У гады Другой сусветнай вайны Яўген Леашэня выконваў абавязкі начальніка інжынерных войск Маскоўскага абарончага рубяжа, пасля быў начальнікам штаба аператыўнай групы інжынерных загарод Стаўкі Вярхоўнага Галоўнага камандавання ў абароне Масквы, прымаў таксама ўдзел у абароне Севастопаля і Крыма.
У 1944 годзе на пасадзе начальніка штаба інжынерных войск Першага Беларускага фронту вызваляў родную Беларусь, сваю Слонімшчыну. Дайшоў да Берліна, удзельнічаў у разгроме Квантунскай арміі на Далёкім Усходзе.
Пасля вайны Яўген Леашэня ўзначальваў кафедру інжынерных войск Ваенна-інжынернай акадэміі імя Куйбышава па навуковай і вучэбнай рабоце.
Пяць гадоў генерал Леашэня адпрацаваў выкладчыкам у Ваенна-тэхнічнай акадэміі Войска Польскага ў Варшаве. Дарэчы, ён быў адным з яе заснавальнікаў.
Як бачыце, шмат работы і спраў было ў альбярцінскага генерала Леашэні. Але, нягледзячы на сваю занятасць, Яўген Варфаламеевіч любіў і цаніў беларускую мову, культуру і гісторыю. Прыкладам гэтаму можа служыць яго знаёмства з многімі беларускімі дзеячамі літаратуры і мастацтва. Асабліва шчырым было яго знаёмства з Якубам Коласам.
Імя Якуба Коласа Яўген Леашэня пачуў яшчэ тады, калі вучыўся ў Альбярцінскім двухкласным вучылішчы (1912-1914 гг.), дзе выкладаў тады перадавы беларускі настаўнік Восіп Іванавіч Петрашкевіч. Ён знаёміў сваіх вучняў з творамі Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Гутаркі аб беларускай літаратуры Восіп Петрашкевіч праводзіў не ў класе, а ў школьным садзе або падчас экскурсіі ў лесе, на беразе ракі Іса, Альбярцінскім возеры...
У пачатку лістапада 1942 года ў Ташкенце, у доме Савецкай Арміі адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У прэзідыуме сходу былі прадстаўнікі Вярхоўнага Савета і члены ўрада БССР. У цэнтры сядзеў сам юбіляр, дарагі ўсім чалавек — Якуб Колас. Ён быў вельмі ўсхваляваны: не чакаў, што ў такі цяжкі для краіны час яго будуць віншаваць.
Ад імя арміі, Ваеннай акадэміі і франтавікоў юбіляра вітаў Яўген Леашэня. У перапынку Якуб Колас падышоў да Яўгена Варфаламеевіча, паціснуў руку і падзякаваў за цёплыя словы. У лютым 1943 года адбыўся чарговы выпуск Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, і Яўген Леашэня запрасіў Якуба Коласа на ўрачыстасць.
У красавіку 1943 года Ваенная акадэмія імя Фрунзе (Леашэня тады працаваў начальнікам кафедры інжынерных войск — С.Ч.) вярталася ў Маскву. Альбярцінец пакідаў Ташкент. Цёплым вясновым надвячоркам 15 красавіка Яўген Варфаламеевіч развітаўся з Якубам Коласам.
У 1944 годзе Леашэня зноў накіраваўся на фронт. Пачаў перапісвацца з Якубам Коласам, расказваў пра вызваленую заходнюю частку Беларусі, пра сустрэчу з маці. Толькі ў 1954 годзе Яўген Леашэня вярнуўся ў Маскву. Зноў пачаў працаваць, аднавілася і перапіска з Якубам Коласам.
Неўзабаве альбярцінца перавялі працаваць за мяжу, і ліставанне з Якубам Коласам перапынілася. Толькі з газет даведаўся ён аб смерці беларускага песняра. Засталіся на ўсё жыццё цёплыя ўспаміны сустрэч і кніжка вершаў “Голас зямлі”, выдадзеная Дзяржаўным выдавецтвам Узбекістана да 60-годдзя паэта, з аўтографам: “На ўспамін земляку — палкоўніку Леашэню. Якуб Колас. Ташкент, .”.
У снежні 1981 года не стала і генерал-лейтэнанта Яўгена Леашэні — удзельніка трох войнаў (грамадзянскай, Другой сусветнай і вайны з Японіяй), які быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага.
У 1984 годзе вуліца, якая вядзе са Слоніма на мікрараён Альбярцін, пачала насіць яго імя, а на адным з будынкаў вуліцы была адкрыта мемарыяльная дошка. На жаль, цяпер гэтай шыльды няма, дзесьці прапала. І ніхто да сённяшняга дня не парупіўся яе знайсці, аднавіць, замацаваць на будынку. Тым не менш, старэйшыя альбярцінцы памятаюць свайго слыннага земляка Яўгена Леашэню.
Альбярцінец, які быў маршалкам Сейма Польшчы
Багата Слонімшчына на таленавітых людзей. Але лёс многіх з іх склаўся так, што ўсё сваё свядомае жыццё яны пражылі ў іншых краінах свету. Пра многіх пры іх жыцці мы нават і не ведалі.
Асабліва шмат слонімцаў жыве ў Польшчы. Нядаўна ўдалося адшукаць звесткі пра польскага палітыка, сацыёлага, публіцыста, доктара гуманітарных навук, прафесара Мікалая Казакевіча. Мікалай Казакевіч з 1989 да 1991 года быў маршалкам (спікерам парламента) Сейма Польшчы Х склікання, гэтак званага Кантрактнага Сейма.
Бацька Мікаля Казакевіча быў родам з Віцебшчыны. Калі пачалася рэвалюцыя ў Расіі ў 1917 годзе, ён дабравольцам пайшоў у польскую пятую Сібірскую дывізію генерала Чумы, якая супрацоўнічала з арміяй адмірала Калчака. Ад Калчака старэйшы Казакевіч нават атрымаў Георгіеўскі крыж. А калі ў 1920 годзе бальшавікі занялі Сібір, бацьку Мікалая Казакевіча ўзялі ў палон. Як палонны ён працаваў у адным з сібірскіх атрадаў, які шукаў серабро. Праўда, праз год, у выніку абмену ваеннапалоннымі, сям’я Казакевіч прыехала ў Слонім.