Выбрать главу

- Хм! Ніякага ўяўлення аб густу! Праспяваеш ёй “Чарапахавы суп”, старэча?

Чарапаха глыбока ўздыхнуў і пачаў спяваць, час ад часу зрываючыся на рыданні:

“Суп мой раскошны - зялёны і тлусты, Як устрымацца ад гэткай спакусы?! Ходзь, пакаштуеш, калі ты не глуп Сімвал вячэры - раскошны мой суп! Сімвал вячэры - раскошны мой суп! А ты ж раскошны мой су-уп! А ты ж раскошны мой су-уп! Сі-іімвал вячээ-эры, Самы раскошны мой суп! Калі есць суп, ну навошта дзічына, Бульба, кілбасы ці смажаніна? Хто ж не папросіць дадаці яшчэ Гэткага супу талерку ці дзве? Лепшага супу талерку ці дзве? А ты ж раскошны мой су-уп! А ты ж раскошны мой су-уп! Сі-іімвал вячээ-эры, Самы раско-оошны мой суп!”

- Яшчэ раз прыпеў,- крыкнуў Грыфон і толькі Чарапаха пачаў паўтараць, як на некаторай адлегласці пачуліся крыкі: “Суд пачынаецца!”

- Пабеглі,- закрычаў Грыфон і ўзяўшы Алісу за руку, шпарка пабег, не дачакаўшыся заканчэння песні.

- А што за суд, над кім?- запыхаўшыся ад бегу спытала Аліса, але Грыфон зноў крыкнуў: “Пабеглі!”, і паімчаўся хутчэй, а недзе здалёк, усё слабей і слабей, даносіліся разам з лёгкім ветрыкам маркотныя словы:

“Сі-іімвал вячээ-эры, Самы раскошны мой суп!”

Глава XI

Хто скраў ватрушкі?

Калі яны з’явіліся, Чырвовыя Кароль з Каралевай ужо сядзелі на троне, а вакол іх сабраўся вялізны натоўп разнастайных звяроў і птушак, а таксама ўся картачная калода. Перад усімі стаяў Валет, закаваны ў ланцугі. З абодвух бакоў ад яго стаялі салдаты аховы. Ля Караля стаяў Белы Трус з трубою ў адной лапцы і скруткам пергаменту ў другой. У цэнтры залы стаяў невялічкі стол з велізарнай талеркаю ватрушак, якія выглядалі так смачна, што ад аднаго погляду на іх Аліса адчула, што моцна згаладалася. “Хутчэй бы яны скончылі свой суд,- падумала яна,- і перайшлі да пачастунку!” Але здавалася, што няма аніякага шанца на гэта, і Аліса была вымушана працягваць аглядацца вакол, каб хаця як пабавіць час.

Дзяўчынка дагэтуль ніколі не была на судзе, але чытала пра яго ў кнігах, таму была задаволеная тым, што пазнае ўсіх удзельнікаў.

- Гэта суддзя,- сказала яна сабе,- таму што мае самы вялікі парык.

Суддзёй, між іншым, быў сам кароль, які начапіў сваю карону зверху парыка (глядзі на малюнак, калі хочаш даведацца, якім чынам ён гэта зрабіў), ад гэтага ён адчуваў сабе не вельмі ўтульна, ды і выглядала гэта не надта добра.

- А гэта прысяжныя,- вырашыла Аліса,- дванаццаць істотаў.

(Аніяк інакш іх было немагчыма назваць, бо сярод іх былі і птушкі, і жывёлы)

Яна прамовіла слова “прысяжныя” пра сябе два ці тры разы, моцна задаволеная тым, што не кожная дзяўчынка яе ўзросту зразумела б яго сэнс.

- А яшчэ іх можна было б назваць “калегіюм прысяжных”.

Усе дванаццаць з задуменным выглядам пісалі штосьці на сваіх дошках.

- Што яны пішуць?- шэптам спытала Аліса ў Грыфона.- Паседжанне ж яшчэ і не пачыналася!

- Пішуць свае імёны,- адказаў Грыфон,- каб не забыць іх да заканчэння суда.

- Глупства!- у голас раз’юшылася Аліса, але адразу ж супынілася, калі Белы Трус крыкнуў: “Цішыня ў судзе!”, а Кароль начапіў акуляры і баязліва азірнуўся па баках, каб даведацца, хто гэта сказаў.

Аліса, гледзячы праз плечы прысяжных, бачыла, як яны пачалі запісваць на дошках слова “глупства!”, дзяўчынка таксама пачула, як адзін з удзельнікаў калегіюму, які не ведаў, як правільна пісаць, пытаўся аб гэтым у суседа.

- Суд яшчэ не пачаўся, а ў прысяжных на дошках ужо і месца няма ад усемагчымай блытаніны!- падумала Аліса.

Крэйда аднаго з прысяжных моцна рыпела. Хутка гэта знервавала Алісу, і тады яна ціхінька прабралася ззаду і хутка адабрала ў істоты крэйду. Бедны маленечкі прысяжны ( гэта быў Яшчарка Біл) гэтага нават не паспеў заўважыць і зразумець, што здарылася, але не разгубіўся і працягваў пісаць пальцам, не гледзячы на тое, што палец не пакідаў на дошцы аніякіх слядоў.

- Герольд, чытайце абвінавачванне,- прыказаў Кароль.

Белы Трус тры разы пагудзеў у сваю трубу, раскруціў пергамент і выразна прачытаў наступнае:

“Аднойчы сабе Каралева спякла,

Слодыча на абед:

Але пачастунак той - колькі ватрушак,

Скраў злодзей Валет!”

- Вынесці прысуд!- прыказаў Кароль прысяжным.

- Чакайце Ваша Вялікасць, пакуль рана!- перапыніў яго Трус.- На пачатку трэба выслухаць сведкаў!