Секержыцкі. З вашага дазволу. Ён назваў мяне… гнідай у акулярах.
Салавейчык (ускочыўшы). Няпраўда! Маніць ён! Не казаў я так!
Кічкайла. Сядайце, Салавейчык!
Божашуткава. І толькі? Ці ён яшчэ што-небудзь сказаў?
Секержыцкі. Ён сказаў… (Успамінае.) «Як трахну зараз па твайму курынаму чарапку, і нічога мне за гэта не будзе!»
Салавейчык (ускочыўшы). Маніць ён! Не было гэтага! Сам абзываўся, бэсціў рознымі брыдкімі словамі незнаёмага чалавека, а цяпер выкручваецца! Не выйдзе, грамадзянін Секержыцкі! Не выйдзе! Наш суд справядлівы, ён разбярэцца!
Божашуткава. Супакойцеся, Салавейчык. Грамадзянін Секержыцкі, хто-небудзь чуў, як ён вас зневажаў?
Секержыцкі. На шчасце, у кватэры нікога, апрача мяне, не было. Прабачце, унукі былі.
Божашуткава. Колькі ім?
Секержыцкі. Аднаму тры гадкі, другому пяць…
Божашуткава. Непаўналетнія. Іх паказанні не могуць быць прыняты… Цяпер давайце, грамадзянін Секержыцкі, адновім аб’ектыўную карціну таго, што здарылася… Незнаёмы чалавек стукаецца ў вашы дзверы і просіць адчыніць. Вы яго не ведаеце, як і не ведаеце таго, з якой мэтай ён стукаецца. Не ведаеце, але адразу ж пачынаеце зневажаць, пагражаць яму турмой і міліцыяй! Пасля таго як ён зайшоў у кватэру, зноў вы яго аблаялі на чым свет стаіць. Салавейчык… Таварыш Салавейчык вымушаны быў адплаціць вам той жа манетай. Разумееце? Быў вымушаны!
Секержыцкі. Так, так, разумею…
Божашуткава. Вядома, ніхто з нас не апраўдвае Салавейчыка. Але памылка, якая адбылася з ім, можа адбыцца з кожным. І калі мы пачнём караць людзей за памылкі… Што ж у нас з вамі атрымаецца, дарагія таварышы?
Галасы. Во-во!
— Правільна!
— Не Салавейчыка, а гэтага старога правакатара трэба судзіць!
Божашуткава. Вы, грамадзянін Секержыцкі, разумны, інтэлігентны чалавек, і раптам такое!.. Як жа так, га?
Секержыцкі. Прашу ўлічыць, што ён… быў з тапаром. І сапраўднай мэты яго візіту ў маю кватэру я не ведаў. Спадзяюся, гэта змякчае маю віну.
Божашуткава. У пэўнай ступені — так…
Кічкайла. У вас няма больш пытанняў?
Божашуткава. Няма. Усё ясна.
Кічкайла. Сядайце, грамадзянін Секержыцкі.
Секержыцкі. Дзякую… (Спатыкаючыся, ідзе на сваё месца.)
Ізабела (ускочыўшы). Спыніце гэтую… камедыю!
Галасы. Што такое?
— У чым справа? Што спыніць?
— Якую камедыю?
Ізабела. Я прапаную паклікаць сюды рабочых з цэха, дзе працуе Салавейчык! Няхай паглядзяць, што тут адбываецца!
Галасы. А мы што — не людзі?
— Мы таксама рабочыя.
— Разам з ім працуем!
Ізабела. Вы сабутэльнікі! Вы клакеры, а не рабочыя!
Бурнае абурэнне клакераў.
Божашуткава. Таварыш Дрозд! Не ператварайце суд у базар!
Ізабела. А вы не рабіце з яго пасмешышча!
Божашуткава. Вы забыліся, таварыш Дрозд, што рашаюць тут не прысутныя гледачы. Ні яны, ні вы не можаце зрабіць уплыў на рашэнне суда! І хто б тут ні прысутнічаў…
Ізабела. Але чаму вы не запрасілі сюды рабочых?
Бурнае абурэнне клакераў.
Кічкайла. Заклікаю да парадку!.. Пацярпеўшая Мажэйка!
Мажэйка (выходзіць да трыбуны). Тут.
Напэўна, такое ўражанне на прысутных зрабіла б жывая Венера Мілоская. Мажэйка надзвычай прыгожая.
Захапленне сярод мужчын.
Кічкайла. Ваша імя, імя па бацьку і прозвішча?
Мажэйка. Мажэйка Тамара Аляксандраўна.
Кічкайла. Месца работы? Род заняткаў?
Мажэйка. Кандытарская фабрыка. Работніца…
Хаценьчык. Колькі вам гадоў?
Мажэйка. Дваццаць два.
Хаценьчык. Замужам?
Мажэйка. Не…
Кічкайла. Што вы можаце сказаць нам пра тое, што адбылося ў нядзелю на беразе Камсамольскага возера?
Мажэйка. Усё сказана ў пратаколе. Мне дадаць няма чаго.
Божашуткава (перахопліваючы ініцыятыву). Скажыце, за што ён вас ударыў?
Мажэйка. Ён падышоў і папрасіў закурыць. Я адказала, што гэта не самы дасціпны ход, каб загаварыць з незнаёмай дзяўчынай. Потым ён сказаў нейкую гадасць. І я папрасіла яго пазбавіць мяне ад сваёй кампаніі.