Генерал-лейтэнант інжынерных войск Яўген Леашэня быў не толькі вайскоўцам, але і заўзятым беларускім краязнаўцам. Генерал Леашэня напісаў гісторыю Слоніма і Слонімшчыны, а перад смерцю перадаў яе ў Слонімскі краязнаўчы музей імя Язэпа Стаброўскага, дзе і па сёняшні дзень захоўваюцца тоўстыя рукапісныя тамы з дакументамі і фотаздымкамі.
Нарадзіўся Яўген Леашэня ў снежні 1900 года ў Альбярціне. Спачатку з чаравікамі за спіною бегаў басанож уздоўж чыгуначнага палатна ў Слонімскае вышэйшае пачатковае вучылішча, якое давала яму адукацыю ў аб’ёме сучаснай дзевяцігодкі. Пра гэта аўтару кнігі пры жыцці часта расказаў старэйшы беларускі паэт Сяргей Новік-Пяюн, які добра ведаў Яўгена Леашэню. Сяргей Міхайлавіч прыгадваў: “Яшчэ да кастрычніцкага перавароту ў Расіі на галоўнай вуліцы Слоніма, каля вітрыны кнігарні Венцыяна Любоўскага, можна было заўважыць сціплага юнака, які падоўгу разглядаў кнігі. Пастаіць, пастаіць і пойдзе. Зацікавіла гэта кнігара і аднойчы ён не стрываў, запытаў:
— Малады чалавек, а чаму вы ніколі не заходзіце да мяне ў краму?
Хлопец збянтэжыўся, пачырванеў, апусціў вочы на свае стаптаныя чаравікі.
— Вы, пэўна, любіце кнігі? — распытваў далей Любоўскі.
— Вельмі.
— Дык чаму ж не заходзіце?
— Грошай няма. Я працую на Альбярцінскай фабрыцы графа Пуслоўскага. Зарабляю мала.
— Нічога, калі-небудзь заробіце больш. А пакуль што заходзьце без грошай!
І кнігар павёў хлопца ў сваю бібліятэку, якая знаходзілася ў падвале кнігарні.
— Выбірайце любыя кніжкі, ды так, каб вам на тыдзень чытаць хапіла. А ў наступную нядзелю возьмеце яшчэ.
У хлопца ах вочы заблішчэлі ад радасці. З таго часу кожную нядзелю прыходзіў ён да Любоўскага і ніколі не выходзіў з пустымі рукамі...
У верасні 1939 года Чырвоная Армія выгнала палякаў са Слоніма. Перад кнігарняй Любоўскага затрымалася ваенная машына. Станісты афіцэр выйшаў з машыны і накіраваўся ў краму. Увайшоўшы, узяў пад казырок:
— Добры дзень, спадар Любоўскі! Ці памятаеце вы таго альбярцінскага хлопца, якому давалі чытаць кніжкі?
— Як жа, як жа, памятаю...
— А ці ведаеце вы, што тыя кніжкі дапамаглі хлопцу стаць палкоўнікам Чырвонай Арміі, які стаіць перад вамі?..
Вайсковец абняў і пацалаваў усхваляванага кнігара, а потым пасадзіў яго ў машыну і павёз у свой родны Альбярцін.
Доўга гутарылі былыя сябры. Было ім аб чым пагаварыць. А калі апынуліся ў розных мясцінах, пачалі перапісвацца. Часта паказваў мне стары Любоўскі пісьмы, што прыходзілі ад Леашэні з Масквы, і змахваў з вачэй слёзы радасці. У 1944 годзе, калі вайна адышла на захад ад Слоніма, днём і ноччу праходзілі па горадзе савецкія часці, грукаталі па бруку танкі і гарматы. Каля дома гісторыка-краязнаўчага музея, дырэктарам якога я быў на той час, спынілася легкавушка. У памяшканне ў суправаджэнні афіцэраў зайшоў генерал і пачаў аглядаць здымкі на сценах фае.
— А вось і мой родны Альбярцін! — узрадавана паказаў генерал Леашэня на адзін са здымкаў.
— Прабачце, вы генерал-маёр Леашэня? — падышоў я да яго.
— Але... Адкуль вы ведаеце маё прозвішча? — здзівіўся ён.
— Мне пра вас расказваў Любоўскі, — дадаў я.
— Дзе ж ён цяпер, — усхвалявана спытаў генерал.
— Расстралялі фашысты.
Леашэня спахмурнеў, зняў фуражку. Пастаяў некалькі хвілін моўчкі, а потым развітаўся і выйшаў...”.
У Першую сусветную вайну сям’я Леашэняў пераехала ў Петраград, але там была нядоўга. Вярнуўшыся на радзіму, Яўген Леашэня пачаў працаваць настаўнікам у вёсцы Жарабілаўка былой Баранавіцкай вобласці. А затым па прапанове аднаго батальённага камісара ён рашыў стаць ваенным і летам гэтага ж года запісаўся ў Чырвоную Армію.
У 1930-я гады Яўген Леашэня становіцца слухачом Ваеннай акадэміі імя Фрунзе. Там упершыню ён сустракаецца з Дзмітрыем Карбышавым — вядомым спецыялістам ваенна-інжынернай справы. Паміж маладым слухачом і начальнікам кафедры завязалася моцная дружба. Карбышаў прымаў удзел у мадэрнізацыі Брэсцкай крэпасці перад Першай сусветнай вайной і кансультаваў будаўніцтва абарончых ліній у многіх беларускіх пагранічных гарадах напярэдадні Другой сусветнай вайны і таму добра ведаў і вельмі любіў Беларусь. Але галоўную павагу выдатнага спецыяліста Леашэня заслужыў самастойнасцю думкі і ўменнем адстойваць свае перакананні. Калі ад Ваенна-інжынернай акадэміі імя Фрунзе адышла Акадэмія Генеральнага штаба, Карбышаў быў запрошаны на працу ў зноў створаную акадэмію і рэкамендаваў на сваё месца Яўгена Леашэню, які ўжо скончыў да тае пары ад’юнктуру.
Яўген Леашэня шмат працаваў над удасканаленнем ваенна-інжынернай школы, развіваў тэорыю тактыкі інжынерных войск, тэорыю інжынернага забеспячэння боя і аперацыі.