Выбрать главу

Якаў Фаміч. Дакаціліся! Тосты за сталом на сяброўскай вечарынцы пачалі па паперках гаварыць! Ведаеце, што сказаў пра гэта таварыш Пётр Першы?

Божашуткава. Я ж хацела, каб лепш… Арганізавана.

Якаў Фаміч. «Арганізавана»! Хутка ў сям’і будзем арганізаваныя папяровыя прамовы гаварыць, каб перад дзецьмі глупства не ляпнуць!.. Кічкайла! Узніміце на ногі ўсіх юрыстаў у горадзе. Знайдзіце любы артыкул, любую прычыну, каб неадкладна, зараз жа выгнаць яго з фабрыкі!

Кічкайла. Якаў Фаміч! Ён жа нас па судах зацягае!

Якаў Фаміч. У суд пойдзеце вы і… таварыш Божашуткава!

Кічкайла. У такім разе хачу зрабіць адну заяву. Прыміце да ведама… Калі мяне ўпякуць у турму за наўмыснае забойства, прашу не пакінуць маіх дзяцей.

Якаў Фаміч. Добра. Дзяцей не пакінем. Гэта я вам гарантую.

Заслона.

Карціна шостая

Пакой адпачынку. Тая ж абстаноўка, што і ў другой карціне. За сталом Варвара Феафілаўна Ягадка. Піша. Курыць. Перад ёю сядзіць заплаканая Зойка.

Ягадка. Чым вы яго хацелі ўдарыць?

Зойка. Бутэлькай…

Ягадка. Пустой ці поўнай? Калі пустой, гэта яшчэ паўбяды. А вось калі поўнай — гэта ўжо замах на жыццё чалавека!

Зойка. Здаецца, поўнай… Але ж я не ўдарыла яго, а толькі замахнулася.

Ягадка. Не хапала яшчэ, каб вы яму чэрап праламалі! У такім разе вы сядзелі б не перада мной, а перад следчым па крымінальных справах. (Піша.) «Не ўдарыла яго, а толькі замахнулася». Што вы пілі?

Зойка. Я?

Ягадка. І вы, і іншыя.

Зойка. Сухое віно, шампанскае і… каньяк.

Ягадка. Колькі?

Зойка. Бутэльку каньяку і дзве бутэлькі сухога. Потым Грыша… Салавейчык бутэльку шампанскага паставіў…

Ягадка. Гэта колькі ж атрымліваецца? Амаль па бутэльцы на брата. Нішто сабе вечарынка! А хто з вас пад сталом поўзаў?

Зойка. Ніхто.

Ягадка. Так-такі і ніхто?

Зойка. Дальбог, ніхто.

Ягадка. Ну добра. (Піша.)

Зойка. Мне ўжо можна ісці?

Ягадка. Ідзіце і добра падумайце аб сваёй будучыні. Мне шкада вас. Вы добрая дзяўчына… Скажыце, няхай зойдзе таварыш Божашуткава.

Зойка, усхліпваючы, выходзіць. Ягадка піша, курыць. Уваходзіць Божашуткава.

Божашуткава. Добры дзень…

Ягадка. Добры дзень… Сядайце. Варвара Феафілаўна Ягадка.

Божашуткава. Божашуткава… Рагнеда Іванаўна.

Ягадка доўга і ўважліва ўглядаецца ў Божашуткаву.

Паўза.

Ягадка. Галоўны канструктар?

Божашуткава. Так.

Ягадка. Адукацыя, безумоўна, вышэйшая?

Божашуткава. Так.

Ягадка. Курыце?

Божашуткава. Не.

Ягадка. П’яце?

Божашуткава. Прабачце, не разумею…

Ягадка жэстам адкручвае «вуха» на бутэльцы.

Ягадка. Гарэлку ці каньяк ужываеце?

Божашуткава (абражана). Ну што вы!

Ягадка. Дык на якога ж д’ябла вы ўблыталіся ў гэтую брудную справу? Вы! Чалавек з вышэйшай адукацыяй, галоўны канструктар і… калектыўная п’янка!

Божашуткава. Варвара Феафілаўна! Не было калектыўнай п’янкі!

Ягадка. А што было?

Божашуткава. У Салавейчыка быў дзень нараджэння. Мы вырашылі проста, як блізкія людзі, адзначыць разам з ім. Хацелі зрабіць чалавеку прыемнае. Тым больш што ён у адпачынак ад’язджаў. Гэта былі імяніны і праводзіны.

Ягадка. Ён вас запрашаў да сябе?

Божашуткава. Не, не запрашаў.

Ягадка. Ну вось бачыце! Не запрашаў! Вы прыйшлі самі! Прыйшлі са спіртнымі напіткамі… Хто падаў ідэю пайсці туды?

Паўза.

Божашуткава. Я прапанавала.

Ягадка. Значыць, гэта вы з’яўляецеся арганізатарам калектыўнай п’янкі?

Божашуткава. Не было калектыўнай п’янкі, Варвара Феафілаўна.

Ягадка. А што было?

Божашуткава. Культурнае мерапрыемства. Сяброўская вечарынка.

Ягадка. Нішто сабе мерапрыемства! Упіліся ўсе да ўпаду! (Заглядвае ў паперы перад сабой.) Вы што, сапраўды зваліліся пад стол?

Паўза.

Божашуткава (разгублена). Звалілася?.. Мы танцавалі, і я ўпала. Але не пад стол і не ад віна… Проста паслізнулася, калі танцавала…