы любіла — Не жонка нічыя і не ўдава. Прымятая, аднак усё ж трава 3 тым водарам банальна-незвычайным, Якога часам прагне галава, 3 якім сысці магчыма ў вір адчайны I, там застаўшыся, прыняць зыход лятальны.
8.
Ды што з таго — з душой ці без душы, Калі яна — прыгожая жанчына. Якія б ні распусныя мужы 3 ёй цешыліся — гэта не прычына Цябе прагнаць, лірычны адпачынак! Дык што ж, паэце мой, адпачывай, Удзячны будзь за мілую магчымасць Зноў паляцець у палюбоўны рай, У рай, дзе сонечным здаецца і адчай.
9.
Магчымасць незвычайная была Спазнаць неверагоднае каханне, I я спазнаў, я выпаліў датла Цвярозасці барачнай збудаванне... Спявала ластаўка, вітала ранне, Прыладзіўшыся на маім плячы — Ізноў на крылцах залатое ззянне! I нада мной віліся крумкачы. «Ты пакахаў Яе, — прасілі, — дык маўчы!»
10.
I я маўчаў да хвілі да тае, Пакуль знікалі разам з Ею ў сонцы I ластаўка — дарадчыца яе, I крумкачы — дзюбастыя ахоўцы. А зніклі — я пачаў падшукваць слоўцы. Да Спенсера пабег я па страфу, Каб твор быў у класічнай аблямоўцы, Каб меў геданістычную страху, — Я Кітса абакраў, не бачачы граху.
14 студэеня 1990

МАЁЙ ЦУДОУНАЙ А.

* * *
У Вашым голасе квітнеюць астры, Якіх не бачыў я раней. Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна... У Вашым голасе квітнеюць астры, I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.