Выбрать главу

— Што-небудзь здарылася?

— Нічога асаблівага.

— Але штосьці змянілася. Вы не адчуваеце?

— Дробязь. Крыху павялічылася хуткасць, — сказаў ён.

Якраз цяпер быў самы час распачынаць з ёй гаворку. Ён зірнуў на яе. Колер валасоў не перашкаджаў. Яна была вельмі прыгожая.

Ён пайшоў наперад. Паскорыў крок. Жанчына, напэўна, падумала, што ён звар’яцеў. На сценах палубы красаваліся рознакаляровыя фрэскі. Праз дзверы з надпісам «КАНЕЦ ПАЛУБЫ — ПАБОЧНЫМ УВАХОД ЗАБАРОНЕНЫ» ён выйшаў у доўгі пусты калідор, які пры святле лямпаў аддаваў металічным бляскам. Замільгалі шэрагі дзвярэй з нумарамі. Ён кіраваўся далей. Арыентаваўся на слых. Падняўся па сходках на паўпаверха і спыніўся ля другіх дзвярэй. Сталёвых.

«УВАХОД ТОЛЬКІ ДЛЯ ЗОРНАГА ПЕРСАНАЛУ» — было напісана на таблічцы. Ого! Якія прыгожыя назвы прыдумаў гэты «Трансгалактык»!

Дзверы былі без клямкі, яны адчыняліся спецыяльным ключом, якога ў Піркса не было. Ён паднёс палец да носа. Секунду разважаў. І выстукаў марзянкай:

— Тап — тап — та-та-тап — тап — тап.

Ён чакаў каля хвіліны. Дзверы адчыніліся. Насуплены, пачырванелы твар з’явіўся ў шчыліне.

— Што вам патрэбна?

— Я пілот патрульнай службы, — адказаў ён.

Дзверы адчыніліся шырэй.

Ён увайшоў. Тут быў рэзервовы пульт кіравання — уздоўж адной сцяны была дубліруючая сістэма кіравання ракетнымі рухавікамі, якія змянялі кірунак. Насупраць — экраны аптычнага кантролю. Ля апаратаў стаяла некалькі крэслаў, усе яны зараз пуставалі. Адзін невысокі аўтамат кантраляваў мільгаценне лямпачак на пульце. На вузкім століку ля сцяны ў спецыяльных прыцісках стаялі шклянкі, да паловы парожнія. У паветры пахла свежазгатаванай кавай і нагрэтым пластыкам з ледзьве адчувальным дамешкам азону. Другія дзверы былі прыадчыненыя. З-за іх быў чуваць слабы піск умформера.

— SOS? — спытаўся Піркс у чалавека, які адчыніў яму.

Гэта быў даволі таўсматы мужчына з крыху напухлай, нібы ад флюса, шчакой. На валасах — след ад дугі слухавак. Ён быў у шэрай, на маланцы, напалову расшпіленай уніформе «Трансгалактыка». Сарочка вылезла са штаноў.

— Ага.

Мужчына нібыта вагаўся.

— Вы з патруля? — сказаў ён.

— З Базы. Лётаў два гады на трансуранавых арбітах. Я навігатар. Маё прозвішча Піркс.

Мужчына падаў яму руку.

— Міндэл. Ядзершчык.

Не прамовіўшы больш ні слова, яны перайшлі ў іншае памяшканне. Гэта была радыёрубка прамой сувязі. Вельмі прасторная. Чалавек дзесяць акружалі галоўны перадатчык. Два радыётэлеграфісты сядзелі са слухаўкамі на вушах — штосьці няспынна пісалі, апараты стукалі, пад падлогай папісквала. Кантрольныя лямпы гарэлі на ўсіх сценах. Усё гэта было падобна на міжгародную тэлефонную станцыю. Тэлеграфісты амаль ляжалі на сваіх століках-канторках. На іх былі толькі сарочкі і штаны. Твары іх блішчалі ад поту, — адзін быў бледны, другі, старэйшы, са шрамам на галаве, меў такі выгляд, нібыта нічога не здарылася. Дужка слухавак падзяляла валасы, і шрам быў добра бачны. Два чалавекі сядзелі крышку ўбаку; Піркс зірнуў на іх і ў адным пазнаў камандора, альбо, як клікалі яго тут — першага.

Яны былі крыху знаёмыя. Камандор «Тытана» быў невысокі, сіваваты, з маленькім, невыразным тварам. Паклаўшы нагу на нагу, ён, здавалася, разглядваў насок чаравіка.

Піркс ціхенька наблізіўся да людзей, якія стаялі ля тэлеграфістаў, схіліўся і пачаў чытаць праз плячо таго, што са шрамам:

«…шэсць васемнаццаць коска тры іду поўным ходам дайду восем нуль дванаццаць канец».

Тэлеграфіст падсунуў левай рукой бланк і працягваў няспынна запісваць.

«Месяц Галоўны Альбатросу чатыры Марс працяжнік Месяц кропка ці маеце пашкоджанні кропка адказвайце Морзе кропка радыёфон не даходзіць кропка колькі гадзін можаце пратрымацца на аварыйнай цязе кропка пеленгаваны дрэйф нуль шэсць коска дваццаць адзін кропка прыём».

«Парыў два Марс працяжнік Месяц Месяцу Галоўнаму кропка іду поўным ходам да Альбатроса сектар 64 кропка ў мяне перагрэўся рэактар кропка нягледзячы на гэта іду далей кропка знаходжуся шэсць нанапарсекаў ад пункта коска запеленгаванага SOS кропка канец».

Раптам другі радыётэлеграфіст, той, бледны, выціснуў нейкі невыразны гук — усе, хто стаяў, схіліліся над ім. Чалавек, які ўпусціў Піркса, падаў камандору запоўненыя бланкі. Другі тэлеграфіст пісаў:

«Альбатрос чатыры ўсім кропка ляжу ў дрэйфе эліпс Т-341 сектар 65 кропка абшыўка корпуса трэскаецца далей кропка кармавыя пераборкі не вытрымліваюць кропка аварыйная цяга рэактара нуль тры жэ кропка рэактар выходзіць з-пад кантролю кропка галоўная перагародка пашкоджана ў многіх месцах кропка пашкоджанне на трэцяй палубе павялічваецца пад уплывам аварыйнай цягі кропка спрабую цэментаваць кропка пераводжу экіпаж у насавую частку кропка канец».

полную версию книги