У Сібіры ў Казакевіча закахалася дачка Аляксея Чудагашава, які быў кіраўніком хакаскага племені манголаў, праваслаўнага веравызнання. Але яе маці была з роду Янкоўскіх, ды яшчэ каталічкай. Сям’я Чудагашавых займалася конегадоўляй і гандлявала з суседнім Кітаем. Пляменнікі Чудагашавых умела палявалі на собаляў і мелі вялікі прыбытак. Адным словам, сям’я Чудагашавых была даволі багатай, а таксама ўсе падтрымлівалі дзейнасць і палітыку Калчака і не любілі бальшавікоў.
У Сібіры ў сям’і Казакевіч нарадзіліся дачка і сын. Усе яны разам за некалькі месяцаў дабраліся да Слоніма. А высакародны арыстакрат Войцех Пуслоўскі падараваў Казакевічам у Альбярціне ўчастак зямлі і даў мажлівасць на гэтым участку пабудаваць дом. Акрамя гэтага, яны адкрылі яшчэ ў Альбярціне сваю харчова-прамысловую краму, а таксама сам гаспадар — паручнік у адстаўцы — атрымліваў штомесячную кампенсацыю з войска.
У 1923 годзе ў Альбярціне ў сям’і Казакевічаў нараджаецца сын Мікалай. Дзяцінства хлопчыка прайшло ў Альбярціне сярод беларускіх, польскіх і яўрэйскіх дзяцей. Але ў 1929 годзе Казакевічы пераязджаюць у Слонім. Гэта было звязана найперш з тым, што старэйшая сястра Мікалая паступае ў ліцэй і штодзённа дзесяць кіламетраў дадому са Слоніма ў Альбярцін было дабірацца цяжка.
У Слоніме Казакевічы пабудавалі вялікі драўляны дом, а побач адкрылі новую манапольную краму. Ды і бацька Мікалая, як ваенны інвалід, атрымаў ліцэнзію на гандаль гарэлкаю і тытунём. І хоць большая палова жыхароў Слоніма ў той час аддавала перавагу самагонцы і самасейцы, вайскоўцы і чыноўнікі горада над Шчарай былі пастаяннымі кліентамі іх крамы і менавіта яны давалі прыбытак сям’і.
У краме гандлявала маці. За гэтыя гады яна вывучыла польскую і беларускую мовы. На якой мове пакупнікі ў краме да яе звярталіся, на такой яна ім і адказвала. Ды і сяброў у сям’і Казакевічаў у Слоніме з кожным годам павялічвалася.
Мікалай з братам былі католікі, а сястра — праваслаўная. Але бывала так, што на святы ўсе разам наведвалі і каталіцкія, і праваслаўныя слонімскім храмы. Адным словам, у Слоніме Казакевічам жылося вельмі добра. Але калі сястра скончыла ліцэй і паступіла ў Віленскі універсітэт, нашы землякі ў Слоніме ўсё прадалі і пераехалі ў Вільню, дзе купілі трохі зямлі і невялікі домік на скрыжаванні вуліц Пілсудскага і Наваградскай.”На гэтым участку, — успамінаў Мікалай Казакевіч, — бацька планаваў пабудаваць мураваны дом з магазінам, а ўдалося яму толькі памяняць плот і пабудаваць мураваную пральню з пракладзеным водаправодам, унітазам і праточнай вадою. Гэта быў першы ўнітаз у маім жыцці. Будова планавалася пачацца ў 1939 годзе, але ў снежні 1938 года бацькі раптоўна не стала. Ён памёр ад запалення лёгкіх”.
Пасля смерці бацькі, для сям’і Казакевічаў наступілі нялёгкія часы. Але дзеці паціху атрымлівалі адукацыю. Мікалай, пасля агульнай школы, вучыўся ў мужчынскім ліцэі імя караля Зыгмунда Аўгуста, а потым — у беларускай гімназіі.
Калі пачалася вайна, юнак быў моцна паранены. А калі ачуняў, працаваў фізічна на розных работах. Пасля вайны нават быў арыштаваны органамі НКВД. З кіпцюроў НКВД дапамог вызваліцца ягоны сябра.
У другой палове 40-х гадоў Казакевічы пераязджаюць у Польшчу і Мікалай паступае на філасофскі факультэт Варшаўскага універсітэта, які закончыў са ступенню магістра. Пасля абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам.
У 1947 годзе наш зямляк уступае ў сялянскую партыю Стронніцтво людовэ, а пасля яе аб’яднання з партыяй З’едночонэ стронніцтво людовэ (ЗСЛ), быў яе сябрам і да канца яе дзейнасці (да 1989 года) прымаў актыўны удзел у партыйнай рабоце.
Падчас ваеннага становішча ў Польшчы Мікалай Казакевіч быў адным з заснавальнікаў і членам Прэзідыума Часовай краёвай рады Патрыятычнага руху нацыянальнага адраджэння Польшчы (1982-.г.). У 1985 годзе ўпершыню стаў дэпутатам Польскага Сейма. Быў намеснікам старшыні парламенцкай камісіі нацыянальнай адукацыі і моладзі, а таксама членам камісіі па навуцы і тэхнічнаму прагрэсу. У Сейме Х склікання (1989-.г.), выбраным згодна з рашэннем пагадненняў дасягнутых з дэмакратычнай апазіцыяй, выконваў абавязкі дэпутата ад партыі ЗСЛ, а пасля ад партыі Польске стронніцтво людовэ. З 4 ліпеня 1989 года быў спікерам парламента да датэрміновага яго роспуску. А ў 1991 годзе зноў абіраецца дэпутатам Сейма і прымае актыўны ўдзел у парламенцкіх камісіі замежных спраў, канстытуцыйнай камісіі Нацыянальнага Сходу, спецкамісіі па абмеркаванню праектаў канстытуцыйных законаў “Хартыя правоў і свабод”.