Выбрать главу

Яшчэ раз просім цябе – пішы нам. Мы будзем пісаць, як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.

Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л.Случаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П.Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у “Раніцу” аб’яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву – 8 год, і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту “Раніца” – Тодару Лебядзе. Аб’яву гэтую перарабляй, як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда”.

Цяжка сказаць ці была гэтая аб’яўка ў “Раніцы”, а вось невялікая рэцэнзія М.Сяднёва на зборнік “Песьні выгнаньня” была ў свой час надрукавана ў “Новай дарозе”(Беласток).

Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі чуткі, што ён, з’агітаваны савецкім афіцэрам, вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У маі 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Мінскай вобласці па арт. 63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, на гэты раз на 25 гадоў…

У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодар Лебяда, пакуль невядома. Вядома толькі, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму прыйшлося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І, толькі ў 1960 годзе ён прыязджае ў горад Слонім, уладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку “Альбярцін”. А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п’есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, як і пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў стварыць на фабрыцы драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Альбярціне ён напісаў п’есу ў трох актах “У нас, на Гродзеншчыне”, прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх — “Людзі ва Хрысце” — была надрукавана ў “Вольнай працы”.

Тодар Лебяда быў добры і апавядальнік. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.

Жывучы ў Альбярціне, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць і сваіх сяброў, найперш Уладзіміра Клішэвіча. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва” Георгій Валкавыцкі захаваў і перадаў мне пісьмо Пятра Шырокава ў “Ніву”, дзе ён, у прыватнасці, пісаў: “Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуце Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой Сусветнай вайны. Быў бы Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г. Слонім, пас. Альбярцін, вул. 17 верасня, д. 3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай — Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.”.

Просьба яго была рэдакцыяй выканана. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам...

1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Альбярцін. Ён прыехаў у горад Чэрвень Мінскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты “Уперад”. Піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо другі псеўданімам — Клім Каліна.

У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.

Шляхі-дарогі праз Альбярцін

Калі на Слонімшчыну прыязджаюць экскурсіі, а іх бывае штогод вельмі многа, турысты найперш спяшаюцца ў Альбярцін. Спяшаюцца не толькі паглядзець на палац Пуслоўскіх, але і прайсціся па слядах вядомых людзей, якія там пэўны час жылі.

У 1865 годзе Альбярцін наведаў вялікі беларускі мастак Напалеон Орда. Ён быў шчырым госцем у палацы Пуслоўскіх. А нам у спадчыну пакінуў дзве карціны — сядзібы і фабрыкі сукна Пуслоўскіх. Фотарэпрадукцыі гэтых карцін публікуюцца ў кнізе.