Выбрать главу

Сваю прадукцыю суконная фабрыка ў Альбярціне вывозіла на экспарт у многія краіны свету. У 1857 года на Варшаўскай, а ў 1882 годзе на Усерасійскай у Маскве прамысловых выстаўках прадукцыя фабрыкі за высокую якасць была адзначана сярэбранымі медалямі. Аднак вытрымаць канкурэнцыю са шмат якімі заходнееўрапейскімі суконнымі фірмамі яна не здолела, і гаспадары закрылі фабрыку, якая існавала 70 гадоў, папрадавалі абсталяванне, тэхніку і за выручаныя грошы будавалі іншыя прадпрыемствы.

Чыгуналіцейны завод

Чыгуналіцейны завод бельгійца Барэ ў Альбярціне дзейнічаў 86 гадоў — з 1828 да 1914. У 1830 годзе ў Альбярціне быў пабудаваны мураваны будынак для плаўкі чыгуну. Завод пачаў вырабляць сячкарні, млынавыя машыны, веялкі і іншыя сельскагаспадарчыя прылады, а з 1900 года — турбіны для вадзяных млыноў.

З 1903 года чыгуналіцейны завод стаў называцца машынабудаўнічым заводам. Ён займеў чыгуналіцейную печ і тры такарныя станкі. Завод хутка наладзіў выпуск посуду для вінакурняў і піваварняў, драцяныя і шавецкія цвікі, шпількі, потым — вадзяныя турбіны, малатарні, абсталяванне для млыноў і крупадзёрак. У пачатку ХХ стагоддзя на заводзе працавалі 50 рабочых.

Лесапільна-сталярная фабрыка

Фабрыка дзейнічала ў 1894-1914 гады. Належала яна акцыянернаму таварыству “Заходнеруская фабрыка механічнай апрацоўкі дрэва”. Фабрыка вырабляла дошкі, брусы, рэйкі, дзвярныя і аконныя рамы. У 1913 годзе на ёй працавалі 85 чалавек.

Іншыя прадпрыемствы

У канцы ХIX — пачатку ХХ стагоддзяў у Альбярціне дзейнічалі і шэраг іншых прадпрыемстваў. Гэта шоўкакруцільная фабрыка “Боньвуа”, якая існавала на працягу 20 гадоў. Яна была заснавана ў 1894 годзе. На ёй выпускалася аснова і ўток для тканіны.

Дывановая мануфактура дзейнічала ў 1832-1850 гадах. Вырабляла 1,5 тысячы аршынаў () дывановых вырабаў за год. На ёй працавалі 70 рабочых.

Некалькі гадоў напачатку ХХ стагоддзя ў Альбярціне існаваў электралямпавы завод “Альба” на якім працавалі каля ста рабочых. Гэта было першае на Беларусі прадпрыемства такога профілю.

Напрыканцы XIX стагоддзя ў Беларусі працавалі 14 паўсаматужных запалкавых фабрык. Сярод іх была фабрыка і ў Альбярціне. Яе адкрылі О.Гавінавіцкі і Ю. і М. Маркусы. Фабрыка мела назву “Шчара”.

З 1907 да 1913 года ў Альбярціне дзейнічалі драцяное і мукамольнае прадпрыемствы, з 1905 года — завод цвікоў Пінуса.

У 1823 годзе на рацэ Іса была пабудавана драўляна-земляная плаціна з двума шлюзамі, што дазволіла прымяняць вадзяны прывод. У 1886 годзе ў Альбярціне з’явілася гідраэлектрастанцыя і была пракладзена чыгунка. Дарэчы, з Альбярціна можна было заехаць па чыгунцы ў Слонім, Баранавічы, Беласток, Варшаву. Атрымаўшы ад Міністэрства шляхоў зносін немалую грашовую кампенсацыю за землі, што пайшлі пад чыгунку, Пуслоўскія надзялілі зямельнымі ўчасткамі тых рабочых, чые прысядзібныя землі і хаты паглынула будаўніцтва.

Альбярцін, 1929 год

Вёска ў Слонімскім павеце Шылавіцкай гміне. Налічвала яна тады 839 жыхароў. Дзейнічала чыгуначная станцыя Ваўкавыск — Слонім. Была пошта і тэлефон. Працавалі польскі крэсавы саюз і саюз хрысціянскіх рамеснікаў.

Землеўласнікам быў Уладзіслаў Пуслоўскі. У яго ў Альбярціне меліся ўласныя цагельня, электрастанцыя, механічныя майстэрні, фабрыка змазкі, смалакурня, тартак “Альбярцін”.

Бондарам быў Я.Куніца.

Бляхаром — К. Лакуця.

Цеслярамі — Н.Крот, Ю.Майсюк.

Каменяломні мелі Д.Петруковіч і П.Зурын.

Кавярню ўтрымліваў К.Саліта.

Кавалямі працавалі К.Анджаеўскі, Ю.Гайдэцкі, А.Лёкуця, Д.Прышляк.

Добрым краўцом быў Куніца.

Лясы эксплуатаваў і меў уласны тартак нехта Л.Айзенштадт.

Млын арэндаваў Ш.Беркавіч.

Мулярамі працавалі Ю.Мушынскі, П.Табароўскі, П.Валюшкевіч.

Агародніцкія прадпрыемствы ўтрымліваў К.Голдзінскі.

Смачны хлеб выпякала пякарня Н.Зубжыцкага.

Смалакурню акрамя Пуслоўскага меў і Г.Заблудаўскі.

Выпускам харчовых тавараў займаліся Ф.Беркавіч, Е.Якімоўская, Б.Казакевіч, З.Суднік, К.Тась, Е.Ткачоў.

Сталярамі працавалі Л.Бараноўскі, П.Бараноўскі, Ю.Ярашчук, Ю.Майсюк, Е.Мушынскі, М.Серафіновіч, Ю.Селюковіч, К.Сенька.

Добрымі шаўцамі лічыліся В.Беркус, А.Бертнер, К.Раўніцкі.

Слесарамі былі К.Беркус, М.Букач, А.Данялюк, М.Каліноўскі, П.Кароль, Я.Пялецкі, М.Пігас.

Спіртныя напіткі на разліў прадаваў толькі пан І.Суднік.

Генерал Яўген Леашэня