Выбрать главу

- ЛАДЫ, далей сэнс губляецца,- сказаў Кароль, азірнуўшыся вакол з усмешкаю на твары. Наступіла мёртвая цішыня.

- Гэта быў жарт,- пакрыўджана заўважыў ён, і толькі тады ўсе засмяяліся.- Прысяжныя, вынасіце ваш вярдзікт,- чарговы (пэўна ўжо дванаццаты за час суда) раз пачуўся каралеўскі загад.

- Не! Не! НЕ!- казала Каралева.- Спачатку прысуд, а потым ўжо вярдзікт.

- Поўная лухта,- моцным голасам заявіла Аліса.- Судзіць не знайшоўшы віны...

- Змоўкні!- вар’яцеючы рыкнула Каралева.

- Не хачу!- сказала дзяўчынка.

- Адсячыце ёй галаву!- завішчала Каралева, але ніхто не варухнуўся.

- Хто вы такія, каб вас баяцца,- заявіла Аліса, (вярнуўшаяся да свайго натуральнага росту.)- Звычайная картачная калода!

У гэты момант уся калода ўзляцела у паветра і пачала кружыцца ля Алісінай галавы: яна ўскрыкнула, ці то са страху, ці то з гневу і пачала махаць рукамі, каб ад іх адбіцца. Пакуль раптам не зразумела, што ляжыць на схіле, паклаўшы галаву на сястрынскія калені і адбіваецца ад сухога лісця, якое падае на яе твар з паркавых дрэў.

- Аліса. Прачынайся, сонейка маё,- ласкава сказала сястра.- Ты ўжо даволі доўга спіш!

- Які дзівосны сон я сніла!- заявіла Аліса і паведаміла ёй на памяць аб сваіх цудоўных прыгодах, якія вы прачыталі ў гэтай кніжцы. А калі Аліса скончыла свой аповед, сястра пацалавала яе і сказала:

- Маеш рацыю, твой сон сапраўды самы дзівосны з таго, што я чула. А цяпер бяжы дамоў па гарбату. Хуценька, хуценька!

Аліса паднялася на ногі і паспяшалася да дому, разважаючы па дарозе, якія ж дзівосы можна прысніць.

А яе сястра тым часам сядзела і не варушылася, паклаўшы галаву на руку і назіраючы за заходам сонца. Яе думкі былі аб маленькай Алісе і яе дзівосным сне, раптам яна напалову акунулася ў мроі малодшай сястры:

Яна зноў убачыла Алісу, якая абхапіла невялічкімі рукамі яе калені, якая пазірала на яе бліскучымі чакаючымі вачыма... Яна магла чуць голас малой, бачыць, як яна хіснула галавой, каб прыбраць непаслухмяны кудзерчык... Яна ўбачыла і пачула (ці ёй гэта толькі здалося), як ўся прастора вакол яе напоўнілася цудоўнымі істотамі з Алісінага сну.

Доўгай травой ля яе ног прашамацеў Белы Трус... Напалоханая Мыш запляскалася ў возеры... Вось яна пачула звон кубкаў, з якіх сваіх сяброў паіў гарбатай Сакавіцкі Заяц... Вось пранізлівы голас Каралевы пачаў пагражаць катаваннем... Вось немаўлятка-парсючок пачаў чхаць на каленях у Герцагіні, вакол якой ляталі блюда і талеркі... Пранізліва закрычаў Грыфон, зарыпела крэйда яшчаркі Біла, адчуўся віск прыгнечаных марскіх свінак і ўсё гэта змяшалася ў паветры з далёкімі стогнамі самотнага Фальшывага Чарапахі.

Яна сядзела, заплюшчыўшы вочы і нібы паверыла ў існаванне Цудакуту, між тым ведаючы, што як толькі вочы раскрыюцца ўсе знікне, ператварыўшыся ў сумную рэчаіснасць: травой зашамаціць вецер, шум на вадзе будзе з-за хістання трыснягу, звон кубкаў ператварыцца ў гук авечага званочка, крыкі Каралевы - ў голас пастушка, чханне немаўляці, крык Грыфону ды іншыя дзівосныя гукі ператворацца на шум з суседняй фермы, а енкі Фальшывага Чарапахі ў мыканне каровінага статку на далёкай пашы.

Потым яна ўявіла сабе, што праз колькі часу яе малодшая сястра ператворыцца ў прыгожую маладую жанчыну, і моцна пажадала, каб нават ў глыбокай старасці яна захавала простае і любячае сэрца дзіцяці. Каб яна збірала вакол сябе шматлікіх малых і, гледзячы на іх такімі ж бліскучымі вачыма, апавядала б ім дзівосныя гісторыі, у тым ліку і аб свёй вандроўцы па Цудакуце. Каб разумела іх простую маркоту і знаходзіла задавальненне ў іх радасцях, памятаючы ўласнае дзяцінства і гэтыя шчаслівыя летнія дні.

Канец