Выбрать главу

- Ты магчыма ніколі не жыла на марскім дне...

- Не,- прызналася Аліса.

- ... і хутчэй за ўсё не ведаеш, лобстэра...

(Аліса канечне хацела шляхетна прызнацца, што спрабавала яго калісьці, але зразумеўшы, што скажа глупства, толькі пахістала галавой)

- ... Тады ты і ўявіць сабе не зможаш, такога цудоўнага танца як Лобстэравая Кадрыль!

- Ой не!- сказала Аліса.- А як яго танчаць?!

- Як?!- казаў Грыфон.- Па-першае, трэба ўстаць у лінію на беразе...

- У дзве лініі!- закрычаў Чарапаха.- Цюлені, чарапахі, ласосі і гэтак далей; прастора ачышчаецца ад мядуз...

- ГЭТА займе колькі часу,- патлумачыў Грыфон.

- ... потым, усе становяцца па двая...

- ... кожны са сваім лобстэрам,- усклікнуў Грыфон.

- Зразумела,- падтрымаў яго Чарапаха,- становяцца па двая і рухаюцца наперад...

- ... потым мяняюцца лобстэрамі і працягваюць рух...- пряцягваў Грыфон.

- ... а потым,- закрычаў Чарапаха,- кідаюць...

- ... лобстэраў... – усклікнуў Грыфон, узлятаючы ў паветра.

- ... як мага далей у мора...

- ... плывуць за імі...- шалёна крыкнуў Грыфон.

- ... вяртаюцца назад. Гэта першая фігура,- сказаў Чарапаха, раптоўна сцішыўшы голас і дзве істоты, якія хвіліну таму шалёна прыгалі вакол, ціхінька селі на зямлю, гледзячы на дзяўчынку.

- Напэўна гэта вельмі прыгожы танец!- сарамліва прамовіла Аліса.

- А ці б хацела ты яго ўбачыць?- спытаў Фальшывы Чарапаха.

- Аёечкі! Вельмі б хацела,- пляснула ў далоні Аліса.

- Тады давай паспрабуем прадэманстраваць першую фігуру,- сказаў Чарапаха Грыфону.- Канечне прыйдзецца танчыць без лобстэраў... Так! Хто будзе спяваць?

- Вой, лепш ТЫ спявай,- сказаў Грыфон.- Я забыў словы.

Яны пачалі захопленна кружыцца вакол Алісы, час ад часу наступаючы ёй на ногі, калі набліжаліся надта блізенька і махалі лапамі ў такт, а Чарапаха тым часам пачаў спяваць, вельмі павольна і сумна:

“Рухайся хутчэй, браточак,- хек у смоўжыка прасіў,- Каб дэльфін, за мной плывучы, хвоцік мне не аддавіў. Лобстэры і чарапахі недзе ўперадзе імчаць І на беразе чакаюць, ці ты будзеш танцаваць? Ці ты будзеш, ці не будзеш, ці ты будзеш танцаваць? Ці ты будзеш, ці не будзеш разам з намі танцаваць? Не ўяўляеш, як выдатна,- хек працягваў спакушаць,- У празрыстай гладзі мора разам з лобстэрам лятаць!” Кажа смоўжык: “Задалёка будуць пэўна нас кідаць. Дзякуй, дружа, за прыязнасць, не пайду я танцаваць. Не пайду я, не хачу я, не пайду я танцаваць. Не пайду я, не хачу я, не хачу я танцаваць.” “Не хвалюйся за адлегласць, будзь, брат смоўжык, весялей. Там, дзе Англія, далёка, воды Францыі бліжэй. Ты заўжды ў блакіце мора зможаш сябра адшукаць, Не блядней, а разам з намі ты спяшайся танцаваць. Ці ты будзеш, ці не будзеш, ці ты будзеш танцаваць? Ці ты будзеш, ці не будзеш разам з намі танцаваць?”

- Дзякуй вам, за такое цікавае відовішча,- сказала Аліса, задаволеная, што танец урэшце скончыўся,- і песенька пра хека мне вельмі спадабалася!

- Наконт хека,- пацікавіўся Чарапаха,- ты канечне ж яго ведаеш!

- Так!- адказала дзяўчынка.- Ён колькі разоў быў у нас на аб...- яна тарапліва ўстрымалася.

- Не ведаю, дзе знаходзіцца твой Аб,- сказаў Чарапаха,- але, калі ты яго столькі бачыла, ты канечне ведаеш, як ён выглядае?

- Зразумела,- глыбакадумна адказала Аліса.- З хвастом у роце і ў сухарах.

- Ну наконт сухарэй ты памыляешся,- заўважыў Чарапаха,- мора хутка б іх змыла. А наконт хваста ў роце маеш рацыю...- Чарапаха пазяхнуў і заплюшчыў вочы...- Лепш ты ёй скажы,- звярнуўся ён да Грыфона.

- Справа ў тым,- казаў той,- што ён ЗАШМАТ любіць танцы з лобстэрамі. І яго, канечне, заўжды кідаюць у мора, і ён ляціць далёка-далёка, а хвост для раўнавагі трымае ў роце і потым, канечне, не можа яго выцягнуць. Вось.

- Дзякуй вялікі,- адказала Аліса,- вельмі цікава! Пра гэта я ніколі не ведала.

- Калі жадаеш, я магу расказаць яшчэ больш,- сказаў Грыфон.- Напрыклад, ведаеш, чаму ён называецца хекам

- Не! Я нават не думала аб гэтым!- пляснула ў далоні Аліса.- Чаму?

- ГЭТА ЎСЁ З-ЗА АБУТКУ,- ганарова адказаў Грыфон.

Аліса была надта здзіўленая.

- З-за абутку?!- здзіўлена паўтарыла яна.

- Уважліва паглядзі на свае чаравічкі,- сказаў Грыфон.- Думаю яны ў цябе сухія, так?

Аліса паглядзела ўніз і колькі часу разглядала свой абутак, перш чым даць адказ.